Вы тут

Хакеры праз пошту медыкаў рассылалі лісты з фальшывымі звесткамі пра каранавірус

Следчы камітэт / БЕЛТА

Дзве медыцынскія ўстановы Мінска звярнуліся ў Следчы камітэт з заявамі пра несанкцыянаваны доступ да камп'ютарнай інфармацыі, паведамляе прэс-служба СК.

12 лютага заяву падаў кіраўнік РНПЦ пульманалогіі і фтызіятрыі. Па яго словах, электронную паштовую скрынку цэнтра ўзламалі. Ад імя установы рассылаліся вірусныя паведамленні са спасылкамі на загрузку шкоднаснага праграмнага забеспячэння. Таксама следства выявіла, што невядомыя зламыснікі заходзілі на пошту неаднаразова і выдалялі лісты.

11 лютага ў міліцыю з такой самай заявай звярнуўся адзін з кіраўнікоў Мінскага занальнага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі. Нагодай для яго звароту сталі шматлікія ўдакладняючыя пытанні ад адрасатаў паведамленняў, якія цэнтр нібыта адправіў праз электронную пошту. Следства выявіла, што невядомы хакер узламаў паштовую скрынку цэнтра і адправіў шэраг паведамленняў кантактам з адраснай кнігі.

У абодвух выпадках электронныя паштовыя скрыні былі зарэгістраваныя на хостынгу tut.by. З абедзвюх зламыснікі рассылалі лісты з віруснымі спасылкамі. Пры гэтым выкарыстоўвалі прыёмы сацыяльнай інжынерыі: каб зацікавіць адрасатаў, у лістах змяшчалася інфармацыя пра каранавірус у Беларусі. Аднак яна не адпавядала рэчаіснасці. Пасля адкрыцця спасылак, размешчаных у лісце, на камп'ютар карыстальніка аўтаматычна спампоўваўся скрыпт, які запускае шкоднасны файл.

Следчы камітэт пачаў крымінальныя справы.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.