Горацкі суд прысудзіў штраф газеце “Узгорак”, агенцтву БелаПАН і журналісту

Нагодай для разбіральніцтваў стаў іск кіраўніцы згаданай арганізацыі. Старшыні Горацкай раённай арганізацыі Беларускага таварыства інвалідаў Тамары Калтуновай не спадабалася, як журналісты падалі інфармацыю з папярэдняга суда, які праходзіў напрыканцы 2013 года. Жанчына абвінаваціла газету ў паклёпе і запатрабавала выплаціць 50 мільёнаў рублёў у якасці маральнай кампенсацыі, а таксама апублікаваць абвяржэнне інфармацыі ў газеце. На судзе высветлілася, што “Узгорак” перадрукаваў матэрыял агенцтва БелаПАН, для якога пісаў магілёўскі журналіст Уладзімір Лапцэвіч. Таму суд вырашыў размеркаваць штраф на траіх.

Сам Уладзімір Лапцэвіч нязгодны з рашэннем суда і пазіцыяй жанчыны:

“Лічу, што прычыны, па якіх нас пакаралі ў Горацкім судзе, абсалютна беспадстаўныя. Калі зважаць на тое, што быў рэпартаж з адкрытага пасяджэння суда, дзе гучалі прэтэнзіі і абвінавачанні двух бакоў прылюдна, і іх чула мноства людзей, якія прысутнічалі на судзе ў якасці гледачоў, то вельмі дзіўна, чаму пра тое, што казалася на судзе, нельга паведамляць у СМІ”.

Нагадаем, Уладзімір Лапцэвіч рыхтаваў матэрыялы з судовых пасяджэнняў паміж горацкімі інвалідамі і старшынёй мясцовай арганізацыі інвалідаў Тамарай Калтуновай. Жанчыну абвінавачвалі ў тым, што яна з красавіка 2001 па травень 2004 года выкарыстоўвала пашпарт з несапраўднымі дадзенымі аб дні нараджэнні і незаконна атрымала ў лік пенсіі каля 3,5 мільёна рублёў. Пракуратура прызнала гэты факт. 18 траўня 2013 года жанчына цалкам прызнала сваю віну і вярнула назад усе грошы. У сувязі з тым, што скончыўся тэрмін даўнасці крымінальнай адказнасці за махлярства, у адносінах Тамары Калтуновай справа не распачыналася.

Рэдактар газеты “Узгорак” Галіна Будная таксама не згодная з рашэннем суда. Разам з Лапцэвічам і агенцтвам БелаПАН яны збіраюцца абскарджваць яго ў Магілёўскім абласным судзе.

“Натуральна, што падобнае рашэнне суда неправамернае. На маю думку, не было ніякай нагоды, каб суд вынес прысуд на карысць істца”.

Фота: на здымку рэдактарка газеты “Узгорак” Галіна Будная

Спецыльна для праграмы Кардыяграма 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі