Гульні з пачуццямі і спектакль "Сон у летнюю ноч" О.Коршунаваса.

22 кастрычніка, "Еўрарадыё" пабывала ў Купалаўскім тэатры на чарговым паказе ў межах IV Міжнароднага фестывалю тэатральнага мастацтва "Панарама" — спектаклі Вільнюскага гарадскога тэатра "Сон у летнюю ноч".

Беларускіх гледачоў у гэтым месяцы ўжо пацешылі і Пітэрам Брукам на сцэне Палаца рэспублікі, і двума лаўрэатамі буйной расійскай тэатральнай прэміі "Залатая маска" — "Соняй" Новага Рыжскага тэатра і "Палётам над гняздом зязюлі" Башкірскага тэатра драмы. Гэтым разам "пачастунак" абяцаў быць не меней вытанчаным.



Глядзець спектакль з Еўрарадыё адправілася мастацтвазнаўца Ліза Міхальчук, якую мы запрасілі ў якасці эксперта, каб атрымаць прафесійнае меркаванне чалавека, закаханага ў тэатр. Але пра гэта крыху пазней.



Варта адзначыць, што слава літоўскай тэатральнай школы яшчэ ў савецкія часы набыла сусветныя маштабы. Пра Шэкспіра — і казаць не даводзіцца. У тым, што спалучэнне гэтых двух элементаў, дае, як правіла, неверагодны вынік, беларуская публіка магла пераканацца яшчэ летась, калі ў Міску быў паказаны "Атэла" у пастаноўцы мэтра літоўскага тэатра Эймунтаса Някрошуса.



Оскарас Коршунавас
— рэжысёр, мастак і харэограф спектакля "Сон у летнюю ноч" — яшчэ не стаў жывым класікам, але яго заслугі перад тэатрам ужо прызнаныя і ўзнагароджаныя шматлікімі тэатральнымі прэміямі. І, судзячы па тым, што нам давялося ўбачыць, цалкам заслужана.





"Сон у летнюю ноч" — казачна-жартаўлівае разважанне пра каханне або, дакладней, пра вечныя (і вечна заблытаныя) узаемаадносіны паміж мужчынам і жанчынай. П'еса, у якой так да канца і не зразумела, ці было ўсё гэта на самай справе ці толькі прыснілася — аўтару, героям, акцёрам, гледачу...


Наш тэатральны эксперт Ліза  Міхальчук прапаноўвае вам свае ўражанні ад спектакля.

Візуальныя рашэнні.
Л.М.: "У Коршунаваса атрымалася вельмі дакладна перадаць "прывіднасць" шэкспіраўскай гісторыі — спектакль атрымаўся вельмі лёгкім, рухомым, "няўлоўным", як стан паміж сном і явай. Рэжысёр ператварыў сцэну Купалаўскага тэатра ў чарадзейную прастору, якое ўвесь час трансфармуецца, распадаецца і збіраецца зноў ужо ў іншую камбінацыю. І патрэбна было яму для гэтага ўсяго нічога!







Дзіўна, але ў "Сне" не было, ні рэквізіту, ні музычнага суправаджэння, ні дэкарацый у звыклым для нас сэнсе гэтага слова. Усе іх функцыі выконвалі драўляныя панелі, ніяк не замацаваныя, якія перасоўвалі самі акцёры. Не, гэта не выглядала так, быццам працаўнікі сцэны ўвесь спектакль носяць па сцэне часткі дэкарацый! Яны "працавалі" фантастычна арганічна і разнастайна — з іх будаваліся сцены, масты і шалашы, яны выкарыстоўваліся як лодкі, ложкі і дзверы, імі накрываліся і біліся, яны аб'ядноўвалі і размяжоўвалі герояў... За кожнай з іх, як за сцяной, хаваўся чалавек, за кожнай з іх, як за дрэвам, хавалася лясное бажаство…"







Музыка.
Л.М.: "Асобна варта адзначыць неверагоднай прыгажосці і насычанасці гукавое афармленне спектакля. І тут ізноў — нічога лішняга і ненатуральнага. Грукат дажджу, які адбівалі пальцамі ўсё па тых жа панелях, металічныя шарыкі-слёзы, якія сыплюцца на драўляную паверхню, выразны рытм мернага кроку і рытм пагоні, які збіваецца , рыпанне дрэваў у дрымучым лесе. Усё астатняе — ужо з гартані саміх акцёраў — жудасныя завыванні ветру, дзіцячы плач, шолах лістоты, рык, спеў, піск і рогат — цэлая палітра гукаў, здольных выклікаць і нястрымны смех, і прыступ некантралюемай панікі".






Гульня акцёраў.
Л.М.: "Аб акцёрскай гульні можна, наогул, казаць бясконца. Лёгкая, віртуозная, спрэс пазбаўленая якога-небудзь пафасу... Акцёры, відавочна, атрымлівалі задавальненне ад гульні, заражалі залу сваёй энергіяй. Пераходы ад камічнага да лірычнага атрымоўваліся ў іх з той лёгкасцю і непасрэднасцю, якая так уласцівая жыццю. Менавіта дзякуючы гэтаму спектакль, меў даволі цвёрдую візуальную структуру і насычаны выразна выбудаванымі, часам абстрактна-акрабатычнымі мізансцэнамі, глядзеўся на адным дыханні...















А яшчэ, можа таму што кожны з нас хоць раз у жыцці праходзіў праз выпрабаванне каханнем і ведае не па чутках, як далёка могуць завесці гульні з пачуццямі. І так хочацца верыць, што па выніку ніхто ў гэтых гульнях не прайграе".



Гледачы пакідалі залу тэатра шчаслівымі:

"Хачу сказаць, хаця б проста як фатограф, што візуальна, сказаць, што гэта ўражвае, — гэта вельмі слаба, гэта наогул нічога не сказаць. Я не ведаю нават, пакуль магу толькі з захапленнем маўчаць"! — кажа маладая дзяўчына.

"Выдатна! Рэальна сапраўдны тэатр! Паняцце, якое, па-мойму, у Беларусі ўжо даўно згублена. А тут усё, што можна выказаць і ў пластыцы, і ў жэсце, у слове, і ў руху, і ў запале, і ў энергетыцы. Сапраўды тэатр! Задавальненне атрымліваеш каласальнае"! — дзеліцца ўражаннямі малады чалавек з завушніцай.

Гледачы больш дасведчаныя не саромеюцца выказваць крытыку. Вось, што распавёў нам мужчына сярэдніх гадоў з бародкай: "У мяне падвойнае ўражанне ад гэтага спектакля: пастаноўка мне спадабалася, а рэжысуры ў ім я не ўбачыў... Такое ў мяне ўражанне, што на гэтую пастаноўку, (гэта значыць на візуальны вобраз) можна было паставіць любы тэкст — і "Сон у летнюю ноч", і "Гамлета", і "Караля Ліра", і любыя вершы любога паэта — і ад гэтага нічога б не памянялася. Гэта значыць, самой п'есы я не ўбачыў... Хоць, пастановачна, візуальна гэта зроблена вельмі добра, прыгожа, прафесійна, граматна, усе прадметы выкарыстоўваліся з самага пачатку да самага канца — аб'ектыўна — да пастаноўкі няма ніякіх прэтэнзій. Ідэя, вядома, не вельмі новая (яшчэ Меерхольд выкарыстоўваў такія прыёмы), але, у прынцыпе, пастаноўка зроблена вельмі граматна, а вось да рэжысуры ў мяне вялікія пытанні".

"Выдатны спектакль! Выдатны! Тут усё — і пластыка, і сюжэт. І акцёрская праца, і рэжысёрская. Гэта лепшае з таго, што я бачыла наогул у тэатры"! — дзеліцца з намі захапленнем інтэлігентная жанчына бальзакаўскага узросту.



Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі