Герт Арэнс: Афіцыйныя СМІ занадта шмат увагі надзяляюць аднаму кандыдату

Старшыня місіі Герт Арэнс расказаў Еўрарадыё, як праходзіць маніторынг і якія заўвагі ўзніклі ў назіральнікаў.

Еўрарадыё: Колькі назіральнікаў ад АБСЕ працуюць зараз і як выглядае гэтая праца?

Герт Арэнс: Зараз у сталіцы працуюць 14 доўгатэрміновых назіральнікаў з 13 краін АБСЕ. Яшчэ 20 каманд па два чалавекі працуюць у рэгіёнах. Яны вывучаюць прэсу, праводзяць шмат сустрэч.

Я асабіста сустрэўся з 9 альтэрнатыўнымі дзейнаму прэзідэнту кандыдатамі, а таксама старшынёй выбарчага штаба Лукашэнкі. Апрача таго, я правёў сустрэчы з міністрам замежных спраў, старшынёй ЦВК, старшынёй прэзідэнцкай адміністрацыі, старшынёй Вярхоўнага суда і намеснікам старшыні Генпракурора, прадстаўнікамі недзяржаўных арганізацый.

13 снежня ў Беларусь прыедуць каля 400 кароткатэрміновых назіральнікаў. У дзень выбараў прыедзе і місія Парламенцкай асамблеі АБСЕ на чале з Тоні Лойдам з брытанскай партыі лейбарыстаў. Ён і распачне прэс-канферэнцыю назіральніцкай місіі АБСЕ раніцай 20 снежня.

Еўрарадыё: Як адбываецца маніторынг СМІ?

Герт Арэнс: Мы праводзім маніторынг найбольш значных СМІ. Мы сочым за колькасцю зместу пра таго ці іншага кандыдата, так і за яго якасцю: колькі станоўчага ды адмоўнага і гэтак далей.

З аднаго боку кандыдаты адкрыта выражаюць сябе ў сваіх высупленнях. Так, спадар Статкевіч вельмі востра пакрытыкаваў урад і прэзідэнта. 

З іншага боку афіцыйныя СМІ вельмі шырока станоўча асвятляюць дзеянні прэзідэнта, і не вельмі прыемна кажуць пра альтэрнатыўных кандыдатаў. Заўтра будзе апошні выступ альтэрнатыўных кандыдатаў на ТБ, а пасля – асвятленне Нацыянальнага сходу, а гэта магчымасць вялікай рэкламы для дзейнага прэзідэнта.

Я буду размаўляць наконт гэтага з кіраўніком Дзяржтэлерадыёкампаніі спадаром Зімоўскім і казаць пра неабходнасць асвятлення дзейнасці і апазіцыйных кандыдатаў, і не толькі ў негатыўным плане.

Еўрарадыё: Змест якіх тэлеканалаў і газет маніторыцца?

Герт Арэнс: Каналы, якія пастаянна маніторыць місія БДІПЧ/АБСЕ – БТ, АНТ, СТБ, ЛАД, беларускія версіі НТВ і РТР. Восем газет для маніторынгу – гэта афіцыйныя "Беларусь сёння", "Звязда", "Рэспубліка" і "Народная газета". А таксама прыватныя "Камсамольская праўда", "Народная воля", "Наша Ніва", "Беларусы і рынак".

Еўрарадыё: Ці эфектыўна выкарыстоўвае апазіцыя дадзеныя ёй магчымасці ў выбарчай кампаніі?

Герт Арэнс: Праверка сапраўднасці сабраных подпісаў была не вельмі празрыстая. Але ў выніку 10 з 11 прэтэндэнтаў былі зарэгістраваныя кандыдатамі. Апазіцыя раздзеленая на вялікую колькасць кандыдатаў, і гэта адрознівае гэту кампанію ад папярэдняй. Але судзіць аб палітычнай мудрасці таго ці іншага кандыдата не з'яўляецца задачай назіральніцкай місіі.

Еўрарадыё: Пасля публікацыі крытычнага дакладу АБСЕ па парламенцкіх выбарах-2008 сакратар ЦВК Мікалай Лазавік заявіў: "На сённяшні дзень прапісаных стандартаў АБСЕ няма... Самі стандарты адрозніваюцца ў залежнасці ад таго, у якой краіне праходзяць выбары!. [Пра "падвойныя стандарты" БДІПЧ/АБСЕ 30 лістапада заявіла і старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына – заўвага Еўрарадыё] Ці сапраўды няма стандартаў АБСЕ аб правядзенні свабодных і справядлівых выбараў? Ці яны прыстасоўваюцца да кожнай краіны?

Герт Арэнс: Гэта не новая заява, часам яе можна пачуць і ў іншых краінах. Спецыяльныя інструкцыі АБСЕ па назіранні існуюць, і яны змяшчаюць канкрэтныя стандарты. І гэта цэлая кніга. Вызначальным дакументам тут служыць Капенгагенскае пагадненне 1990 года, якое ўхвалілі ўсе краіны АБСЕ, у тым ліку Беларусь.  Разам з тым, умовы ў краінах адрозніваюцца. Таму для доўгатэрміновых назіральнікаў залежна ад краіны ёсць спецыяльныя інструкцыі. Натуральна, АБСЕ мае стандарты ў гэтай сферы, і ніякія яны не падвойныя.

Герт Арэнс паказвае інструкцыю БДІПЧ/АБСЕ па назіранні за выбарамі. Фота: Еўрарадыё

Еўрарадыё: Вы праводзіце шмат сустрэч, у тым ліку, з прадстаўнікамі ўлады. Якія праблемы вы ўздымаеце?

Герт Арэнс: Два самыя важныя моманты, пра якія я заўсёды кажу, – гэта датэрміновае галасаванне і падлік галасоў. Па першым у заканадаўства былі ўнесеныя пэўныя змены, але паглядзім, як гэта адаб'ецца на практыцы.

Па працэсе падліку галасаў змены ў заканадаўства ўнесеныя не былі, толькі рэзалюцыя ЦВК аб тым, што назіральнікі мусяць мець доступ. Але я вельмі сумняваюся, што гэта стане магчымым. Я працягваю паўтараць на ўсіх маіх сустрэчах: калі зноўку будуць сотні дакладаў з ацэнкай працэсу падліку галасоў як "кепскі" альбо "вельмі кепскі", то наша заява па выбарах на наступны дзень не будзе станоўчай.

Я быў бы шчаслівы адзначыць станоўчыя змены ў гэтую выбарчую кампанію. І відавочна, што беларускі ўрад у гэтым зацікаўлены. Тады ён мусіць арганізаваць добрыя выбары, і мы гэта адзначым.

Даведка Еўрарадыё: Еўрасаюз і заходні свет ацэньвае сумленнасць выбараў на падставе справаздач назіральнікаў АБСЕ. Тым часам як Расія і краіны СНД традыцыйна спасылаюцца на высновы назіральнікаў ад Садружнасці незалежных дзяржаў. Даклады абедзвюх структур традыцыйна значна адрозніваюцца. Герт Арэнс узначальваў назіральніцкія місіі АБСЕ на прэзідэнцкіх выбарах-2006 і парламенцкіх-2008.

Фота: telegraf.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі