Hurts у Мінску: "Прыйшоў, пабачыў, пацярпеў!"

11 кастрычніка ў Мінску выступілі Hurts. Гурт, які цалкам абгрунтавана называюць лепшым канцэртным складам апошняга лета, не расчараваў: гук і шоў былі выдатныя, а струнны квартэт, які Адам і Тэа прыхапілі з сабой, каб танцпол затапіла ад слёз фанатак, гучаў не горш за аркестр пад кіраўніцтвам Аляксандра Анісімава, які стаяў на сцэне Палаца спорта напярэдадні — разам з украінскім гуртом "Океан Ельзи".


Як заўжды, у эпіцэнтр падзеяў трапілі карэспандэнты Еўрарадыё! Глядзіце наш фотарэпартаж з канцэрту Hurts.

 

На ўваходзе ў Палац спорту Еўрарадыё са здзіўленнем пабачыла чалавека з відэакамерай. Ён здымаў наведнікаў канцэрта Hurts, нібыта яны ішлі не ў глядацкую залю, а на акцыю масавага бяздзеяння. “Вось яно! Як толькі ў залі пачнуць пляскаць — з’явіцца спецназ і ўсіх пакладзе!” — за імгненне пранеслася ў галаве. Але чалавек гэты, хаця і прадставіўся супрацоўнікам ГУУС, патлумачыў, што здымае “на ўсялякі выпадак: а раптам хто-небудзь захоча што-небудзь не тое пранесці”. Тым часам танцпол і абсалютна пустая трыбуна ўжо хвілінаў 15 разаграваліся пад беларусаў Open Space.

 

Самыя адданыя фанаты Hurts прыйшлі ў Палац спорту за гадзіну да пачатку разагрэву

 

 

Падчас паўгадзіннага сэта Open Space прэзентавалі гледачам песню з новага альбома

 

 

Паслухаўшы Open Space, Еўрарадыё выправілася паразмаўляць з прыхільнічамі Hurts. "Я ведаю, што гэта такі брытанскі гурт, і ведаю назвы дзвюх песень, — прызналася нам прыгожая дзяўчынка Юля. — А прычына таго, што я дагэтуль не на танцполе — вось гэты блінчык з курыцай!"

 

Фанаткі добра падрыхтаваліся да канцэрта

 

 

"Большасць людзей, якія сёння прыйшлі на канцэрт — гэта не фанаты Hurts. Проста Hutrs — гэта вельмі прыгожая музыка, а яны, хутчэй, прыхільнікі стыля, чым якога-небудзь канкрэтнага гурта! Ну і да таго ж, зараз Hurts — гэта модна. Нарэшце да Беларусі даехаў нехта сапраўды модны!" — шчыруе Аляксей — малады чалавек, апрануты ў белую кашулю і чорную жылетку, што выдае ў ім знаўцу творчасці маладых брытанцаў".

 

 

 

Сапраўды, мужчыны, якія прыйшлі на канцэрт Hurts, з большага не выглядалі як фанаты гурта. Пакуль іх сяброўкі адрываліся напоўніцу, яны слупамі стаялі на танцполе, відаць, не разумеючы, за што аддалі больш за 200 тысяч рублёў. Дарэчы, бакавыя трыбуны Палаца спорту так і не былі занятыя гледачамі: беларусы пакуль што не гатовыя плаціць добрыя грошы за гурт, які мае толькі 1 альбом з 14 песень. Няхай сабе гэта і самі Hurts.

 

 

 

Але дзяўчыны, якія выпрасілі ў сваіх хлопцаў квіткі, ведалі, куды і дзеля чаго ішлі. Заля радасна сустракала кожную ноту і кожную эмоцыю ад Hurts. Адам і Тэа, якія падчас працы над альбомам "Happiness" былі самымі няшчаснымі людзьмі на зямлі, папросту купаліся ў каханні! А мужыкі... Ну што ж: “Прыйшоў, пабачыў, пацярпеў”. Абы дзяўчынкі былі задаволеныя.

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі