Вы тут

Хлопец з фота ў Сухарава: Мы пачалі цалавацца, а потым — усё. Жарсць

У канцы ліпеня у інтэрнэце з'яўляецца фота, на якім маладыя хлопец і дзяўчына займаюцца сексам проста на ходніку у мінскім мікрараёне Сухарава. Фота выклікае рэакцыю ў сацсетках, яго публікуюць СМІ. Праз нейкі час міліцыя заяўляе, што фота ― фэйк і шукаць хуліганаў не будуць.

Праз месяц канал "Беларусь 1" паказвае сюжэт пра затрыманне хлопца са скандальнага здымка. Паказваюць ператрус ў яго кватэры, дзе сцены завешаныя сімволікай футбольнага "Дынама-Мінск", міліцыя рапартуе пра "хуліганства, здзейсненае групай асобаў". Справа ідзе да суда.

Знаходзім Вадзіма ― так завуць героя скандальнага фота ― праз сацыяльныя сеткі. "Я па тэлефоне не хачу пра гэта размаўляць. Як вы хочаце, то прыязджайце. Я цяпер на працы" — кажа ён.

За сэкс на вуліцы ў Мінску затрымалі 19-гадовага хлопца

Маладым людзям пагражае арышт на тэрмін да 6 месяцаў, абмежаванне волі — да 3 гадоў, альбо пазбаўленне волі — ад 1 да 6 гадоў.

Працуе Вадзім у адным з гандлёвых цэнтраў, прадае вопратку. Пытае, ці не нашкодзіць наша размова яму на судзе. Расказвае, што затрымалі яго толькі праз месяц пасля таго памятнага ўчынку.

"Я выходзіў раніцай на працу, каля 9-ці гадзін прыкладна. І ў пад'ездзе да мяне падышоў чалавек, прадставіўся. Мяне затрымалі. Зайшлі да мяне дадому. Ну вы ўсё бачылі. Я быў у кайданках. Потым павезлі ў пастарунак. Я не адпіраўся, што гэта я на фота. Прызнаўся. Знайшлі мяне па відэа, у іх было яшчэ відэа. Патрымалі трохі ў пастарунку, потым на Акрэсціна быў тры дні. Выпусцілі да суда пад залог", ― расказвае хлопец.

Залог, дарэчы, немаленькі ― 2100 новымі рублямі. Калі будзе суд, пакуль не вядома. Прычым, на Акрэсціна Вадзім быў не адзін, а са сваёй дзяўчынай з таго самага фота: "Яе таксама затрымалі, адначасова са мной. І потым таксама адвезлі ў ізалятар".

Хлопца здзіўляе вялікая ўвага, якую надаюць гэтаму выпадку. "Навошта гэта ўсё так раздулі? Каму яно патрэбна... Я бачыў публікацыі і ў нашых СМІ, і ў замежных", ― кажа ён.

Па сацсетках гуляе фота, на якім маладыя людзі займаюцца сэксам на ходніках

Людзям, якія трапілі на фотаздымак, а таксама тым, хто спампаваў фота ў інтэрнэце, рэпосціць і лайкае яго, можа пагражаць крымінальная адказнасць за выраб і распаўсюджванне парнаграфіі.

На пытанне, чаму яны з дзяўчынай вырашылі заняцца сексам проста пасярод вуліцы, адказвае адразу: "Гэта ўсё жарсць, ведаеце. Мы пачалі цалавацца — і ўсё. Жарсць. Ужо было не спыніцца. Там жа не было людзей зусім, пуста. Каб людзі былі, то мы, вядома, устрымаліся бы. А так... Мы не былі п'яныя, як цяпер пішуць. Проста жарсць успыхнула".

Таксама Вадзім абвяргае, што з'яўляецца актыўным футбольным фанатам. Кажа, што проста любіць футбол: "Я не належу ні да якой групоўкі, палітычнай ці футбольнай. Проста люблю футбол, хаджу на матчы. Некалькі разоў быў на сектары, але я звычайны заўзятар. Не разумею, навошта міліцыя падала мяне як фаната".

Дата суда над Вадзімам і яго сяброўкай пакуль не вядомая. Ім пагражае арышт на тэрмін да 6 месяцаў, абмежаванне волі да трох гадоў, альбо пазбаўленне волі ад 1 да 6 гадоў.