Хто з прадпрымальнікаў усё ж гандлюе з сертыфікатамі і чаму

“Увесь тавар сертыфікаваны” — убачыць такую налепку на гандлёвай кропцы з вопраткай альбо абуткам можна даволі рэдка. Ва ўсім сталічным “Імпульсе” знаходжу толькі дзве такія. Адна гандлюе сукенкамі, іншая — жаночымі паліто. Кошты прыкладна такія ж, як у несертыфікаваных суседзяў. Прадаўцы тлумачаць гэта вялікімі аб’ёмамі продажу — уласнік мае адразу некалькі гандлёвых кропак па ўсім горадзе, у выніку выдаткі на сертыфікаты “размазваюцца” на значна большы аб’ём тавару. “Купляюць людзі. Не вельмі актыўна, але купляюць. Але гэта ва ўсіх цяпер так, не толькі ў нас”, — расказваюць прадаўцы.

У суседнім з “Імпульсам” “Пасажы” чую, што “па сертыфікатах” тут працуюць збольшага прадаўцы бялізны. Іх абавязалі мець дакументы на тавар некалькі гадоў таму і прадпрымальнікі збольшага прыстасаваліся — “нехта закрыўся, але большасць працуе”. Яшчэ раяць зайсці ў краму, якая належыць не іпэшніку, а невялікай фірме. Маўляў, “у іх там даўно іншыя правілы, яны маюць дакументы”. Заходжу, бачу там абутак вядомых брэндаў. Кошты — ад 800 тысяч. Гэта са зніжкай па акцыі. У сярэднім пара чаравікаў тут каштуе паўтара мільёна. Прадавец расказвае, што на выніковы кошт такога абутку аплата сертыфікатаў не асабліва ўплывае.

Па мінскім гандлёвым цэнтры “Зеркало” ў пошуках сертыфікаванага тавару хаджу хвілін дваццаць. “Малады чалавек, тут такіх няма амаль. Сертыфікаты рабілі тыя, хто гандлюе дарагімі рэчамі. На іх кошце пры добрым аб’ёме цана сертыфікату амаль не адбіваецца. Але гэтыя кропкі цяпер збольшага закрытыя — няма пакупнікоў”, — расказвае Алена, якая гандлюе “танным але нармальным жаночым абуткам”.

Сертыфікатаў якасці ўладальнік яе кропкі рабіць не будзе, бо “няма сэнсу”. Пара чаравікаў, якія цяпер неахвотна купляюць за 400 тысяч, па яе словах, падаражэе “прыкладна на 30%”.

Іншыя гандляры падказваюць кропку з брэндавай вопраткай, у якой “усё толькі па дакументах”. Але кропка зачыненая. Кажуць, да лепшых часоў, калі крызіс скончыцца і пакупнікоў стане больш.

Заходжу ў краму з фірмовай вопраткай і абуткам побач з гандлёвымі цэнтрамі. Тут усё па-багатаму, з дакументамі. Кошты у 2-3 разы вышэйшыя, чым у прыватнікаў. Тавар пры гэтым выглядае ў столькі ж разоў лепш.

Калі сертыфікаты якасці стануць абавязковымі для ўсіх іпэшнікаў?

Згодна з апошнімі абяцаннямі прэм’ер-міністра Кабякова — з 1 студзеня 2016 года. Раней урад абяцаў абавязаць усіх працаваць па сертыфікатах з 1 сакавіка 2015. Так напісана ва Указе №222, які дагэтуль не скасаваны. Аднак дзякуючы “чэснаму слову” намесніка міністра эканомікі Дзмітрыя Крутога іх пакуль не штрафуюць за адсутнасць дакументаў (на 9 мільёнаў кожнага).

Чаму іпэшнікі не хочуць рабіць сертыфікаты?

Прычына першая — гэта дорага і значна павысіць выніковы кошт тавару, які і так не вельмі добра купляюць у крызіс. Прычына другая — прадпрымальнікі хочуць прадаваць у Беларусі тавар з дакументамі, атрыманымі падчас яго пакупкі на аптовых базах у Расіі. Але там такія сертыфікаты ім не даюць.

Чаму урад хоча прымусіць індывідуальных прадпрымальнікаў мець сертыфікаты?

Версія афіцыйная — каб прыдаць гандлю вопраткай і абуткам цывілізаваны выгляд. Версія неафіцыйная — каб узняць з кален беларускую лёгкую прамысловасць, прымусіўшы іпэшнікаў гандляваць айчыннай вопраткай.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі