Хрысціяне-дэмакраты хочуць ісці на прэзідэнцкія выбары ў якасці партыі

Аргкамітэт па стварэнні грамадскага аб'яднання "Беларуская хрысціянская дэмакратыя" (БХД) працягне дзейнасць па рэгістрацыі арганізацыі. Аб гэтым паведаміў БелаПАН адзін з каардынатараў аргкамітэту Павел Севярынец перад пачаткам навукова-практычнай канферэнцыі "Хрысціянская дэмакратыя і беларускі рух", якая 1 лістапада зладжаная у Мінску ў штаб-кватэры Партыі БНФ і прысвечаная 81-ым угодкам з дня ўзнікнення "Беларускай хрысціянскай дэмакратыі". Паводле П.Севярынца, 1 сакавіка 2009 г. мае адбыцца ўстаноўчы з'езд палітычнай партыі "Беларуская хрысціянская дэмакратыя". Партыя, адзначыў палітык, ставіць перад сабою амбітныя планы — або вылучэнне на прэзідэнцкіх выбарах 2011 г. свайго кандыдата, або падтрымка найбольш "уплывовага і рэальнага" кандыдата ў прэзідэнты ад апазіцыі. Перад пачаткам канферэнцыі адбыўся зход аргкамітэту партыі "БХД", на якім прайшло рэйтынгавае галасаванне з нагоды магчымага прэтэндэнта ў кандыдаты на прэзідэнцкую пасаду, якога падтрымае БХД. Першае месца атрымаў пакуль гіпатэтычны кандыдат ад БХД, другое — лідэр руху "За Свабоду" Аляксандр Мілінкевіч. Як адзначыў П.Севярынец, БХД вядзе свой пачатак ад хрысціянскай партыі, створанай у Беларусі яшчэ падчас Першай сусветнай вайны. Гэта тая партыя, нагадаў ён, якая была найбольш уплывовай у Заходняй Беларусі і якая аб'ядноўвала чальцоў розных рэлігійных поглядаў — каталікоў, праваслаўных, пратэстантаў. БелаПАН

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі