Гей і хрысціянін: хто такі Піт Буціджыч, які перайграў Байдэна і Сандэрса

Піт Буціджыч / фота Reuters
Піт Буціджыч / фота Reuters

Дэмакратычная партыя ЗША абвясціла папярэднія вынікі кокусаў у Аяве. Па выніках падліку 71% пратаколаў лідзіруе 38-гадовы мэр горада Саўт-Бенд Піт Буціджыч. Ён атрымаў 26,8% галасоў дэлегатаў. Палітычны цяжкавагавік Берні Сандэрс — адразу ж за Буціджычам, з вынікам 25,2%. А экс-віцэ-прэзідэнт ЗША Джо Байдэн з 15,6% стаўся аўтсайдарам кокусаў.

У нашым рэгіёне мала пішуць пра Буціджыча: ён — цёмны конік прэзідэнцкай гонкі. Але перад тым, як расказаць вам пра дзёрзкага прэтэндэнта на крэсла ў Белым доме, разбяромся, што такое кокусы і наколькі ў прынцыпе важна для прэзідэнцкай кампаніі тое, што цяпер адбываецца ў Аяве.
 

Аява прадказвае кандыдата ад дэмакратаў

Прэзідэнцкая кампанія ў ЗША — шматступеньчаты і складаны працэс. Цяпер амерыканцы выбіраюць кандыдата ў прэзідэнты ад Дэмакратычнай партыі. Для гэтага праводзяцца праймерыз і кокусы.

Праймерыз — традыцыйнае галасаванне з бюлетэнямі і скрынямі. Кокусы — больш нефармальная працэдура. Гэта як бы сход сяброў партыі — але таксама з галасаваннем.

Першыя кокусы і праймерыз праходзяць у Аяве і Нью-Гэмпшыры. Яны сапраўды важныя, таму што задаюць тон усяму выбарчаму працэсу. За апошнія 40 гадоў большасць рэспубліканцаў, якія перамаглі ў Нью-Гэмпшыры, станавіліся кандыдатамі. Перамогу дэмакратаў лепш прадказвае якраз Аява.

Цяпер 10 фактаў пра Буціджыча.

Гей и христианин: кто такой Пит Буттиджич, который переиграл Байдена и Сандерса
Піт Бутціджыч / Reuters

1. Міленіял

Піт Буціджыч — самы малады кандыдат ад дэмакратаў на гэтых выбарах. Яму 38 гадоў, што робіць яго першым у гісторыі ЗША міленіялам, які прэтэндуе на пасаду прэзідэнта.

2. Адкрыты гей

Кандыдат ад дэмакратаў знаходзiцца ў шлюбе з школьным настаўнікам з Саўт-Бенда, з якім ён пазнаёміўся з дапамогай тэлефоннай праграмы.

3. Прайшоў Афганістан

Піт Буціджыч з 2009 да 2017 года быў у рэзерве разведкі ВМС ЗША. У 2014 годзе Буціджыч на працягу сямі месяцаў знаходзіўся ў складзе амерыканскага ваеннага кантынгенту ў Афганістане.

4. Мэр горада памерам з... Ліду

У 29 гадоў Буціджыч стаў мэрам горада-статысячніка Саўт-Бенд у штаце Індыяна. Дзейным мэрам, дарэчы, яшчэ ніколі не ўдавалася дамагчыся вылучэння ў прэзідэнты, нават калі гэта былі мэры мегаполісаў. Але Буціджыч кажа, што яго досвед вайсковай службы даўжэйшы, чым у любога прэзідэнта ЗША, пачынаючы з Джорджа Буша-старэйшага, а дзяржаўнага кіравання — большы, чым у дзейнага прэзідэнта.

5. Вернік-хрысціянін

Прычым, у адрозненне ад бацькоў, якія вызнаюць каталіцызм, належыць да англіканства. Буціджыч крытыкаваў выбаршчыкаў з ліку евангельскіх хрысціян, якія галасавалі за Трампа.

Гей и христианин: кто такой Пит Буттиджич, который переиграл Байдена и Сандерса
Піт Бутціджыч / Reuters

6. Паліглот і музыкант

Ведае іспанскую, італьянскую, мальтыйскую, арабскую, фарсі і французскую, грае на гітары і фартэпіяна.

7. Сын эмігранта з Мальты і амерыканкі

Бацька палітыка Джозэф Буціджыч на радзіме быў святаром-езуітам, а ў ЗША стаў прафесарам літаратуры. Маці — амерыканка Джэніфер-Ганна Мантгомеры — вырасла ў сям'і вайскоўца.

8. За бясплатную адукацыю — але супраць бясплатнай медыцыны

Буціджыч крытыкуе "сацыялістычныя" прапановы іншых дэмакратаў, Берні Сандэрса і Элізабэт Уорэн, — наконт усеагульнай бясплатнай аховы здароўя. Буціджыч прапануе даць амерыканцам магчымасць самім вырашаць, ці купляць страхоўку, як цяпер, ці карыстацца бясплатнай дзяржаўнай аховай здароўя. Мае намер таксама зрабіць усё дзяржаўныя каледжы бясплатнымі для студэнтаў, сем'і якіх зарабляюць менш як $100 000 у год.

9. Дрэнна ставіцца да Расіі

Буціджыч называе Расію прыкладам алігархіі, "да якой кожны раз прыводзіць капіталізм без дэмакратыі". Ён мае намер захоўваць санкцыі ў дачыненні да Расіі і пры гэтым аднавіць адносіны з еўрапейскімі саюзнікамі, якія сапсаваліся за час прэзідэнцтва Трампа.

10. Не карыстаецца папулярнасцю сярод афраамерыканцаў

Пару разоў Буціджыча нават абвінавачвалі ў расізме. Напрыклад, у 2015 годзе ў адной са сваіх прамоў ён ужыў выраз "Усе жыцці маюць значэнне" — гэты слоган часта выкарыстоўвалі супраціўнікі праваабарончага руху "Чорныя жыцці маюць значэнне" (Black Lives Matter). У ЗША шмат хто лічыць, што ў гэтых словах схаваны расізм.

Наступны этап папярэдніх выбараў — праймерыз у Нью-Гэмпшыры — адбудзецца 11 лютага.
 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі