Вы тут

Хронікі IT-краіны: тэлеканал АНТ зліў персанальныя звесткі магілёўскіх сабакароў

Скрыншот з відэа тэлеканала АНТ

У Магілёве пачаўся электронны перапіс свойскіх жывёл, але нешта пайшло не так. 26 студзеня тэлеканал АНТ у выпуску навін паказаў экран камп'ютара супрацоўніцы ЖЭС, якая праводзіць перапіс. Пазней гэты сюжэт з'явіўся на ютуб-канале АНТ. Так аказаліся злітымі персанальныя звесткі сабакароў: прозвішчы, імёны, імёны па бацьку, адрасы і тэлефоны — а таксама пароды і мянушкі іх гадаванцаў.
 

Праз некалькі гадзін пасля гэтай публікацыі доступ да відэа быў абмежаваны:

Больш за тое: па тэлевізары паказалі спасылку на гугл-табліцу, у якой змяшчаюцца гэтыя звесткі. Спасылка дае доступ да рэдагавання базы. Інфармацыйная бяспека 80-га ўзроўню.

Паказанае дазваляе атрымаць уяўленне аб якасці звестак, якія фіксуюцца ў перапісе. Напрыклад, даведацца, колькі ў Магілёве сабак той ці іншай пароды, будзе вельмі складана. У табліцы ёсць "той-терьер" і "той терьер", "бигель" (с лішняй літарай "е"), "йоркшеский терьер" (дзве памылкі ў першым слове), "ратвелер" (дзве памылкі), дзве сабакі невядомай раней пароды "лабладор", адна — "кит-бультерьер" і іншыя экзатычныя жывёлы. Каб атрымаць дакладныя звесткі, трэба будзе ўлічыць усе памылкі.

Двуххвілінкі фактчэку: вядучы АНТ кажа, што ў базе даных больш за 3,5 тысячы гадаванцаў. На самай справе цяпер у табліцы запоўнена крыху больш за 1200 радкоў. Нумарацыя радкоў збітая: напрыклад, адсутнічаюць нумары 414 і 418.

І вішанька на торце. База складаецца па-руску, і ў апошнім слупку, дзе паказаны пол жывёл, слова "кобель" у абсалютнай большасці выпадкаў напісанае праз "а".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.