Ільготны пераход у ЧУП абыйшоўся прадпрымальніку ў 2.085$

Каб стаць унітарным прадпрыемствам, іпэшніку-маршрутчыку трэба спачатку заплаціць грошы, а пасля тыдзень прастойваць свае машыны.

Такую суму заплаціў індывідуальны прадпрымальнік Юрый, які займаецца маршрутным таксі. Ён ўзрушаны: за тыдзень прастою дзвюх машын, час які патрэбны для перарэгістрацыі, Юрый згубіць 1,5 тысячы долараў. Да гэтага трэба дадаць яшчэ падаткі, паслугі юрыстаў, і атрымаецца кругленькая сума - 2085 долараў.

У прадпрымальніка Юрыя два маршрутныя таксі і тры кіроўцы. З Новага года ён афіцыйна зменіць свой статус. На пытанне, як вырашыў стаць юрыдычнай асобай, Юрый адказвае, што ўказ прэзідэнта не можа праігнараваць: калі застанецца іпэшнікам, тады з 1 студзеня ніводная машына не выйдзе на лінію. Ён думаў да апошняга моманту, і 9 лістапада аднёс дакументы на перарэгістрацыю. Застацца працаваць ІП - проста нерэальна: жонка і ніхто з сваякоў не ўмеюць вадзіць аўтамабіль.

Юрый: А каго я найму? Жонка не каціць, а хто лічыцца сваякамі - зусім незразумела: брат, сват ці зяць.

Яшчэ адзін варыянт - сесці самому за руль і, адкатаўшы па горадзе 8 гадзін, ехаць у гараж. Толькі пасля васьмігадзіннага перапынку ІП ізноў зможа прыступіць да працы. Але такі варыянт Юрыя не задавальняе.

Загадзя сумняецца, ці пацягне ўнітарнае прадпрыемства, але дакументы на перарэгістрацыю падаў.

Юрый: Са старымі машынамі там стратна (у ЧУПах) і дрэнна працаваць, таму што падатак там плоцяць з усіх грошай. Напрыклад, я зарабіў 10 мільёнаў, чатыры аддам на паліва, чатыры – на рамонт, на запчасткі, а астатняе - падатак. Застаецца па нулях. З указам прэзідэнта я не змагу працаваць, нас прымушаюць.

Пераход па льготнай схеме Юрыю выльецца ў буйную суму: у час перарэгістрацыі яму прыйдзецца заплаціць двайны падатак за месяц - і за дзейнасць ІП, і за дзейнасць ЧУП ( +100 еўра) ; тыдзень прастою машын – гэта яшчэ 1,5 тысячы долараў і 300 еўра за юрыста і іншыя паслугі. Вось і атрымоўваецца, што льготны пераход каштуе 2085 долараў. Яшчэ адзін момант, які яго засмучае: за тое, што юрыдычны адрас будзе знаходзіцца ва ўласнай кватэры, камунальныя плацяжы стануць у два разы больш.

Яшчэ адзін прадпрымальнік-маршрутчык Валерый Грушэўскі стварае сямейны ЧУП: у снежні ён, яго дачка і зяць створаць тры самастойныя ЧУПы. Валерый Грушэўскі падаў дакументы на перарэгістрацыю, і ўжо 20 лістапада ўсе дакументы былі аформленыя, але ён не спяшаецца іх забіраць. За 10 дзён Валерый не паспее перааформіць разліковы рахунак, пячатку, касавы апарат і ліцэнзійную картку, таму ён яшчэ на месяц працягнуў дзейнасць ІП, каб не плаціць двайны падатак за лістапад і снежань (+200 еўра). Нягледзячы на такія выдаткі, ён не шкадуе, што падаў заяву да 10 лістапада: зараз за перарэгістрацыю трэба яшчэ аддаць дадатковую тысячу долараў.

Ён будзе пераходзіць у ЧУП разам з дачкой і зяцем, але кожны паасобку. Інакш яны проста не змогуць працаваць.

Валерый Грушэўскі: Зараз я, дачка і зяць - тры ІП. І калі мы хочам стварыць адно ЧУП, у нас няма праблем, але ўзніклі праблемы з квотамі: нам іх не пакідаюць. Калі я афармляю ЧУП на зяця, то яму не аддаюць мае квоты і дачкі. І на маё пытанне, чаму не пакінуць за намі квоты, адзін адказ: згодна з указам прэзідэнта – гэта юрыдычна незаконна. Я вымушаны рэгістраваць тры ЧУПы замест аднаго.

Старшыня Беларускага саюза прадпрымальнікаў Аляксандр Патупа расказаў Еўрарадыё схему, пры якой можна працаваць у якасці ІП: з раніцы да абеда ездзіць самому за рулём, а потым здаваць сваю “маршрутку” іншаму прадпрымальніку ў арэнду, і гэта не забараняецца законам.

Еўрарадыё спрабавала высветліць, колькі ІП выказалі сваё жаданне стаць ЧУПамі пасля 10 лістапада. Аказалася, што такой статыстыкі нідзе не вядуць. Па словах старшыні ўпраўлення дзяржрэгістрацыі Міністэрства юстыцыі Ніны Дубовік, зараз ніхто гэта спецыяльна не адсочвае. Вядома, што за 16 дзён было створана 747 ЧУПаў, але гэта не значыць, што ўсе ўнітарныя прадпрыемствы былі створаны толькі індывідуальнымі прадпрымальнікамі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі