“Гэта канфіскаваны тавар без нічога. У нас няма ні сертыфікатаў, ні гарантый”
![“Гэта канфіскаваны тавар без нічога. У нас няма ні сертыфікатаў, ні гарантый”](/sites/default/files/styles/gallery_main/public/2023-08/img_4950.jpg.webp?itok=md3BS3nR)
"Дакумент уводзіцца не з мэтай некага ўдушыць, запужаць і заблытаць, а з мэтай абароны жыцця і здароўя чалавека, а таксама для папярэджання дзеянняў, якія ўводзяць у зман спажыўца прадукцыі”, — так тлумачыць прадпрымальнікам сэнс сертыфіката якасці намеснік міністра гандлю Ірына Наркевіч.
“Гэта ж канфіскат! У нас няма ні сертыфікатаў, ні гарантый. Гэта канфіскаваны тавар без нічога. Абмену і вяртанню не падлягае. І гэта ваша права яго браць ці не браць", — так кажуць Еўрарадыё на касе адной з крамаў канфіскату ў цэнтры Мінска.
Ужо месяц індывідуальным прадпрымальнікам забаронена гандляваць без сертыфікатаў якасці. Маўляў, толькі такім чынам можна абараніць правы пакупнікоў.
Крамы канфіскату, якія, па ідэі, таксама мусяць гандляваць згодна з Пагадненнем аб адзіных прынцыпах і правілах тэхнічнага рэгулявання ў Рэспубліцы Беларусь, Казахстане і Расійскай Федэрацыі, прадаюць частку тавараў без сертыфікату адпаведнасці.
Прыпёршы да сцяны прадпрымальнікаў, дзяржава не бачыць парушальнікаў Тэхнічнага рэгламенту ЕАЭС?
![“Гэта канфіскаваны тавар без нічога. У нас няма ні сертыфікатаў, ні гарантый”](/sites/default/files/paragraphs/image/magazin-konfiskattorgovyj-dom-vostochnyjminsk-uruchskaya-14aabout4.jpg)
Тлумачачы Еўрарадыё схему працы з сертыфікатамі, таваравед "Канфіскату" супярэчыць сама сабе:
"Тое канфіскаванае, што сертыфікуецца, натуральна, падлягае сертыфікацыі і сыходзіць на рэалізацыю з сертыфікатамі. Ёсць пералік маёмасці, якая падлягае сертыфікацыі. Гэта дзіцячы абутак і вопратка, прадукты харчавання, парфумерыя, тавары асабістай гігіены, тэхніка. Вопратка для дарослых не сертыфікуецца, таму прадаецца без сертыфікатаў... Мы ж дзяржаўнае прадпрыемства, мы ж не ІП ці прыватныя прадпрыемствы, якія раней маглі гандляваць без сертыфікатаў. Мы не маем права гандляваць без сертыфікатаў — тавар праходзіць некалькі этапаў, ад таможні да складоў і рознічнай сеткі. Усё, што мы прадаём, сертыфікаванае і мае дакументы. Несертыфікаваным таварам мы не гандлюем. Усё ў нас нармальна".
На самой справе, вопратка і абутак для дарослых у канфіскатах не сертыфікуецца, у іпэшнікаў жа мусіць мець адпаведны дакумент.
У Дзяржаўным камітэце па стандартызацыі Еўрарадыё тлумачаць, што па тэхнічным рэгламенце ЕАЭС, лёгкая прамысловасць можа падлягаць як сертыфікацыі, так і дэклараванню адпаведнасці прадукцыі. Сертыфікаты патрэбныя на дастаткова невялікую групу прадукцыі, у асноўным, гэта вырабы так званага “першага слоя”, якія маюць непасрэдны кантакт з целам чалавека. Уся астатняя прадукцыя лёгкай прамысловасці падлягае дэклараванню адпаведнасці.
У міжнародным пагадненні ЕАЭС ёсць пункт, па якім ўся прадукцыя, якая прадаецца на тэрыторыі Мытнага саюза, павінна прайсці неабходныя працэдуры ацэнкі.
“Прадукцыя, у дачыненні да якой прыняты тэхнічны рэгламент (тэхнічныя рэгламенты) Мытнага саюза, выпускаецца ў абарачэнне на мытнай тэрыторыі Мытнага саюза пры ўмове, што яна прайшла неабходныя працэдуры ацэнкі (пацвярджэння) адпаведнасці, устаноўленыя тэхнічным рэгламентам (тэхнічнымі рэгламентамі) Мытнага саюза”.
![“Гэта канфіскаваны тавар без нічога. У нас няма ні сертыфікатаў, ні гарантый”](/sites/default/files/paragraphs/image/img4964.jpg)
Выходзіць, што крамы канфіскату маюць нейкі асаблівы статус, раз гэтыя правілы іх не тычацца?
З Беларускім дзяржаўным інстытутам метралогіі ў Еўрарадыё атрымліваецца кароткі дыялог:
Еўрарадыё: Патлумачце, калі ласка, чаму ІП патрэбныя сертыфікаты на продаж вопраткі і абутку для дарослых, а крамам-канфіскатам — не?
БелГім: Без каментарыяў!
Тым часам намеснік кіраўніка ўпраўлення арганізацыі гандлю і паслуг Мінгандлю Андрэй Мяшкоў на Форуме прадпрымальнікаў кажа, што ў Беларусі не дапускаецца рэалізацыя тавараў без дакументаў аб бяспецы і якасці. Маўляў, умовы ва ўсіх роўныя. Канфіскаты будуць працаваць на тых жа правілах, што іпэшнікі?
Фота: vash-vybor-minsk.tam.by