Вы тут

ГУБАЗіК: беларусы, якія "збеглі" з краіны, мусяць быць пазбаўленыя грамадзянства

Грамадзянства прапануецца пазбаўляць беларусаў, якіх суд прызнае экстрэмістамі або тэрарыстамі / AP​

ГУБАЗіК прапануе пазбаўляць грамадзянства тых беларусаў, якія збеглі з краіны і працуюць у інтарэсах заходніх краін, піша Sb.by са спасылкай на начальніка аддзела галоўнага ўпраўлення па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй МУС Вячаслава Арлоўскага.

Прадстаўнік МУС нагадаў, што ў чэрвені 2020 года пачалі дзейнічаць змены ў закон аб грамадзянстве. Паводле новых правілаў асобы, якія набылі беларускае грамадзянства, могуць яго страціць, калі суд прызнае іх экстрэмістамі або тэрарыстамі.

Арлоўскі лічыць ,што "трэба паглядзець далей", і разгледзець пытанне аб пазбаўленні грамадзянства ў пэўных сітуацыях тых, хто атрымаў грамадзянства па праве нараджэння ў Беларусі.

"Людзі, якія збеглі з нашай краіны, ненавідзяць яе і сёння працуюць у інтарэсах заходніх краін, не павінны мець права называцца беларусамі", — заявіў начальнік аддзела ГУБАЗіК.

Як паведамляла Еўрарадыё, у панядзелак МУС размясціла ў адкрытым доступе пералік фармаванняў, прызнаных экстрэмісцкімі. Спіс апублікаваны на сайце міністэрства.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.