Вы тут

Інжынера-канструктара "нафтана" арыштавалі за "экстрэмісцкі" лагатып TUT.by

Наваполацкага інжынера асудзілі за лагатып TUT.by на фота / БЕЛТА

41-гадовы інжынер-канструктар "Нафтана" Аляксандр Балонкін асуджаны на 15 сутак за фота ў Інстаграме, пішуць праваабаронцы "Вясны". 

Мужчыну, які з’яўляецца намеснікам кіраўніка незалежнага прафсаюза работнікаў "Нафтана", затрымалі яшчэ 27 верасня на працоўным месцы. Міліцыянты склалі на яго пратакол па арт. 19.11 КаАП (распаўсюд інфармацыйнай прадукцыі, якая змяшчае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці або прапагандуе такую дзейнасць). Нагодай стала фота Балонкіна з плакатам "Я/МЫ TUT.by". На думку міліцыянтаў, Аляксандр "распаўсюдзіў інфармацыйны прадукт, уключаны ў рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў"

У Беларусі сайт TUT.by уключаны ў лік экстрэмісцкіх, у тым ліку — і яго лагатып.

1 кастрычніка справу Балонкіна разглядаела суддзя Наваполацкага раёна Зінаіда Балаболава. Балонкін на судзе заявіў, што не мае ў Інстаграме ўласнай старонкі і не ведае, каму належыць публікацыя. Аднак яго ўсё адно асудзілі за "экстрэмісцкі" лагатып на фота.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.