Хто заваліў ідэю адзінага кандыдата

Лёс правядзення Кангрэса, на якім ужо паўгода плануюць выбраць адзінага кандыдата на прэзідэнцкія выбары ад апазіцыі, цяпер фактычна ў руках Анатоля Лябедзькі з АГП і Сяргея Калякіна са “Справядлівага свету”. Калі нехта з іх паставіць подпіс пад працэдурай правядзення Кангрэса — ён пройдзе.

Лідар Партыі БНФ Аляксей Янукевіч гаворыць, што Кангрэс тармозяць у АГП: “Калі Лябедзька ставіць подпіс, гэта азначае, што працэдура запускаецца. Чым далей Лябедзька думае, тым далей ссоўваецца перспектыва часу правядзення Кангрэсу і выхаду адзінага кандыдата на фінішную лінію кампаніі. Але калі подпіс ставіцца, то цягам двух тыдняў па працэдуры ўсе патэнцыйныя кандыдаты павінныя заявіцца. Тады трэба будзе і спадару Анатолю фармальна заявіцца”.

Анатоль Лябедзька ў сваю чаргу настойвае: акрамя яго, кандыдатаў на тое, каб стаць адзіным, пакуль няма. А таму ён гатовы ставіць свой подпіс пад дакументам толькі ў тым выпадку, калі апаненты агучаць імёны іншых магчымых прэтэндэнтаў. Калі такіх імёнаў няма — і гаварыць няма аб чым. Не падпіша. Ганаровы старшыня АГП Багданкевіч увогуле здзіўляецца, навошта патрэбны той Кангрэс, калі ёсць толькі адзін магчымы кандыдат Лябедзька.

З такой пазіцыяй лідара АГП не згодны нават Павел Севярынец. На думку сустаршыні БХД, адзінага кандыдата павінен абіраць толькі Кангрэс. А прэтэндэнты і акрамя Лябедзькі з’явяцца: “Сапраўды, Лябедзька даўно пра гэта заявіў, і ён адзіны, хто пастаянна гэта сцвярджае. Але не думаю, што гэта прычына для таго, каб усім разам зараз брацца на яго працаваць. Мы ўсе разумеем, што так не будзе. Калі нават высветліцца, што апроч Лябедзькі, няма нікога, хто хоча ўлазіць у гэтую плойму праблем, то ўсё роўна, каб праводзіць кампанію, неабходны Кангрэс, легітымізацыя гэтага выбару ў вачах беларусаў”.

Невырашальная задача. Лябедзька не хоча Кангрэсу, бо не ведае імёнаў магчымых канкурэнтаў, а іншыя не хочуць называць імёнаў, бо збіраюцца вызначыць іх падчас падрыхтоўкі да Кангрэса. Зачараванае кола без шансаў на разумнае выйсце.

Рашучую і нечаканую кропку ў гэтай вясёлай гісторыі можа паставіць Сяргей Калякін. Падпіша ён паперу з парадкам правядзення Кангрэсу — і яна набывае моц. Пяцёрка стане шасцёркай, Лябедзька застанецца зусім адзін. Але Калякін пакуль не вызначыўся і увогуле мае свой нечаканы погляд на падзеі:

“У мяне такое ўражанне складваецца, што яны самі не хочуць праводзіць Кангрэс і цяпер шукаюць, каго можна абвінаваціць у адмове ад яго правядзення”, — мяркуе лідар экс-камуністаў. І дадае, што сам не супраць стаць кандыдатам.

Так што, відаць, адзінага дакладна не будзе. А калі б ён і быў, то працаваць на яго падчас выбарчай кампаніі ўсе разам дакладна б не пагадзіліся. З такімі амбіцыямі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі