Хіба ёй забаронена жыць? Мама — пра затрыманне 13-гадовай дачкі ў дзень маршу

Бранзалет / Stranamasterov
Бранзалет / Stranamasterov

"Вось і схадзіла я ў госці", — сказала трынаццацігадовая Воля [імя змененае], калі ў дзень аднаго з дваровых маршаў трапіла ў машыну ўнутраных войскаў.

Калі каля станцыі метро спыніліся вайсковыя машыны, людзі пабеглі. Спалохаўшыся, пабегла і трынаццацігадовая школьніца.

У той дзень яна была ў гасцях у сяброўкі, якая жыве непадалёк. Планавала вярнуцца дадому да таго, як бацькі прыедуць з дачы. Але выйшла інакш: бацькам давялося забіраць дачку з РУУС.

Разве ей запрещено жить? Мама — о задержании 13-летней дочери в день марша
Марш суседзяў / Еўрарадыё

Пазней Воля расказвала маме, што "хлопчыку", які яе затрымліваў, яшчэ не споўнілася 19 гадоў. Ён сказаў ёй пра гэта, пакуль вёў да машыны. Воля таксама расказала яму, колькі ёй гадоў. Але школьніцы ўсё роўна давялося ехаць з іншымі затрыманымі ў РУУС.

Да гэтага лета Воля палітыкай не цікавілася. А летам у яе пакоі з'явіліся бел-чырвона-белыя стужкі і налепкі. Нават шкарпэткі ў яе цяпер з чырвонай палоскай. Бацькі гавораць: новае пакаленне — праўдалюбы, застацца абыякавымі да падзей у краіне не могуць нават школьнікі.

Мама затрыманай Волі — пагадзілася расказаць Еўрарадыё пра падзеі таго дня, калі яна забірала дачку з РУУС.
 

Сачыць, каб не выходзіла з дома ў нядзелі

— Вы дапускалі, што вашу дачку могуць затрымаць на мітынгу?

— Калі яе тэлефон стаў недаступны, у мяне ўзнікла думка — нешта здарылася. Папрасіла суседзяў пазваніць у дзверы — ніхто не адказваў. Суседка сказала, што чула бразганне дзвярэй. Значыць, пайшла.

Патэлефанаваў чалавек, якога даставілі ў тое ж РУУС, што і маю дачку. Так атрымалася высветліць, у якое РУУС прывезлі Волю. Тэлефаную туды, паведамляю, што затрыманая мая непаўналетняя дачка. Адказваюць — у нас спісаў яшчэ няма. А да майго ж ведама абавязаныя былі давесці адразу, не забіраючы ў яе тэлефон.

У гэты час мне тэлефануе інспектар па справах непаўналетніх, тлумачыць сітуацыю. Трэба аддаць належнае, дзяжурны з РУУС неўзабаве таксама мне перазваніў, сказаў, што магу прыязджаць забіраць Волю.

Прыехалі, інспектар пачала расказваць: вашу дзяўчынку затрымалі на "Пушкінскай". Я адказваю: у мяне ёсць верагодная інфармацыя, што яе затрымалі не на "Пушкінскай". Яна кажа: ну вы ж разумееце, раз адміністрацыйнага працэсу не будзе, то гэта ўсё няважна, проста напішаце мне распіску і можаце забіраць дзіця.

— Што за распіска?

— Проста "Я, такая і такая, забіраю сваю дачку". Ніякіх тлумачэнняў у непаўналетняга, які не дасягнуў узросту 16 гадоў, у адсутнасць бацькоў і педагога-псіхолага супрацоўнікі РУУС не маюць права браць.

Я яшчэ раз спытала, чаму ў дзіцяці забралі тэлефон і не давялі да ведама бацькоў пра затрыманне адразу пасля дастаўлення ў РУУС. Інспектар растлумачыла, што, як толькі Воля трапіла да яе, адразу ж атрымала тэлефон назад, а інспектар патэлефанавала бацькам. Гэта значыць, ІСН сваю работу выканала. Павохала, пагадзілася, што затрымалі Волю выпадкова. Папрасіла сачыць, каб яна з дома не выходзіла ў нядзелі.

Павінна быць дакладнае разуменне, удзельнічае чалавек у мітынгу ці не. Павінна быць дакладнае разуменне ўзросту чалавека, якога вы затрымліваеце.

Інспектар ківала галавой, прасіла прабачэння.

Але пастойце, хіба ёй забаронена жыць як звычайнаму падлетку? Хіба яна не мае права без апаскі выходзіць з дому, сустракацца з сябрамі? Чаму я павінна забараняць ёй ехаць да сяброўкі? Каранавірус і без таго наклаў дастаткова абмежаванняў.

— Якія ўражанні ў Волі засталіся пасля паездкі ў РУУС?

— Да РУУС пытанняў няма. Раз да іх даставілі дзіця, проста адпусціць яго на вуліцу яны не могуць. Так, мяне абурыў той факт, што пра затрыманне бацькам паведамілі не адразу. Я толькі магу гэта растлумачыць тым, што былі затрыманыя і іншыя людзі, мабыць, афармленне заняло час. Як толькі матэрыялы перадалі інспектару па справах непаўналетніх, яна адразу ж вярнула дачцэ тэлефон і звязалася з намі.

Разве ей запрещено жить? Мама — о задержании 13-летней дочери в день марша
Байцы АМАП / Еўрарадыё

Мець зносіны з іншымі людзьмі ў РУУС дазвалялі. Дачка расказвала пра хлопчыка, з якім там пазнаёмілася: яму шаснаццаць гадоў, яны разгаварыліся, ніхто не перашкаджаў.

Пытанні не да РУУС, а да тых, хто затрымлівае. Вялікія пытанні. Логікі гэтых дзеянняў я так і не зразумела. Людзі, якія працавалі з дзіцем у РУУС, мне здаецца, і самі ўсведамлялі ідыятызм сітуацыі.

Паколькі дзіця не дасягнула ўзросту адміністрацыйнай адказнасці па артыкуле 23.34 КаАП РБ, то інспектар не даводзіў да ведама адміністрацыі школы.

Кіраўніцтва РУУС папрасіла тэлефон класнага кіраўніка, каб даведацца, як характарызуецца дзяўчынка. У школе далі добрую характарыстыку — выдатная сям'я.

— У вашай дачкі канфіскавалі тэлефон — прасілі паказаць каналы, на якія яна падпісаная ў тэлеграме?

— Не прасілі, і яны не могуць без афармлення пратакола адабрання папрасіць разблакаваць тэлефон.
 

"Дома стараемся не абмяркоўваць гэту тэму"

— А што сама Воля? Як яна перанесла гэты досвед?

— Калі мы нарэшце сустрэліся, было відаць, што яна напружаная. У РУУС яе сустрэлі сябры і бацькі дзяўчынкі, да якой яна ў той дзень хадзіла ў госці. Яны прыехалі яшчэ раней за нас. Потым мы выклікалі таксі, каб ехаць дадому. Было прыемна, калі таксіст сказаў: усіх, каго забіраю ад РУУС, вязу бясплатна.

Прыехалі дадому, заказалі піцу, пасядзелі, распыталі. Воля кажа, яе не білі, затрымлівалі спакойна. А вось нецэнзурнай лексікі яна наслухалася. Было складана з яе выцягнуць пэўную інфармацыю, "блыталася ў паказаннях". Мы апусцілі гэтыя моманты: бачу, дзіцяці непрыемна, не хоча пра гэта гаварыць.

— Воля баялася, што бацькі будуць на яе сварыцца?

— Яна, хутчэй, была напалоханая і не разумела, з якой рэакцыяй з нашага боку сутыкнецца. Але пасля перажытай падзеі Воля мела патрэбу ў падтрымцы і разуменні, а не ў навучаннях.

Разве ей запрещено жить? Мама — о задержании 13-летней дочери в день марша
Марш суседзяў на Плошчы Перамен / Еўрарадыё

Для нас праблема, хутчэй, была не ў тым, што яе затрымалі, а ў тым, што яна выйшла з дому, не сказаўшы, куды едзе. У такім узросце дзеці вядзёныя, наша меркаванне адмаўляюць, а меркаванне сяброў часам здаецца ім больш важным. Мы стараемся захаваць кантакт. У мяне ёсць шмат прыкладаў, калі, не здолеўшы захаваць гэты кантакт, бацькі рызыкавалі страціць сувязь з дзіцем.

Жорсткую пазіцыю мы стараемся займаць толькі ў крайнім выпадку. Крычаць, правяраць тэлефон — гэта мінулае стагоддзе.

Я хацела б параіць іншым бацькам: навучыце дзяцей паведамляць вам, калі яны выходзяць з дома. Вы павінны ведаць, куды яны ідуць і з кім, дзеці заўсёды павінны быць на сувязі, а ў бацькоў павінна быць магчымасць вызначыць месцазнаходжанне дзіцяці. Гэта наш абавязак — нават не права, а абавязак! — ведаць, дзе знаходзяцца нашы дзеці.

— Волі толькі 13 гадоў — даўно ў яе сфармавалася грамадзянская пазіцыя?

— Гаварыць пра фармаванне ў яе грамадзянскай пазіцыі яшчэ рана. Так, новае пакаленне — гэта нават не мы (дзеці 90-х), яны праўдалюбы. Мы абмяркоўваем гэту тэму, але стараемся навучыць Волю аналізаваць сітуацыю, атрымліваць інфармацыю з некалькіх крыніц — і афіцыйных, і тэлеграм-каналаў, бо лічым, што для правільнага ўспрымання сітуацыі трэба валодаць поўным аб'ёмам інфармацыі. Палітычныя падзеі, якія адбываюцца ў краіне, і іх актыўнае абмеркаванне ў грамадстве выклікалі ў яе цікавасць да гісторыі нашай краіны, яе каранёў і гістарычных сімвалаў. Дома ў яе вісяць стужачкі, налепачкі, ёсць шкарпэткі з чырвонай палоскай. Мы ёй кажам: ты крытычна стаўся да інфармацыі з інтэрнэту. Той жа "Нехта" і дзяржаўныя СМІ таксама могуць маніпуляваць тваім меркаваннем.

— З такой актыўнай пазіцыяй ёй самой хацелася пабываць на мітынгу?

— Улетку, у дзень першага мітынгу каля стэлы, мы былі за горадам. Яна рвалася ў Мінск — казала, паехалі, мы павінны стаяць там. Да таго, што адбывалася ў Мінску і ў краіне, мала хто заставаўся абыякавым.

Я ёй яшчэ тады растлумачыла: цябе не маюць права затрымліваць, супраць цябе не можа быць пачаты адміністрацыйны працэс. Адміністрацыйная адказнасць надыходзіць з чатырнаццаці гадоў, а па артыкуле 23.34 — з шаснаццаці.

Калі затрымалі, дзёрзка паводзіць сябе не трэба, але трэба ведаць свае правы. Яна павінна патрабаваць, каб у яе прысутнасці патэлефанавалі бацькам ці дазволілі ёй самой патэлефанаваць. Не трэба даваць ніякіх тлумачэнняў без законных прадстаўнікоў і псіхолага. Нічога не падпісваць, не паводзіць сябе дзёрзка, не крычаць. Проста спакойна сядзець.

— А калі б ваша дачка не проста праходзіла міма, а папраўдзе вырашыла паўдзельнічаць у акцыі — якой была б ваша рэакцыя?

— У яе ўзросце? Адназначна — не! 13 гадоў — гэта палітычная няспеласць. Немагчыма ацаніць абстаноўку так, каб прымаць узважаныя рашэнні. Мы ёй растлумачылі: правільней вырашаць, ці прымаць рашэнне пра ўдзел у такіх мерапрыемствах, калі ты дасягнуў сталасці. Цяпер тваім меркаваннем могуць маніпуляваць — і афіцыйныя ўлады, і тэлеграм-каналы. Не бывае чорнага і белага, судзіць адназначна нельга.

Тлумачылі: любая змена ўлады цягне за сабой змены ў грамадстве, зніжэнне эканомікі. Хочацца пагаварыць з намі пра сітуацыю ў краіне — пагавары. Хочацца чытаць каналы — чытай, манітор. Але з актыўным удзелам пачакай да тых часоў, пакуль зможаш выбраць, з кім ты.

А пакуль твая галоўная задача — вучоба, а не палітычныя выступы. Гэта твая будучыня. Ты можаш выбраць, вучыцца тут ці ў Еўропе. І калі ты паступіла ў ВНУ, атрымала пуцёўку ў жыццё — калі ласка, дзейнічай, удзельнічай. Але пакуль што твая работа — гэта твая вучоба.

Ківала галавой. Але ці прыняла — гэтага не ведаю.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі