Іосуб пра расійскі крэдыт: Грошы патрацяць па прызначэнні — на вяртанне даўгоў

Іосуб пра расійскі крэдыт: Грошы патрацяць па прызначэнні — на вяртанне даўгоў

Крэдыт ад Еўразійскага банка развіцця Беларусь патраціць на тое, каб пагасіць старыя пазыкі. Але першага транша ў 500 мільёнаў долараў не хопіць, каб вырашыць усе праблемы, таму ўмовы праграмы выканаюць, каб атрымаць наступныя траншы, кажа старшы аналітык Альпары Вадзім Іосуб.

"Гэтыя грошы могуць быць патрачаныя на адну мэту — вяртанне пазык. Задача гэтых грошай — каб іх праелі. Гэта не для інвестыцый, мадэрнізацыі ці будаўніцтва нейкага завода. І ніякіх сумневаў няма, што грошы патрацяць роўна па прызначэнні — на вяртанне знешняга доўга краіны. Што датычыцца перспектывы выканання праграмы і атрымання наступных траншаў, відавочна, што першы транш не здымае ўсіх праблем. Шмат чаго яшчэ трэба выплаціць, таму краіна моцна зацікаўленая, каб атрымаць наступныя траншы. Таму не ад уласнага жадання, а вымушана ўзгодненую праграму будзе выконваць".

Крэдыт будзе разбіт на 7 траншаў. Адной з умоваў іх атрымання — павелічэнне ўзроўню кампенсацыі насельніцтвам паслугаў ЖКГ да 70% да канца 2017 года. Сёння насельніцтва кампенсуе каля 30% і да канца года ўказам Лукашэнкі павышаць кошт паслуг забаронена. Атрымліваецца, што за 2017 год камунальныя паслугі падаражэюць адразу на 40%.

Іосуб: "Вельмі складана меркаваць, што будзе з тарыфамі ЖКГ на працягу бліжэйшых двух гадоў, памятаючы, што з імі адбывалася апошнія два месяцы. Я думаю, што калі будзе прынятае палітычнае рашэнне, гэта безумоўна зробяць. І гэта можа адбыцца па аналогіі з пенсійным узростам. Спачатку казалі, што трэба параіцца з народам, а літаральна на днях народ даведаўся, што з ім ужо параіліся і народ ухваліў прыняты план павышэнне пенсійнага ўзросту".

Дакладна можна сказаць, што цяпер беларусам не варта чакаць штучнага павышэння заробкаў, як гэта было ў папярэднія годы, дадае эксперт. Ні па 1000, ні па 500 долараў бліжэйшым часам беларусы мець не будуць. Хутчэй за ўсё, заробкі будуць роўна такімі, як дазваляе эканоміка краіны, і ніякім друкарскім станком ілюзію дабрабыту павышаць не будуць.

Рашэнне выдаць Беларусі крэдыт Еўразійскага банка развіцця Савет Еўразійскага фонду стабілізацыі і развіцця прыняў 25 сакавіка. Грошы выдадуць 7 траншамі на працягу 2016-2018 гадоў. Першы транш у 500 млн долараў павінны перавесці на працягу некалькіх дзён, бо Беларусь выканала ўсе ключавыя ўмовы ў рамках гэтага траншу. Астатнія 6 траншаў будуць пералічвацца па меры выканання адпаведных умоваў. Плануецца, што два траншы будуць вылучаныя Беларусі ў 2016 годзе, тры траншы — у 2017 годзе і адзін транш — у 2018 годзе.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі