Гедрус Клімкявічус: Мы ніколі не запросім на Be2gether музыкантаў учарашняга дня

Да 1-га траўня арганізатары абвесцяць імёны яшчэ 2-х беларускіх гуртоў, якія прадставяць Беларусь на фэсце Be2gether 2010. Для адбору каманд ладзіцца адмысловы конкурс На прэс-канферэнцыі ў галерэі "Ў" арганізатар фестывалю літоўскі бізнесмен і ўладальнік Нарвілішскага замку Гедрус Клімкявічус выказаў спадзяванне, што з часам фестываль будзе ладзіцца паабапал мяжы: і з літоўскага, і з беларускага боку.


Гедрус Клімкявічус: "Мы не адмовіліся ад гэтай ідэі, але пакуль што тэхнічна зрабіць гэта нерэальна. Гэта праблема еўрапейска-беларускіх адносін, я так разумею".

Візы для беларускіх наведвальнікаў Be2gether і ў гэтым годзе будуць бясплатнымі. Амбасадар Літвы ў Беларусі Эдмінас Багдонас гэтым разам выступіў не толькі ў ролі дыпламата, але і асабіста паўдзельнічаў у адборы беларускіх гуртоў для фестывалю.


Эдмінас Багдонас: "Я асабіста ведаю каля 15-ці гуртоў, якія, на маю думку, вартыя таго, каб паўдзельнічаць у гэтым фестывалі. Рашэнне, хто паедзе, а хто не, вядома, прымаюць арганізатары".

"Гэта наш музычны агент у Беларусі!" — смяецца Гедрус. — "Мы вельмі б хацелі, каб і літоўская, і беларуская музычныя плыні развіваліся. Таму будзем ініцыяваць маладых музыкантаў Беларусі дасылаць нам свае матэрыялы. Гэта адна з місій фестывалю – дапамагаць маладым артыстам ісці наперад, даць ім сцэну і стымул. А паколькі на фэст прыязджае шмат менеджэраў з Еўропы — магчыма, для кагосьці з іх гэта зможа стаць трамплінам у будучыню".


Імёны хэдлайнераў галоўных сцэн ўжо вядомыя. Заводзіць сваімі выступамі на Be2gether 2010 будуць аўстралійскі электра-поп-гурт Empire Of The Sun, брытанскія рок-зоркі Skunk Anansie, дацкае індзі-рок-трыа WhoMadeWho, украінскія ска-рок-казакі Гайдамакі, брытанскія хіп-хоп гуру Roots Manuva, расійскія ска-панк-зоркі Рубль.

Гедрус Клімкявічус: "Мы адабралі гурты, якія на сённяшні дзень модныя ў свеце. Мы вельмі рады, што ў нас атрымалася запрасіць Empire of The Sun — з'яву ў сучаснай музыцы, якія да таго ж славяцца яскравымі шоў. Артыстаў учарашняга дня мы адмыслова не запрашалі на фестываль і не будзем запрашаць далей".


Але ж у параўнанні з мінулымі гадамі, сёлетні line-up Be2gether многім аматарам музыкі падаецца больш простым. Чаму пасля такіх гасцей як Tricky, Morcheeba, Fishbone ды іншых, арганізатары вырашылі запрасіць, да прыкладу, Skunk Anansie, якія цягам апошніх 8-мі гадоў амаль не ладзілі канцэртаў ды і не існавалі як гурт, Еўрарадыё распавёў Гедрус Клімкявічус.

Гедрус Клімкявічус: "У той час, пакуль гурт спыніў сваю дзейнасць, Скін (ваклістка Skunk Anansie – аўт.) шмат выступала сольна. А ў мінулым годзе гурт Skunk Anansie аб'явіў пра сваё вяртанне на сцэну. Сёлета іх удзел заяўлены ў шэрагу еўрапейскіх фэстаў. Да таго ж гурт працуе над новым альбомам. Мне падаецца, што гэта будзе вельмі цікавым. Што тычыцца астатніх хэдлайнераў — і Roots Manuva, і Empire Of The Sun — мы лічым, што гэта дасягненне, што яны прымуць удзел у Be2gether".


Беларусь на галоўнай сцэне прадставіць легенда беларускага року Лявон Вольскі, які і раней прымаў удзел у фэсце ў складзе N.R.M. Гэтым разам музыкант збіраецца прадставіць гледачам фэсту "стадыённы" варыянт сваёй сольнай праграмы "Белая яблыня грому".


Лявон Вольскі: "Для мяне сёлетні ўдзел у фестывалі — вялікая падзея, бо "Белая яблыня грому", якую я прадстаўлю на фестывалі, — мой першы сур'ёзны сольны праект. Магчыма, мы выканаем не ўсе песні з гэтага альбому, а дадамо яшчэ песень з "Я нарадзіўся тут", напрыклад, ці іншых праектаў".

Фестываль па-ранейшаму развіваецца не толькі ў музычным, але і ў арт-накірунку. На шматлікіх пляцоўках наведвальнікаў Be2gether чакаюць розныя забавы — маляванне, лепка з гліны, гімнастыка. Да таго ж арганізатары фэсту думаюць адабраць некалькі стужак  ранняга чорна-белага кіно "Беларусьфільму".

Эгле Рэмеікайтэ

Гедрус Клімкявічус: "Мы хацелі адабраць некалькі фільмаў і прапанаваць беларускім артыстам агучыць іх на свой манер. Пакуль мы шукаем магчымасці рэалізацыі гэтага праекту і я вельмі спадзяюся, што усё ж такі знойдзем рашэнне для гэтай ідэі".

Акрамя музычных і арт-пляцовак, арганізатары фестывалю штогод ладзяць адмысловыя акцыі: у 2008 і 2009 годзе прапагандавалі ехаць на Be2gether на роварах, да гэтага разам з гледачамі і ўдзельнікамі фэсту саджалі траву.

"У гэтым годзе мы ладзім акцыю green together — будзем заклікаць усіх адказна ставіцца да прыроды", — працягвае Гедрус Клімкявічус.

Квіткі на фестываль ужо з'явіліся ў продажы. Іх кошт яшчэ некаторы час будзе складаць 250 тыс рублёў, а з часам будзе расці. Механізм атрымання віз па квітках, набытых у Беларусі, таксама застаецца ранейшым.

"Адзінае новаўвядзенне гэтага году – абавязковая рэгістрацыя гледачоў на сайце арганізатараў", — патлумачыў кіраўнік канцэртнага агенцтва "Лінія гуку" Уладзімір Шаблінскі. — "Трэба будзе запоўніць рэгістрацыйную форму і даслаць яе на сайт. Затым па электроннай пошце чалавек атрымае пацверджанне і далейшыя інструкцыі. Праз 2 дні пасля гэтага можна звяртацца ў амбасаду Літвы за атрыманнем візы".

Уладзімір Шаблінскі

Да таго ж, на сайце "Лініі гуку" ўсе жадаючыя могуць знайсці комікс з працягам, які малюе Лявон Вольскі, дзе ў простай форме тлумачацца адказы на самыя распаўсюджаныя пытанні — кошты на квіткі, як даехаць на фестываль і г.д.


У гэтым годзе арганізатары чакаюць не толькі беларускіх і літоўскіх наведвальнікаў, вядуцца актыўныя кампаніі па далучэнні гасцей з Масквы, Піцера, Калінінграда, Польшчы і Украіны.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі