Вы тут

"Глядзім на сітуацыю": летнія фестывалі губляюць хэдлайнераў, але не здаюцца

Фестываль у Беларусі / Еўрарадыё

Некалькі дзён таму аматары жывой музыкі, піва і горада Ліда даведаліся сумную навіну: фестывалю LIDBEER сёлета не будзе. Яго перанеслі на наступны год (чытай: адмянілі сёлета) праз пандэмію COVID-19.

"Мы заўсёды ставім найвышэйшым прыярытэтам бяспеку і якасць. Таму, не маючы гарантый, што вірус цалкам адступіць да верасня, мы не можам рызыкаваць жыццём мясцовых жыхароў, артыстаў, каманды i гасцей фестывалю", — паведамляецца ў сацсетках фестывалю. Небывалая для Беларусі сацыяльная адказнасць!

Адмена масавых мерапрыемстваў — нармальная тэндэнцыя для ўсяго свету падчас пандэміі. Аднак сусветны досвед у Беларусі пераймаюць далёка не ўсе. Афішы большасці летніх фестываляў да гэтага часу размешчаны ў сеціве, і білеты на многія з іх па-ранейшаму прадаюцца.

Няўжо іх арганізатары разлічваюць, што сітуацыя з COVID-19 у найбліжэйшы месяц-другі палепшыцца? Еўрарадыё звязалася з некаторымі з іх, каб даведацца, што засталося ад беларускага музычнага лета.

 

“Рок за Бобров”

"Рок за Бобров" — 2018

"Рок за Бобров" з гэтага года мяняе дыслакацыю: ён усё яшчэ будзе праводзіцца на ўскраіне Мінска, але пераязджае з аэрадрома Баравая на больш буйны аэрадром Ліпкі. У лайн-апе заяўлены артысты з Расіі і Украіны: Noize MC, "Звери", "Пошлая Молли", "Порнофильмы", Louna. Падрыхтоўка да фэсту, запланаванага на 1 жніўня, ідзе ў штатным рэжыме.

"Усё ў сіле. А чаму яму [фестывалю. — Еўрарадыё] не быць? Мы спадзяёмся, што ўсё скончыцца ў найбліжэйшы месяц", — расказвае Еўрарадыё Руслан Старыкоўскі, прадстаўнік арганізатараў "Рока за Бобров".

А як прадаюцца білеты? Са слоў Старыкоўскага, з досведу мінулых гадоў, існуе два пікі продажу білетаў: месяц пасля з'яўлення білетаў у продажы і месяц перад самім фестывалем. Тэндэнцыі да вяртанняў пакуль не назіраецца.

"Мы ўпэўненыя, што калі ўсё скончыцца, то людзі, наадварот, з задавальненнем пойдуць. І тое, што яны выседзелі нейкі час дома, гэта якраз-такі выльецца ва ўсеагульны добры настрой. Ну, напрыклад, як гэта было ў Кітаі: калі ўсё скончылася, то людзі вярнуліся да актыўнага жыцця, — працягвае Руслан Старыкоўскі. — Фестываль — гэта актыўны адпачынак, мы ж не заганяем нікога ў закрытую прастору, гэта опэн-эйр. Тым больш аэрадром Ліпкі большы, чым Баравая. Санэпідэмнормы ў нас заўсёды выконваюцца па-за залежнасцю ад эпідэміі, але, можа, сёлета ўсё гэта яшчэ больш неяк узмоцнім". 

Руслан Старыкоўскі кажа, што заяўленыя артысты "не саскокваюць" з мерапрыемства. Ёсць дамоўленасць на ўдзел яшчэ дзвюх буйных зорак, імёны якіх абвесцяць пазней. 

SPRAVA 

SPRAVA — 2018

SPRAVA — гэта фестываль месца, які праходзіць на паўвостраве Чарэйскага возера каля вёскі Белая Царква. Сёлета яго плануюць правесці з 7 да 9 жніўня. У ліку музыкантаў заяўлены "Троіца", "Микрокабаре" (праект удзельнікаў гурта "Серебряная свадьба"), Sk.ein, ROSPAČ.

"Мы пакуль праводзім фестываль. Чакаем нейкіх нармальных прагнозаў і сочым за паведамленнямі Сусветнай арганізацыі аховы здароўя", — каментуе Еўрарадыё арганізатар SPRAVA Мацвей Сабураў.

План Б — унесці змены ў фармат мерапрыемства:

"Мы будзем прыдумляць, зыходзячы з гэтай сітуацыі [пандэмія COVID-19. — Еўрарадыё], нейкія свае рашэнні не на шкоду здароўю. Думаю, мы адаптуем праграму: калі, напрыклад, не атрымаецца прывезці замежных музыкаў, то больш будзе тэатраў, больш выяўленчага мастацтва".

TOP FEST

Афіша TOP FEST

“Рок за Бобров” і “Справа” заяўлены на жнівень, але ёсць у спісе фестывальнага лета і мерапрыемствы з куды больш ранняй датай. Напрыклад, новы фестываль Top Fest, запланаваны на 27 чэрвеня. У афішы мерапрыемства, якое заяўлена ў Лошыцкім парку сталіцы, пазначаны наступныя поп- і хіп-хоп-выканаўцы: Лёша Свік, MARUV, Jony, GAYAZOV$ BROTHER$ і Фогель.

Сацсеткі мерапрыемства не абнаўляліся ўжо пяць дзён, і быццам бы ўсё ў сіле. Але прадстаўнік арганізатараў Яўген Шаўчук расказвае, што якраз на гэтым тыдні прынята рашэнне пра перанос фэсту на наступны год. Прычына — COVID-19.  

"Большасць артыстаў расійскія: у іх канцэрты пераносяцца на восень, а фестывалі на наступны год. У буйнога артыста фестывалі распісаны на год-два наперад, і шукаць новую дату сёлета будзе складана. Да ўсяго, у другой палове лета будуць праходзіць і іншыя фэсты: "Рок за Бобров", "Вёска", — расказаў Еўрарадыё Шаўчук.

VIVA BRASLAV

VIVA BRASLAV / vk.com/vivabraslav.real

Поўным ходам ідзе падрыхтоўка да фестывалю VIVA BRASLAV, які адбудзецца 24–25 ліпеня. Па словах прадстаўніка арганізатараў Дар'і Шмярко, COVID-19 пакуль не ўнёс карэктываў у іх планы.

"Пакуль што працуем. Спадзяёмся на лепшае. Мы на цяперашні момант нічога не пераносім і не адмяняем, таму што на самай справе яшчэ невядома, што будзе ў канцы ліпеня. Яшчэ практычна два з паловай месяцы. Чакаем развязання ўсёй гэтай сітуацыі і паралельна рыхтуемся", — паведаміла Шмярко.

Ад артыстаў фестывалю, заяўленых у лайн-апе, пакуль што не было адмовы ад удзелу. А выступіць у Браславе плануюць ЛСП, Zivert, MATRANG, MONATIK, а таксама дыджэі з Нідэрландаў і Канады.

The Vёska 

Брытанцы Foals, якія сёлета да Беларусі не даедуць / facebook.com/Foals/

А вось The Vёska ужо страціла адну буйную замежную зорку: брытанскі індзі-рок-гурт Foals не выступіць на летнім фестывалі пад Мінскам, у лайн-апе якога быў заяўлены раней. Пра гэта Еўрарадыё расказаў Андрэй Аляксееў, адзін з арганізатараў фестывалю, які запланаваны на 29 жніўня ў Азярцы недалёка ад мінскай кальцавой:

"Адзін з хэдлайнераў — Foals — да нас не даедзе. Яны адмянілі тур, у рамках якога планавалі заехаць у Беларусь. Іх выступ ужо як сольны канцэрт пераносіцца на наступны год. А паколькі ў нас асноўная частка артыстаў — беларусы, актуальныя на сённяшні дзень, я думаю, што ў нас вялікія шанцы на поспех. Земфіра таксама пакуль разлічвае на тое, што фестываль адбудзецца".

Па словах Аляксеева, падрыхтоўка да фэсту працягваецца: "Будзем праводзіць, калі сітуацыя ў краіне [з каранавірусам. — Еўрарадыё] будзе гэта дазваляць рабіць".

Акрамя ўжо згаданай Земфіры, у афішы мерапрыемства таксама пазначаны Molchat doma, SHUMA і Nizkiz.

A-Fest

A-Fest — 2019 / euroradio.fm

Арганізатары сталічнага A-Fest сёлета пакуль што не аб'яўлялі мерапрыемства.

З каментара прадстаўніка арганізатараў Алы Ляцягі становіцца зразумела, што правядзенне А-Fest'a ўвогуле пад пытаннем: "Глядзім на сітуацыю. І канчатковага рашэння пакуль няма. Думаю, аб'явім у найбліжэйшы час".

FSP

FSP — 2018 / vk.com/ilovefsp

Піяр-менеджар фестывалю Freak Summer Party Паліна Санцэвіч расказала Еўрарадыё, што не ўпаўнаважаная адказваць на пытанне аб правядзенні мерапрыемства і магчымым яго пераносе. Сайт фестывалю крычыць пра тое, што мінскі арт-пікнік усё яшчэ плануюць правесці 24 і 25 ліпеня. Апошні допіс у сацсетках фестывалю датуецца 20 траўня — там няма ні намёку на перанос або адмену.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.