Гурт CherryVata спадабаўся ўкраінцам

Мінскі гурт CherryVata вярнуўся з тура па Ўкраіне і рыхтуецца да мінскай прэзентацыі свайго новага альбома "ViaVanilla", якая адбудзецца 15 траўня ў клубе "Fabrique".
Гурт CherryVata іграе меладычную музыку на стыку электронікі і іншых сучасных стыляў. Украіна зацікавілася творчасцю мінскага калектыва ў верасні мінулага года, калі гурт паспяхова выступіў на прэстыжным фестывалі "Коктебель Jazz".

"Да нас пачалі паступаць прапановы і мы вырашылі аб'яднаць іх у тур, але з-за крызісу ён некалькі разоў пераносіўся", — распавядае лідэр калектыва Зміцер Літвіновіч. Тым не менш, усё атрымалася — гурт выступіў у Харкаве, Данецку, Днепрапятроўску і Кіеве. У кожным горадзе музыканты ігралі па паўтары гадзіны і амаль паўсюль — дадаткова паўгадзіны на біс.

Уразіліся і прамоўтэры — CherryVata атрымалі прапанову паўтарыць тур ужо ў сярэдзіне лета, дадаўшы ў яго шэраг гарадоў Заходняй Украіны.

“Наш гурт вельмі радасна і цёпла сустракаюць на Украіне і зараз мы таксама атрымалі вельмі добрыя водгукі”, — распавядае Зміцер Літвіновіч. — Гэты тур нам даў запрашэнні на некаторыя буйныя фестывалі, якія адбудуцца летам і восенню”.

Новы альбом "ViaVanilla", які выпускае лэйбл Go Records, павінен з'явіцца ў Беларусі ўжо на наступным тыдні. Да таго ж вядуцца перамовы пра выданне плыты “ViaVanilla” і ва Ўкраіне.

Канцэртная прэзентацыя дыска адбудзецца 15 траўня ў мінскім клубе "Fabrique". Музыканты абяцаюць двухгадзінны сольны выступ і сэт ад DJ Vadim Key. На сайце www.cherryvata.com можна спампаваць 45-хвілінны сінгл "Rebirth/Город", які папярэджвае выхад альбома.

15 траўня ў клубе "Fabrique" (вул. Мяснікова, 25 – 4 паверх) гурт CherryVata з канцэртнай прэзентацыяй альбома "ViaVanilla". Пры ўдзеле DJ Vadim Key. Пачатак у 18.30.

Неўзабаве чытайце і слухайце інтэрв'ю з гуртом CherryVata на нашым сайце і ў эфіры

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі