Грамадскія аб’яднанні: Затрыманне Жадана шкодзіць іміджу Беларусі

Пісьменніцкая супольнасць Беларусі выказала абурэнне з нагоды затрымання ў Мінску ўкраінскага літаратара Сяргея Жадана. Інцыдэнт адбыўся ў ноч на 11 лютага: запрошанага ў Беларусь на паэтычны фестываль “Вершы на асфальце” літаратара затрымалі ў гатэльным нумары і даставілі ў Ленінскі РУУС, дзе ён знаходзіўся да раніцы.

Пазней Жадану вярнулі пашпарт са штампам аб забароне на ўезд у Беларусь. Праваахоўнікі растлумачылі гэта тым, што ён неўязны ў Расію з-за “прыналежнасць да тэрарыстычнай дзейнасць”, а паколькі ў Беларусі адзінае візавае поле з РФ, то Жадан не можа наведваць і нашу краіну.

“Выказваем абурэнне з прычыны ганебнага затрымання паважанага госця і даўняга сябра Беларусі Сяргія Жадана. Перакананыя, што падобныя дзеянні ўладаў сведчаць пра несамастойнасць у прыняцці важных рашэнняў, якія не толькі не адпавядаюць інтарэсам незалежнай Беларусі, але і наносяць непапраўную шкоду іміджу нашай суверэннай дзяржавы, а таксама ставяць пад пытанне ролю Беларусі як нейтральнай пляцоўкі для перамоваў у расійска-ўкраінскім канфлікце”, — гаворыцца ў звароце, падпісаным Саюзам беларускіх пісьменнікаў, Беларускім ПЭН-цэнтрам, БАЖ, Беларускім калегіюмам і “Лятучым універсітэтам”.

Грамадскія арганізацыі патрабуюць скасаваць рашэнне аб дэпартацыі і забароне на ўезд Сяргею Жадану, выказаць яму афіцыйныя прабачэнні і зрабіць адпаведныя захады для перадухілення падобных інцыдэнтаў у будучыні.