Вы тут

А хто там ідзе? Як беларускія стартапы прыжываюцца ў Польшчы

Беларусы, якія робяць стартапы ў Польшчы / Еўрарадыё 

З Беларусі масава з'язджаюць спецыялісты высокага ўзроўню. Сярод іх беларускія гонар, мазгі і грошы — айцішнікі. Многія з іх выбіраюць для эміграцыі Польшчу.

Хто яны і якія высокатэхналагічныя прадукты ствараюць і развіваюць? Якія магчымасці адкрыў для іх рэлакейт? Хто і як дапамагае ім справіцца з "цяжкасцямі пераводу"? Якія карэктывы ў іх жыццё ўнесла вайна? Пра гэта беларускія стартаперы расказалі Еўрарадыё.

Беларускія стартапы ў Польшчы

З лакальнага бізнесу — у міжнародны стартап

Георгій Качаноўскі сустракае нас на платформе чыгуначнага вакзала Кракава разам са сваім сабакам Верай. Прычына пераезду з Беларусі напісаная ў яго на лбе: мужчына прыйшоў у кепцы з лагатыпам штаба Бабарыкі. Мы ідзём дадому праз цэнтр Кракава, і Георгій расказвае, як прыехаў сюды з жонкай дзевяць месяцаў таму.

З Кракавам здарыўся "мэтч": прадпрымальнік зразумеў — вось ён, той самы горад для жыцця. Тут сям'я адчувае сябе ў бяспецы, і цяпер гэта асабліва важна: пара чакае нараджэння дачкі. Па словах мужчыны, нягледзячы на тое, што яны замежнікі, пасля з'яўлення дзіцяці Польшча выплаціць ім матэрыяльную дапамогу. І такіх "бонусаў" у новай краіне шмат, гэта падкупляе.

У Польшчы Георгій працягнуў развіваць свой стартап ScootAPI — сэрвіс для шэрынгу электрасамакатаў. Ідэя праекта нарадзілася тры з паловай гады таму ў Беларусі дзякуючы мульціку South Park.

"У 2018-м выйшла новая серыя пра тое, як дзеці клянчаць цукеркі на шэрынгавых электрасамакатах. Я зразумеў: нешта вялікае адбылося ў Амерыцы. Пагугліў — дзве вялікія кампаніі Lime і Bird прыцягнулі вялікі раўнд фінансавання. Зразумеў, што гэта будзе вялікая гісторыя і трэба лепш даведацца, як жа працуюць гэтыя шэрынгавыя самакаты..."

За свае адкладзеныя грошы Георгій адправіўся ў Кітай, каб разабрацца, як уладкаваны самакатны бізнес. У Кітаі пазнаёміўся з вытворцамі самакатаў, якія вадзілі яго на фабрыкі і паказвалі ўвесь цыкл зборкі. Георгій прызнаецца: паездка сфармавала ўяўленне пра тое, як запускаць стартап па кікшэрынгу.

Для запуску праекта ў Мінску патрэбныя былі 120 тысяч долараў. Інвестары адмовілі. Тады прадпрымальнік здзейсніў півот — рэзкі паварот, які мяняе профіль праекта.

"Я памяняў ідэю з лакальнага бізнесу ў Беларусі на міжнародны стартап. Зразумеў, што мне патрэбныя грошы на напісанне якаснага софту, які я буду прадаваць прадпрымальнікам па ўсім свеце".

Георгій Качаноўскі / Еўрарадыё

Сябар-праграміст напісаў ПЗ для прадукту — і інвестары паверылі ў стартап па мадэлі White Label. Цяпер прадпрымальнікі з Еўропы і Паўднёвай Амерыкі купляюць у ScootAPI софт і адкрываюць пракат самакатаў пад сваім брэндам, не на правах франшызы.

"Сёння мы прадаём кліенту софт для кіравання паркам электрасамакатаў. Але наша задача — стаць так званым One-Stop-Shop, дзе кліент купляе ў нас і самакаты, і праграмнае забеспячэнне. Мы ведаем, якія самакаты доўга служаць, маюць высокую дакладнасць перадачы даных і танныя ў абслугоўванні".

Цяпер для закупкі самакатаў ScootAPI патрэбныя інвестыцыі на суму 350 тысяч еўра. Гэта дапаможа бізнесу прыйсці ў маленькія гарады ўсяго свету.

У пачатку сакавіка Георгій Качаноўскі запусціў яшчэ адзін, незапланаваны, праект — ICANHELP. Платформа дапамагае ўцекачам з Украіны знайсці бясплатнае жыллё ў гарадах Еўропы. Сэрвіс працуе па прынцыпе Airbnb. Больш за 10 тысяч карыстальнікаў пакінулі заяўкі на атрыманне бясплатнага жылля для ўцекачоў. Больш за 5 тысяч украінцаў ужо знайшлі прытулак з дапамогай платформы.
 

Дапамагаць сваім

Дапамагчы беларускім айцішнікам лёгка і хутка асвоіцца ў Польшчы ўзялася маркетолаг Вераніка Ліндарэнка. З яе падачы ўвосень 2021 года ў тэлеграме зарадзілася супольнасць беларускіх стартапаў у Польшчы — Ū-hub. Развіртуалілася хутка: "жывыя" мітапы, майстар-класы, пітчы і проста вячоркі ў кавярні...  Кам'юніці налічвае амаль 800 удзельнікаў.

"Амаль усе стартаперы ў Ū-hub — мігранты. Мы падтрымліваем адно аднаго маральна і інфармацыйна. У кам'юніці можна адшукаць інфармацыю па легалізацыі ў Польшчы, знайсці калег і супрацоўнікаў у сваю кампанію, уладкавацца на працу, выйсці на інвестараў і пастаянна быць у курсе навін пра тое, чым жыве і як змяняецца свет стартапаў у Польшчы, звярнуцца па параду да тых, хто ўжо асвоіўся ў новай краіне..."

Адна з задач Ū-hub — дапамагчы беларускім айцішнікам з нэтворкінгам. З украінскім кам'юніці пасябравалі адразу. Цяпер хочуць уліцца ў польскую стартап-супольнасць: мясцовыя прадпрымальнікі лепш арыентуюцца ўнутры сваёй стартап-экасістэмы і гэтым будуць карысныя беларусам. Першыя крокі ў інтэграцыі ўжо ёсць: Вераніка дамовілася, каб у івэнтах для замежных стартапераў удзельнічалі і беларусы.

Па сутнасці, Ū-hub — гэта таксама стартап. Праўда, пакуль ён знаходзіцца на стадыі тэставай версіі.

"У будучыні мы хочам стварыць сайт і платформу. Сайт будзе служыць візітоўкай для партнёраў, для СМІ. Палякі кажуць: "А дзе вы? Хто вы? Вас няма", — расказвае Вераніка.

Вераніка Ліндарэнка / Еўрарадыё

Польскі інвестар прапаноўваў фінансаваць у развіццё беларускага кам'юніці, але Вераніка адмовілася: яшчэ рана, хочацца захаваць незалежнасць праекта. Дый мэты зарабляць на кам'юніці ў каманды Ū-hub пакуль няма. Галоўная задача — дапамагаць сваім. Да таго ж у дзяўчыны ёсць асноўная праца ва ўкраінскім стартапе, таму руліць супольнасцю даводзіцца ў вольны час.

З пачатку вайны чаты беларускага кам'юніці Ū-hub разрываліся ад паведамленняў з жаданнем дапамагчы ўкраінцам. Вераніка і тут узяла на сябе ролю каардынатара: знаёміла, арганізоўвала і збірала людзей для стварэння платформаў дапамогі ўцекачам.
 

Стаць "аднарогам"

У 2020 годзе беларусу Мікіту Абросімаву давялося вырашаць, у якую краіну рэлакавацца са сваім стартапам. Выбраў Польшчу. Ад'язджаў з камандай па праграме Poland. Business. Harbour. Гэты варыянт аказаўся найбольш прывабным.

"Па некаторых прыкметах Польшча прайгравала краінам Балтыі. У прыватнасці, па карпаратыўных падатках. Але з пункту гледжання рынку працы — тут лягчэй знаходзіць мясцовых супрацоўнікаў, сюды прасцей рэлакаваць людзей, таму што ёсць праграмы эканамічнай падтрымкі. Польшча адкрытая для высокакваліфікаваных імігрантаў".

Мікіта — сузаснавальнік стартапа WeatherWell. Прадукт запускаюць сумесна з кампаніяй Palta. З дапамогай праграмы метэаадчувальныя карыстальнікі могуць змагацца з негатыўнай рэакцыяй арганізма на надвор'е. Мікіта прызнаецца: ён і сам "залежыць" ад надвор'я, перадалося ад мамы. Але ў яго працы гэта толькі перавага.

"Асноўныя дзве задачы, якія мы вырашаем, — гэта што і калі будзе адбывацца з карыстальнікам. Умоўна, гэта адказ на пытанне: "Ці будзе заўтра ў абед мне балець галава?". Другая задача, якую мы вырашаем, — "Што з гэтым рабіць?". Пажадана прэвентыўна. Для гэтага ў нашым штаце працуе лекар".

Мікіта Абросімаў / Еўрарадыё

У часе працы над прадуктам каманда сутыкнулася з нястачай медыцынскіх даследаванняў, якія даказваюць уплыў надвор'я на арганізм чалавека. Тады вырашылі: правядзём сваё. Карыстальнікі WeatherWell фіксавалі свае сімптомы, якія ляглі ў аснову даследавання.

"З пункту гледжання навуковай базы мы сталі першай кампаніяй у свеце, якая на ўласных даных даказала сувязь паміж надвор'ем і здароўем. Мы сабралі дастатковую колькасць сімптомаў і разам з нашым лекарам пацвердзілі сувязь паміж з'явамі надвор'я і іх уплывам на здароўе чалавека. Да гэтага адносяцца мігрэні, боль у суставах, праблемы з сэрцам, скурныя алергіі..."

Над прадуктам WeatherWell працуюць 20 чалавек з Варшавы, Лондана, Хельсінкі, Кейптаўна. Рэліз новай версіі WeatherWell запланаваны на пачатак красавіка. Планы на будучыню — амбіцыйныя.

"На працягу найбліжэйшых гадоў хацелася б стаць "аднарогам" — кампаніяй з капіталізацыяй больш за адзін мільярд долараў. Але самая вялікая мэта — гэта стаць прадуктам нумар адзін у дамене "Здароўе чалавека", які асацыяваны з надвор'ем".

На думку Мікіты, рэлакацыя ў ЕС толькі набліжае да гэтых мэт. Галоўная перавага ў тым, што кампанія, якая "жыве" ў Еўрасаюзе, павялічваецца ў цане ў параўнанні з краінамі СНД: інвестары нясуць менш рызык.
 

Новае хобі

Кватэра Веры Грыцэль больш падобная да аранжарэі. З парога адчуваецца водар свежых кветак і вясны. Тут паўсюль — ружы, цюльпаны, ранункулюсы, пакаёвыя расліны і сухацветы... Гэтыя кветкі хутка "паедуць" да кліентаў.

Алла Деревянкина / Еврорадио

У Варшаву Вера пераехала з Мінска, яе сяброўка Ала Дзеравянкіна — з Ваўкавыска. Дзяўчаты пазнаёміліся на працы ў польскай IT-кампаніі. Летась Ала перанесла складаную аперацыю і сутыкнулася з выгараннем. На ранейшую працу вяртацца не хацела, вырашыла: пара нешта мяняць. Вера ў гэты час скончыла курсы па маркетынгу для стартапаў. Сяброўкі вырашылі запусціць бізнес. Ідэю падгледзелі ў брытанскай блогеркі, у якой была падпіска на штотыднёвую дастаўку кветак.

"Многія любяць, каб у іх дома пастаянна былі жывыя кветкі, якія доўга не вянуць. А ў супермаркетах і крамах кветак букеты часам не першай свежасці. А яшчэ не ва ўсіх ёсць час і жаданне хадзіць купляць кветкі. Наша дастаўка кветак па падпісцы здымае ўсе галаўныя болі. Мы закрываем патрэбу ў эстэтыцы, свежасці букетаў, эканоміі часу..."

Праект па дастаўцы кветак назвалі Quokka Flowers — у гонар аўстралійскага звярка, які сілкуецца раслінамі і ўмее ўсміхацца. Вера і Ала хацелі прывозіць кліентам самыя свежыя кветкі ў Варшаве. Да першых заказаў сяброўкі некалькі месяцаў вывучалі рынак, шукалі пастаўшчыка, закуплялі кветкі і вучыліся збіраць букеты, тэставалі тэрміны свежасці. Сёння іх пакупнікі могуць выбраць, як часта хочуць атрымліваць бокс з кветкамі. Дзяўчаты рэкамендуюць падпісвацца на дастаўку раз на два тыдні. Букет выстаіць і захаваецца да "прыезду" наступнага.

На здзіўленне сябровак, пры запуску стартапа паўсталі праблемы з упакоўкай. Выявілася, у Варшаве амаль немагчыма заказаць прастакутныя кардонныя каробкі. Вытворцы называлі завоблачную цану або прапаноўвалі заказаць боксы ў велізарных аб'ёмах.

Знайсці ўпакоўку аказалася складаней, чым зарэгістраваць стартап. Вера і Ала адкрылі ІП за 40 хвілін. Шукаць грошы на развіццё стартапа вырашылі праз акселератар. Падрыхтавалі прэзентацыю і пітч, але нечакана сустрэлі польскага інвестара, які паверыў у прадукт.

Вера Грыцэль / Еўрарадыё

Пакуль Quokka Flowers ёсць толькі ў інстаграме. Але сяброўкі рыхтуюцца запусціць сайт і праграму. Задача нумар адзін — пераканаць кліента спампаваць праграму. Дзяўчаты хочуць размяшчаць у ёй медытацыі і цялесныя практыкі.

У найбліжэйшы час Вера і Ала плануюць наладзіць дастаўку букетаў па ўсёй Польшчы. Неяк яны ўжо высылалі цюльпаны ў Люблін, але здарыўся факап. У пункце Б каробка з кветкамі выглядала так, быццам яна прайшла паласу перашкод. І хоць кветкі захаваліся, кліент быў не асабліва задаволены.

З кожным месяцам у Quokka Flowers кліентаў становіцца ўсё больш. Цікавасць да прадукту дзяўчаты тлумачаць тым, што іх стартап — больш, чым проста дастаўка кветак па падпісцы.

"Па сутнасці, мы прыдумалі новае хобі. Кожны наш кліент можа прымераць на сябе ролю фларыста. Дастаткова заказаць бокс, паглядзець пяцісекундны туторыял, як збіраць букет. Людзям гэта падабаецца, яны адпачываюць, адцягваюць сваю ўвагу".
 

Дапамагчы стартапам з СНД прыцягваць інвестыцыі ў Еўрасаюзе

З Уладзіславам Буйдэнкам сустракаемся ў нядзелю ўвечары ў яго варшаўскім офісе. Для такога часу тут нечакана шматлюдна: каманда працуе над платформай дапамогі ўцекачам з Украіны. Улад — украінец, жыве ў Варшаве. На момант нашай сустрэчы яго сям'я знаходзіцца ў адной з самых гарачых кропак Еўропы — пад Кіевам.

На пытанні Улад адказвае паспешліва, спяшаецца вярнуцца да працы. Ён успамінае, як у першыя дні вайны перад вачыма мільгалі тысячы прапаноў пра дапамогу ў сацсетках. Але хутка губляліся ў патоку іншых паведамленняў або станавіліся неактуальныя. Улад вырашыў стварыць пляцоўку, на якой усё будзе цэнтралізавана. За чатыры гадзіны сабраў каманду валанцёраў. Працаваць над pomocua.com падахвоціліся беларусы, расіяне, грузіны…

На сайце дзве опцыі: "хачу дапамагчы" і "патрэбна дапамога". Карыстальнік выбірае патрэбную, запаўняе анкету — заяўка гатовая. Валанцёры праекта апрацоўваюць запыты і злучаюць людзей. Але праблемы застаюцца. Напрыклад, не кожнаму падыдзе анлайн-фармат. Сярод тых, хто хоча дапамагчы ўцекачам, шмат пенсіянераў. А запоўніць гугл-табліцу можа не кожная бабуля. Для гэтага каманда адкрые "гарачую лінію" і прыцягне валанцёраў, якія будуць каардынаваць працэс дапамогі.

"Нам важна шчыльна супрацоўнічаць з польскімі СМІ. Мы выходзім на мясцовых блогераў і селебрыці, якія будуць з кожнага праса расказваць пра нашу платформу дапамогі", — кажа Улад.

Уладзіслаў Буйдэнка / Еўрарадыё

Сабраць каманду і хутка запусціць платформу дапамогі шмат у чым дапамагла асноўная праца і шырокае кола знаёмстваў. Ён — сузаснавальнік фонду па развіцці прадпрымальніцтва FBA у Польшчы. Легалізавацца, рэлакавацца або запусціць высокатэхналагічны стартап у незнаёмай краіне — гэта да яго. Зарэгістраваць справу ў FBA абяцаюць за адзін дзень.

"Мы бяром на сябе поўны цыкл: бухгалтарскае вядзенне, юрыдычнае, дапамога з падаткаабкладаннем. Мы дапамагаем стартапам з СНД прыцягваць інвестыцыі і атрымліваць датацыі з ЕС. Хочам дапамагчы прадпрымальніку расці ў Еўрасаюзе".

Асноўныя кліенты FBA — грамадзяне Беларусі і Украіны. Пераважна айцішнікі. У апошні месяц іх прыязджае ў Польшчу ўсё больш.

Пры падтрымцы "Медиасети"

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.