Вы тут

Грамадская камісія збіраецца падрыхтаваць новую Канстытуцыю Беларусі

Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь 1994 года

21 сакавіка ў Мінску адбылося арганізацыйнае пасяджэнне грамадскай канстытуцыйнай камісіі. Яна збіраецца распачаць працу над новай Канстытуцыяй Беларусі. У складзе камісіі каля трыццаці чалавек — былыя парламентары (дэпутаты Вярхоўнага Савета Беларусі 12-га і 13-га скліканняў), суддзі першага складу Канстытуцыйнага суду, лідары партый, эксперты, інфармуе Радыё Свабода.

Новая Канстытуцыя будзе грунтавацца на базе Канстытуцыі 1994 года без зменаў, унесеных на рэфэрэндуме 1996-га. Мечыславу Грыбу, былому старшыні Вярхоўнага Савета, які ставіў подпіс пад Канстытуцыяй 1994 года, прапанавалі ачоліць канстытуцыйную камісію. Яму будуць дапамагаць суддзя першага складу Канстытуцыйнага суду Міхаіл Пастухоў і Анатоль Лябедзька, старшыня грамадскай арганізацыі "Еўрапейскі дыялог", былы старшыня АГП.

"Мы прапануем грамадству сучасную і якасную Канстытуцыю, якая будзе працаваць у інтарэсах усяго грамадства, а не дзеля ўлады аднаго чалавека", — кажа Валерый Фадзееў, былы намеснік старшыні Канстытуцыйнага суду першага складу, а цяпер — сябра канстытуцыйнай камісіі.