Хто ў Беларусі дармаед?

Еўрарадыё спыталася ў мінчукоў, хто ў Беларусі – дармаед? 

 “Дармаед – той, хто не працуе, − гаворыць Марыя Сцяпанаўна, пенсіянерка. − Усе павінны працаваць і плаціць унёскі. Мне 75 гадоў, і я вось толькі зараз звольнілася. Працавала і плаціла ўнёскі”. Дэкрэт аб дармаедах жанчына падтрымлівае безагаворачна.

Неўзабаве сустракаю чыстай вады дармаедку! Эканамістка Алена спяшаецца некуды з боку чыгуначнага вакзала.

“Я цяпер належу да дармаедак… атрымліваецца. Нідзе не працую зараз, бо пераязджаю якраз, шукаю працу. Згодна з законам (не ведаю, яго прынялі – не прынялі), дармаеды – гэта людзі, якія маглі б працаваць фізічна, але не робяць гэтага. Маральна я сябе не адношу да дармаедаў”, − шчыра прызнаецца Алена.

Стыльна апранутая жанчына смачна пацягвае цыгарэтку, прадстаўляцца не хоча. Яе адказ больш заблытаны:

“Калі чалавек стаіць на службе занятасці і не знаходзіць – гэта не дармаед. І калі стаіць на службе занятасці, але не шукае працу, – думаю, таксама не дармаед”, − выдае жанчына.

Прахожы ў Міхайлаўскім скверы гаворыць, што працуе ў суседнім будынку і паказвае на… Мінгарвыканкам. Пытаюся ў чыноўніка, ці ёсць сярод знаёмых дармаеды.

“А калі чалавек шукае працу даўно – ён не дармаед. Раптам ён чакае высокага заробку ці нейкай “сваёй” працы?  Хіба ён дармаед? Жанчын, якія выхоўваюць дзяцей, таксама нельга аднесці да гэтай катэгорыі. Нават у савецкія часы жанчыне, якая выхоўвала дзетак, дзяржава выплачвала мінімальную, мо 40 рублёў, пенсію”, − разважае мужчына.

Прызнаецца, што і ў яго на працы ёсць катэгорыі людзей, якія не хочуць працаваць. “Але гэта не дармаеды, а проста лайдакі! У любой арганізацыі яны ёсць”.

Юрый спяшаецца на працу. Каго аднесці да дармаедаў, не ведае, бо пытанне складанае. Але дакладна не хатніх гаспадыняў, нават калі яны не выхоўваюць дзетак, а проста знаходзяцца дома.

“Жанчыны ж у нас першыя працаўніцы, усё на сабе цягнуць. Я б усіх жанчын дамоў адправіў. Пахаць павінен мужык, але пры ўмове, што яму дадуць дастойны заробак, каб забяспечваць сям’ю. Жанчыны ж павінны чакаць мужчын дома, быць прыгожымі і радавацца жыццю”, − выказваецца Юрый. На яго думку, дармаедамі могуць звацца бамжы ды алкаголікі, якія нідзе не працуюць. Але як іх палічыць і тым больш патрэбаваць грошы?

Мінчук Зміцер упэўнены, што той,  хто зарабляе на біржы, быццам бы не дармаед:

“Галава працуе – не дармаед. Але трэба даваць працэнты дзяржаве за тое, што ў цябе галава працуе. Бамжы, хатнія гаспадыні, алкаголікі – гэта дармаеды, ёсць рукі−ногі – чаму б не працаваць?”, − прыходзіць да высновы Зміцер. Хатнія гаспадыні то станавіліся дармаедкамі, то не. Маўляў, нельга жанчын называць дармаедкамі, бо дома яны таксама працуюць – на кухні!

Студэнт Аляксей дакладна ведае: той, хто не працуе – дармаед. Але потым задае сабе пытанне, ці не дармаед ён сам?

“Я студэнт – я дармаед ці не? Хто за мяне гэтыя ўнёскі плаціць?”.

Затрымка ўзнікае з бамжамі – яны дармаеды ці не? Калі чалавек нідзе не працуе, але і не карыстаецца сацыяльнымі дабротамі, – ці павінен ён нешта аддаваць дзяржаве? Гэтыя пытанні задавалі самі мінчукі. Спадзяёмся, што ў чыноўнікаў адказы на такія пытанні знойдуцца.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі