Вы тут

Горацкая акадэмія падпісала дагавор аб супрацоўніцтве з універсітэтам з ЛНР

Луганскі нацыянальны універсітэт імя Шаўчэнкі / Фота Аляксея Валабуева

Луганскі нацыянальны універсітэт імя Тараса Шаўчэнкі і Горацкая сельгасакадэмія падпісалі дамову аб супрацоўніцтве, паведамляе прэс-служба міністэрства адукацыі і навукі самаабвешчанай ЛНР.

Гэта не ў першы раз, калі Горацкая сельгасакадэмія ўдзельнічае ў нейкіх сумесных праектах з самаабвешчанай рэспублікай ЛНР. Так у чэрвені 2019 года Савет маладых навукоўцаў Горацкай акадэміі арганізоўваў навукова-практычную канферэнцыю "Моладзь і інавацыі — 2019", у якой удзельнічалі супрацоўнікі Луганскага універсітэта імя Шаўчэнкі з ЛНР. Да гэтага ў сакавіку 2019 супрацоўнікі Горацкай сельгасакадэміі ўдзельнічалі ў навукова-практычнай канферэнцыі "Перспектывы развіцця навукі ў галіне біялогіі", што праходзіла ў ЛНР. На сайце Горацкай сельгасакадэміі нідзе не афішуецца інфармацыя аб падпісанні дамовы з універсітэтам з ЛНР.

Асноўнай задачай супрацоўніцтва абвешчана стварэнне спрыяльных умоў для абмену ідэямі, інфармацыяй і тэхналогіямі. Дагавор прапануе наладзіць супрацоўніцтва ў адукацыйнай, навуковай і культурнай галінах, стварэнне адзінага інфармацыйнага, навукова-адукацыйнага і культурнага асяроддзя.

Бакі дамовіліся аказваць дапамогу адзін аднаму ў распрацоўцы і правядзенне сумесных навуковых і творчых даследаванняў. Абменьвацца навуковай інфармацыяй, публікацыямі, навучальнымі і даследчымі дасягненнямі. Сумесна выдаваць навуковую і метадычную літаратуру. Арганізоўваць абмен выкладчыкамі і навуковымі супрацоўнікамі для чытання адкрытых лекцый, правядзення заняткаў, кіраўніцтва дысертацыйнымі даследаваннямі. Праводзіць творчыя сустрэчы, выставы і паказы.

Афіцыйна Беларусь не прызнае самаабвешчаныя рэспублікі ДНР і ЛНР і выступае за тэрытарыяльную цэласнасць Украіны.

 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.