Вы тут

Ісламская дзяржава знішчае ўсіх нязгодных, няважна мусульманін ты ці хрысціянін

Фота: Міжнароднага супрацьміннага цэнтра Узброеных Сіл Расіі ў вызваленым Алепа​

Жыццё сям'і Талалы Більтой — ілюстрацыя тулянняў і перасяленняў ураджэнцаў Каўказа, стагоддзямі гнаных войнамі з родных мясцін. У мінулым стагоддзі — у Турцыю, Палестыну, Сірыю, а цяпер ужо з Сірыі ў Турцыю і ў Еўропу.

Асобы сірыйскай вайны ў матэрыяле Каўказскага Вузла

Талал Більтой — сірыйскі чачэнец з Дамаска. Яго дзед яшчэ ў пачатку ХХ-га стагоддзя з'ехаў з Чачні ў Турцыю, а потым у Дамаск. Бацька нарадзіўся ўжо ў Сірыі. Маці — чаркешэнка, чыя сям'я перасялілася на Галанскія вышыні. Пасля вайны 1967-га года гэтая тэрыторыя перайшла пад кантроль Ізраіля, і сям'я чаркесаў была вымушана зноў пераязджаць — у Дамаск. Там і нарадзіўся Талал. Рускай мовы ён не ведае.

Цяпер Талал жыве ў горадзе Адана на поўдні Турцыі, куды пераехаў з-за вайны два з паловай гады таму. Сам был бежанец дапамагае бежанцам-суайчыннікам.

 

"Многія каўказскія паселішчы ў Сірыі разбураныя. Вайна паўплывала на ўсіх. Напрыклад, для маёй мамы гэта ўжо трэці пераезд. Кожны мае сваё меркаванне адносна вайны. Спрэчкі на гэтую тэму ўзнікаюць ўнутры каўказскай абшчыны. Некаторыя проста падзелены", — тлумачыць Талал.

Да вайны ў Сірыі Талал не ведаў, што такое беднасць. Яго бацька займаўся нерухомасцю ў Дамаску і добра забяспечваў сям'ю. "У 2011, калі пачалася вайна, мне было 18 гадоў. Я планаваў ажаніцца. У мяне быў уласны дом, я хацеў паступіць ва ўніверсітэт. Усё складалася вельмі добра", — успамінае ён.

Калі ваенныя дзеянні пачаліся ў сталіцы Сірыі, яму давялося з'ехаць. У тым ліку каб не ваяваць у сірыйскай арміі. З Дамаска Талал выбіраўся праз усю краіну, уключаючы Ракку, падкантрольную Ісламскай дзяржаве.

"У аўтобус зайшоў мужчына з нажом і спытаў, ці ёсць сярод нас салдаты. Усе маўчалі, — успамінае свой шлях чачэнец. — Ісламская дзяржава знішчае ўсіх нязгодных. Усё роўна, мусульманін ты ці хрысціянін. Ці ты іх падтрымліваеш, ці яны цябе забіваюць".

Успамінаючы руіны Хомса, Талал кажа, што падобнае ён раней бачыў хіба што ў галівудскіх фільмах.

"Падтрымліваючы адну сям'ю, мы глядзім, чаго не хапае яе суседзям. Калі ў сям'і ёсць хворыя дзеці, то трэба знайсці лекі. Турэцкі ўрад бясплатна дае медыкаменты ўсім сірыйцам. Калі патрэбен перакладчык з турэцкага, гэта таксама не праблема. Можна пайсці ў ААН, яны яго дадуць. Калі патрэбна зімовая вопратка, а тут вельмі халодна ўзімку, то ёсць магчымасць яе атрымаць", — распавядае Талал.

Часам атрымоўваецца знайсці спосаб аплаціць жыллё ўцекачам, як, напрыклад, сям'і шасцігадовай Хебы. Пасля года жыцця ў пакойчыку з бляшаным дахам сям'я нарэшце жыве ў нармальнай кватэры на ўскраіне Аданы.

Хеба перанесла 9 аперацый. Снарад трапіў у яе пакой у Алепа. Бацькі літаральна вынеслі яе з полымя. Бацька дзяўчынкі Мухамед Саджыр распавёў, што іх дом знаходзіўся ў грамадзянскім квартале, побач не было ваенных аб'ектаў — толькі школа і рынак. Апошнія 2,5 года сям'я прысвяціла сябе выратаванні Хебы. Яны дзякуюць сірыйскім валанцёрам, але наракаюць, што, хоць лячэнне для сірыйцаў бясплатнае, яно недастаткова якаснае.

У гэтым годзе Хеба пайшла ў школу, але не змагла працягваць навучанне — аднакласнікі смяяліся над яе шнарамі.

Талал з цяплом і клопатам распавядае пра людзей, якім дапамагае. У дэталях памятае гісторыю кожнага, з болем апісвае пакуты, якія давялося перажыць яго суайчыньнікам: "Я бачыў маленькага хлопчыка, які страціў усю сям'ю. Калі ўбачыў яго, то падумаў, як ён падобны на майго малодшага брата. Апошні раз я сустракаўся з братамі тры гады таму і вельмі засумаваў. У людзях, якім дапамагаю, я бачу сваю радню".

Сям'я Талала паспрабавала ўладкавацца ў Турцыі, але бацькам было складана знайсці працу, таму, калі ў іх раёне стала бяспечней, бацькі вярнуліся ў Дамаск. Першы час яны трымаліся дзякуючы каўказскай дыяспары ў Адане. Нават з'ехаўшы з Дамаска, выхадцы з Каўказу, дапамагаюць адзін аднаму.

"У Сірыі мы страцілі ўсе, а ў Турцыі нам няма чаго губляць. Мой жа брат захацеў паехаць у Еўропу. Праз Ізмір па моры дабраўся да Грэцыі, адкуль пешшу да Германіі, дзе і жыве", — дадае Талал. Па словах Талала, старэйшы брат заплаціў кантрабандыстам сем ці нават дзесяць тысяч даляраў, якія з цяжкасцю былі заробленыя ў Турцыі. Некаторыя бежанцы, паводле яго слоў, плацілі і больш.

У 24 гады Талал перастаў марыць. Ён хацеў бы ўбачыць бацькоў, але значна важней яму проста ведаць, што сям'я ў бяспецы. І ўсё ж валанцёру вельмі складана ўсведамляць, што ён можа дапамагаць іншым, але мала што здольны зрабіць для сваіх родных.

 

Аўтар: Наталля Гумянюк, Аляксандр Назараў, адмыслова для "Каўказскага вузла"

Новости других медиа
Загрузка...
Загрузка...

Галоўнае

Выбар рэдакцыі