Вы тут

Хто такі Мішусцін, якога Пуцін хоча прызначыць кіраўніком урада

Уладзімір Пуцін і Міхаіл Мішусцін / ТАСС

Новым кіраўніком урада Уладзімір Пуцін прапанаваў кіраўніка Федэральнай падатковай службы Расіі Міхаіла Мішусціна

Як паведамлялася раней, 15 студзеня ўрад Расіі поўным складам падаў у адстаўку. Гэта адбылося пасля выступу Пуціна з пасланнем перад Федэральным сходам, у якім ён абвясціў пра будучае перафарматаванне расійскай улады. 

Міхаіл Мішусцін нарадзіўся ў 1966 годзе ў Маскве. Ён на паўгода маладзейшы за свайго папярэдніка Дзмітрыя Мядзведзева.

У 1989 годзе Мішусцін скончыў Маскоўскі станкаінструментальны інстытут. Пасля аспірантуры кіраваў недзяржаўнай грамадскай арганізацыяй "Міжнародны камп'ютарны клуб", якая займалася прыцягненнем заходніх інфармацыйных тэхналогіяў.
 
У жніўні 1998 года стаў намеснікам кіраўніка Дзяржаўнай падатковай службы Расіі, потым пяць гадоў адпрацаваў намеснікам міністра Расіі па падатках і зборах. 

У 2008-м Мішусцін сышоў з дзяржаўнай службы ў бізнэс, стаў прэзідэнтам групы кампаній UFG ("ОФГ Інвест") па кіраванні актывамі і прамымі інвестыцыямі. 

Аднак у красавіку 2010-га Пуцін прызначыў яго кіраваць Федэральнай падатковай службай. 

Паведамляецца, што ён жанаты і выхоўвае трох сыноў. Сярод захапленняў Мішусціна называецца хакей: ён не толькі гуляе, але і ўваходзіць у склад назіральнага савета хакейнага клуба ЦСКА.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.