Год “хіміі” за шнары ў дзіцяці: у Мінску асудзілі заўзятара піцерскага “Зеніта”
Расіяніна Кірыла Ляхоўскага, які летам збіў дзіця ў Мінску, прыгаварылі да года калоніі-пасялення. Футбольны заўзятар, які прыехаў у Беларусь на матч мінскага “Дынама” і ФК “Зеніт”, не паспеў зрэагаваць на хлопчыка, які раптам выбег на дарогу.
Чатырохгадовы Саша цяпер адчувае сябе добра, хаця ў яго на ўсё жыццё засталіся шнары на лбе і на руцэ. Бацькі хлопчыка прасілі не псаваць Ляхоўскаму жыццё і не караць яго строга. Тым не менш, маладога чалавека судзілі за нанясенне цяжкіх цялесных пашкоджанняў — па частцы 2 артыкула 317 Крымінальнага кодэкса.
Бацькі Кірыла рыхтуюць апеляцыю, а Еўрарадыё разбіраецца, ці справядлівае пакаранне вынеслі хлопцу.
Будзе сядзець, таму што рускі
Да лета 2018 года Кірыл Ляхоўскі ніколі не прыязджаў у Беларусь. Хлопец вучыўся на чацвёртым курсе Міжнароднага банкаўскага інстытута ў Санкт-Пецярбургу. Кіраўніцтва ВНУ характарызуе Кірыла, як здольнага і добрасумленнага студэнта.
У жніўні Кірыл разам з бацькам і сябрамі прыехаў у Мінск на матч Лігі Еўропы, у якім мінскае “Дынама” сустракалася з піцерскім “Зенітам”. Адразу пасля гульні заўзятары расійскага клуба паехалі дамоў. Каб дабрацца хутчэй, вырашылі кіраваць машынай па чарзе. Але з Мінска 11 жніўня яны так і не выехалі: на скрыжаванні вуліц Дарашэвіча і Якуба Коласа пад колы “Шэўрале” на расійскіх нумарах трапіла дзіця.
За рулём у той момант быў 22-гадовы Кірыл. Студэнта затрымалі адразу пасля ДТЗ.
“На судзе памочніца пракурора адзначыла, маўляў, немагчыма вынесці падсуднаму пакаранне ў выглядзе дамашняга арышту ці штрафу, бо Кірыл — грамадзянін Расіі, — распавядае Аляксандра, сястра Кірыла. — Застаецца толькі калонія. Гучала гэта так, маўляў, будзе сядзець, таму што рускі”.
“У нас быў чырвоны, а ў Кірыла — зялёны”
У той жнівеньскі дзень Таццяна Навіцкая разам з сынам Сашам закуплялася ў сталічных гандлёвых цэнтрах. Было добрае надвор’е, і жанчына з хлопчыкам вырашыла прагуляцца да прыпынку, каб там сесці на трамвай. Рукі Таццяны былі занятыя пакетамі з пакупкамі.
Таццяна ўспамінае, што ўсё адбылося імгненна.
“Мы спяшаліся, і я не трымала дзіця за руку, — распавядае Еўрарадыё Таццяна Навіцкая. — Пакеты, самакат у руках былі. Саша бег наперадзе. Там два светлафоры стаяць. Паняцця пра дарогу ў сына ёсць. І што нельга пераходзіць на чырвонае святло, Саша ведае. Загарэлася чырвонае, а ў гэты момант ішоў трамвай. Сын вельмі хацеў праехаць, яму цікава, бо мы ўвесь час на машыне. Ён разумеў, што чырвонае, але стартануў да трамвая. У нас быў чырвоны, а ў Кірыла — зялёны. Мне здавалася, што сын паспеў перабегчы, але яго зачапіла машынай”.
“Да апошняга спадзявалася, што кіроўца заўважыў Сашу”
На месца ДТЗ адразу прыехалі супрацоўнікі ДАІ і медыкі. Хто выклікаў службы, Таццяна не ведае. Да месца здарэння пачалі падыходзіць мінакі і прапаноўваць дапамогу.
“Калі я ўбачыла, што маё дзіця ў паветры, зразумела, што сын трапіў пад машыну, — прыцягвае маці хлопчыка. — Да апошняга спадзявалася, што кіроўца заўважыў Сашу. Сын ужо перабег на трамвайны прыпынак, я крыкнула: “Саша, машына”, і ён падаўся назад, а тут Кірыл. Хуткасць у яго была невялікая, не больш за 40 км/г. Там “ляжачы паліцэйскі”, і Кірыл не паспеў бы больш набраць. Вядома, як кіроўца, ён быў расслаблены — ехаў на зялёнае. Але суддзя казаў, што Кірыл павінен быў прадугледзець, што хто-небудзь можа выбегчы”.
Медыкі дыягнаставалі ў Сашы адкрытую чэрапна-мазгавую траўму. Віну за гэта Таццяна Навіцкая ўскладае на сябе. Гэта яна казала пасля ДТЗ супрацоўнікам ДАІ, а пасля паўтарыла на судзе. Прэтэнзій да Кірыла Ляхоўскага ў бацькоў хлопчыка няма. Тым не менш, супраць кіроўцы распачалі крымінальную справу менавіта па частцы 2 артыкула 317 КК.
“Такі дыягназ сапраўды адносіцца да цяжкіх траўм, — кажа Таццяна Навіцкая. — Два шнары — на руцэ і на ілбе. Спадзяюся, што ніякіх наступстваў для здароў’я не будзе. Страсенне медыкі не ставілі.
З Кірылам мы ў той дзень не размаўлялі, яго, небараку, адразу ў СІЗА адвезлі. Ён потым тэлефанаваў, выбачаўся. У бальніцу да мяне потым прыходзіў бацька Кірыла, я сказала, што ніякіх грошай не вазьму і не хачу, каб яго сына пасадзілі. Я сама кіроўца, у мяне таксама сын. Улічваючы, што я ўсё гэта заварыла”.
Расследаванне цягнулася некалькі месяцаў
“Нам складана зразумець, чаму такі прыгавор. Можа, асаблівасці беларускай судовай сістэмы, — распавядае Еўрарадыё Аляксандра. — Падчас следства дзіўная сітуацыя адбылася. Следчы сказаў, што некалькі месяцаў будуць праводзіцца эксперыменты. А на той момант брат ужо два месяцы адседзеў. Я звярнулася ў СМІ. Следчы, наколькі ведаю, атрымаў вымову, і літаральна за тыдзень справу перадалі ў суд. Меру стрымання таксама змянілі: вызвалілі Кірыла пад заклад”.
Пакуль цягнулася следства, кіроўца знаходзіўся ў мінскім ізалятары. Пад заклад хлопца вызвалілі толькі за месяц да суда.
Таццяна Навіцкая тым часам забрала сына з дзіцячага садка і сышла з працы, каб сядзець з ім дома. Бацькі вырашылі, што, каб цалкам аднавіцца, пэўны час хлопчыку лепш пабыць дома.
Таццяна дадае, што прасіла суд не пазбаўляць Кірыла волі. Але па 2-й частцы 317 артыкула кіроўцу нельга было пакараць штрафам, мінімальная санкцыя — да двух гадоў папраўчых працаў. Чаму студэнта судзілі менавіта па гэтай частцы артыкула, Таццяна не разумее. Як і сваякі хлопца, яна спадзяецца на апеляцыю.
“Усе спадзяваліся, што дадуць толькі штраф, бо ніякіх прэтэнзій у бацькоў таго хлопчыка няма. Мы з імі сустракаліся, размаўлялі. Яны добрыя людзі. Яны таксама не хацелі, каб Кірыла пасадзілі. Таццяна на судзе прасіла, каб не пазбаўлялі волі майго брата, — працягвае Аляксандра. — Акрамая таго, на судзе было шмат пытанняў матэрыяльнага характару: у якой кватэры жыве брат, кім працуюць бацькі і іншыя. Мы думалі, што, менавіта каб даць штраф, такія пытанні і задавалі”.
Аляксандра згадвае, што пасля прысуду на брата апранулі кайданкі, як на рэцыдывіста. Пакуль што ён знаходзіцца ў СІЗА №1 на вуліцы Валадарскага ў Мінску.
У лістах Кірыл прызнаецца, што не чакаў такога пакарання, але сілу духа не страчвае. Хлопец піша, што вельмі любіць родных і сумуе, а сваякі моцна перажываюць за яго здароў’е: Кірыл пакутуе на астму і на грыжу, амаль нічога не есць і не п’е.
“Нацыянальнасць не ўплывае на кваліфікацыю дзеянняў”
У Следчым камітэце Еўрарадыё патлумачылі, што пакаранне Кірылу Ляхоўскаму вынесенае згодна з заканадаўствам.
“Так былі кваліфікаваныя дзеянні, таму што быў здзейснены наезд на дзіця. Парушэнне правіл дарожнага руху, якое пацягнула па неасцярожнасці прычыненне цяжкага цялеснага пашкоджання, — распавяла афіцыйны прадстаўнік Следчага камітэта Юлія Ганчарова. — Кваліфікацыя дзеянняў абвінавачанага карэктная. Ёсць прысуд. Нацыянальнасць ці прыналежнасць да нечага ў нас не ўплывае на кваліфікацыю дзеянняў”.
Больш важных і цікавых навінаў у праграме "Еўразум" за 20.12