Хто плаціць больш падаткаў — іпэшнік, сярэдні беларус, ці праграміст

1. Прадпрымальнік з рынка

Сяргей гандлюе на гродзенскім “Паўднёвым”. Прадае джынсы, мае звычайны намёт, гандлёвая плошча — 5 квадратных метраў. Тыповы іпэшнік. Гаворыць, што ў мінулым месяцы агулам за магчымасць працаваць заплаціў дзяржаве нешта каля 3 мільёнаў, з якіх:

Падаткі (з НДС) — 2 мільёны 400 тысяч

Фонд сацыяльнай абароны — 735 тысяч (гэтая сума залежыць ад памеру мінімальнага заробку ў краіне і складае 35% ад яго)

Агулам — 3,14 мільёна

Каб аплаціць усё гэта, Сяргею трэба прадаць паўтара дзясятка пар джынсаў. Да крызісу гэта было нескладанай задачай. Цяпер зусім не так. “У будні дзень прадаю па 1-2 пары. У выходны магу прадаць 4”, — расказвае прадпрымальнік.

2. Сярэдні беларус

Разлік падаткаў, якія плацяць беларусы, — рэч заблытаная. Большасць адлічэнняў робіць наймальнік. Можна нават сказаць, што ён плаціць усе адлічэнні, але па-рознаму. Калі беларуса бяруць на працу з заробкам па кантракце, скажам, 6 мільёнаў (сярэдні заробак па краіне ў студзені), у дадатак да гэтай сумы наймальнік павінен даплаціць дзяржаве каля 2 мільёнаў у якасці сацыяльных, пенсійных і страхавых адлічэнняў. А яшчэ ёсць 13% падаходнага падатку, які нібыта плаціць сам супрацоўнік. На практыцы гэтыя грошы мы толькі недаатрымліваем. 13% з 6 мільёнаў — гэта каля мільёна рублёў. У выніку маем:

Два мільёны падатку дзяржаве за гэты заробак плаціць наймальнік.

Адзін мільён вылічваецца непасрэдна з сумы, прапісанай у кантракце.

Агулам — 3 мільёны.

3. Праграміст

Пры ўмове прыналежнасці да Парка высокіх тэхналогій праграмісты плацяць падаткаў… менш за іншых. Таму што замест 13% падаходнага яны маюць толькі 9%. Падвышаць яго ўрад плануе, але толькі да 10%. Атрымліваецца, што з 16 мільёнаў (сярэдні заробак) праграміст заплаціць прыкладна 1,5 мільёна падаходнага падатку. З выплатамі ў Фонд сацыяльнай абароны ў праграмістаў таксама лепш за ўсіх — яны плацяць не траціну свайго заробку, а траціну сярэдняга па краіне. То бок тыя самыя 2 мільёны, што і шараговы беларус са сваім заробкам у 6 мільёнаў. У выніку маем:

Падатак на прыбытак — 1,5 мільёна

Падатак у Фонд сацыяльнай абароны — 2 мільёны.

Агулам — 3,5 мільёны.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі