Індусы-канатаходцы ў крымінальнай справе пакуль не фігуруюць

121212_koush.mp3

Віталя Каўша вінавацяць у арганізацыі нелегальнай міграцыі, судовы працэс пачаўся 10 снежня і адразу быў адкладзены. Суддзя Брэсцкага раённага суда Мікалай Сенька задаволіў хадайніцтва абвінавачанага аб больш падрабязным вывучэнні матэрыялаў справы і прызначыў наступнае пасяджэнне на 27 снежня. Акурат на Дзень нараджэння жонкі грамадскага актывіста Жанны Коўш:


“Падаруначак такі мне на дзень нараджэння зрабіў суддзя… Зразумела, святкаваць ніяк не выпадае, праблемы ў сям’і, з мужам, не да весялосці, не да святаў. Такая бяда, такая згуба нерваў…”


На першым судовым разбіральніцтве Жанна Коўш не была з-за хваробы. Апускаць рукі жанчына не збіраецца:

“Лічу, як жонка Віталіка, мушу яго бараніць. Трэба асвятляць, што адбываецца ў краіне. Будзеш маўчаць, не будзеш маўчаць — у нашай краіне ўсё роўна будзе так, як будзе. Калі чалавек вінаваты, ён якраз і будзе баяцца згадак лішні раз у прэсе, бо пачуваецца вінаватым…пастараецца прыхаваць справу. А калі ён ні ў чым не вінаваты, калі яму няма чаго хаваць, тады навошта баяцца СМІ…”


Перажывае за Віталя і яго маці, Генрыка Станіславаўна, якая прыехала на суд з Ваўкавыска. Каментаваць справу супраць сына яна адмовілася, сціпла расказаўшы пра сына:

“Сёння пайшла забіраць даведку ва ўніверсітэт, сустрэлі выкладчыкі, якія яго вучылі… Успомнілі яго, сказалі, які добрасумленны, адказны быў студэнт, а самае галоўнае — добры чалавек”.


Як гісторык, 28-гадовы Віталь збіраў матэрыял для краязнаўчай кнігі пра родную Ваўкавышчыну, як індывідуальны прадпрымальнік аказваў паслугі ў афармленні дакументаў для атрымання польскіх віз.

Брэсцкі праваабаронца Раман Кісляк выказаўся наконт магчымай сувязі справы Каўша і судовага працэсу ў польскім Любліне, дзе разглядаюць справу беларуса-маёра памежных войскаў, якога вінавацяць у арганізацыі каля Брэста канала для перапраўкі ў Еўрасаюз нелегальных мігрантаў:

“Ёсць інфармацыя пра існаванне такіх калідораў. Прычым, паўсюднае. Але, наколькі гэта звязана… Не дастаткова пакуль інфармацыі, каб зрабіць такія паралелі. Калі яе стане больш, можна будзе больш дакладна зрабіць высновы”.


Нагадаем, у траўні былі затрыманыя восем індусаў, якія спрабавалі прайсці па канаце над калючай агароджай праз беларуска-польскую мяжу пад Брэстам. У ліпені грамадзян Індыі дэпартавалі. Двое з іх пазней засведчылі, што ў ізалятары іх марылі голадам, катавалі, чым змусілі агаварыць невядомых людзей. Відэазапіс з прызнаннем індусаў быў размешчаны ў інтэрнэце. Самога Віталя арыштавалі перад парламенцкімі выбарамі, падчас затрымання людзі ў спартовых касцюмах збілі яго на вачох жонкі і сына, і звезлі ў невядомым кірунку, некалькі дзён сям’я нічога не ведала пра лёс Віталя.

Спецыяльна для праваабарончай праграмы “Кардыяграма”

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі