Вы тут

"Інтэрфакс": на марш выйшла больш за 100 тысяч мінчан. МУС кажа, што менш

Марш салідарнасці ў Мінску 27 верасня 2020 года / Еўрарадыё

У Мінску ў нядзельным маршы "Народная інаўгурацыя" ўзялі ўдзел больш за 100 тысяч чалавек. Такую ацэнку дае агенства "Інтэрфакс". Пратэстоўцы сабраліся каля Стэлы ў раёне 15:00 і прайшоўшы 12 кіламетраў разышліся каля 19:00 ля станцыі метро "Уручча". Па паведамленні журналістаў Еўрарадыё, пасля заканчэння маршу ў раёне метро пачаліся затрыманні.

Тым часам МУС паведамляе аб зніжэнні маштабу пратэстаў па ўсёй краіне. Прэс-сакратарка міністэрства Вольга Чамаданава распавяла БЕЛТА, што ў Гродне, Гомелі і Магілёве акцыі супраць рэжыму Лукашэнкі сабралі некалькі сотняў чалавек.

"Мерапрыемствы прайшлі вельмі хутка і ўжо па стане на 17.00 былі завершаны", — заявіла Чамаданава. Яна пацвердзіла інфармацыю аб прымяненні супраць пратэстоўцаў у Гомелі спецсродкаў і адзначыла, што па краіне затрымана не больш за 200 чалавек — "актыўных удзельнікаў пратэстных акцый, якія выкарыстоўвалі ў тым ліку незарэгістраваную сімволіку, выкрыквалі заклікі".

Цікава, што па падліках МУС, у суботу 26-га верасня ў пратэстных акцыях па краіне ўдзельнічала не больш за 300 чалавек. А на мітынгі "у падтрымку міру, бяспекі і спакою" выйшлі 40 тысяч. Праўда, іх ніхто не бачыў.

 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.