Грошы на будоўлю паліклінік і дарог дзяржава шукае ў бізнеса

Неабходнасць рэалізацыі “сацыяльных праектаў” прымушае дзяржаву шукаць грошы ў прыватным сектары, а парламентарыяў — заканадаўча афармляць такое партнёрства. Менавіта так патлумачыў старшыня пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па эканамічнай палітыцы Віктар Валюшыцкі правядзенне парламенцкіх слуханняў “Дзяржаўна-прыватнае партнёрства: міжнародны вопыт і перспектывы для Рэспублікі Беларусь”.

Па яго словах, дэпутаты плануюць змяніць заканадаўства і прыняць законапраект “Аб дзяржаўна-прыватным партнёрстве” ў наступным годзе. Гэта робіцца дла таго, каб сфармаваць нармальны інвестыцыйны асяродак для прыцягвання інвестыцый у цэнтры і на месцах.

У новым законапраекце прадугледжваюцца такія заахвочвальныя меры для прыватнага бізнесу, які будзе інвеставаць у сацыяльныя праекты дзяржавы, як, напрыклад, падатковыя льготы. Тым не менш, прызнаецца парламентарый, размова не ідзе пра тое, “каб было больш прыватнага ў краіне”.

Валюшыцкі: “Пытанне не стаіць, каб было больш прыватнага ў краіне. Дзяржаўна-прыватнае партнёрства — гэта форма вядзення бізнесу, дзе павінна быць аб’яднанне фінансавых сродкаў дзяржавы і бізнесу з мэтай рэалізацыі нейкіх сацыяльных праектаў, з мэтай рэалізацыі інавацыйных і інфраструктурных праектаў. А закон вызначае правілы гульні: якія рызыкі бярэ на сябе дзяржава, а якія — прыватны бізнэс. І якім чынам потым акумулюецца вынік гэтай сумеснай працы”.

У слуханнях бяруць удзел міністр эканомікі Мікалай Снапкоў, памочнік прэзідэнта Кірыл Руды, прадстаўнік Еўрапейскай эканамічнай камісіі ААН Тоні Банічы, намеснік міністра фінансаў Максім Ермаловіч, беларускія і замежныя прадпрымальнікі, старшыні аблвыканкамаў, дэпутаты парламенту.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі