Смяротная аварыя адбылася на трасе М-5 Мінск — Гомель 29 снежня ў 23:40.
Як піша тг-канал "Мая краіна Беларусь", 46-гадовы гамяльчук Сяргей Каламіец па дарозе ў сталіцу ўрэзаўся у аўтамабіль ЗІЛ, які спыніўся ў крайняй правай паласе праз тэхнічную няспраўнасць. За рулём ЗІЛа быў 20-гадовы кіроўца.
Ад атрыманых цялесных пашкоджанняў гамяльчук памёр на месцы ДТЗ. У яго засталося двое дзяцей.
Па фатаграфіях з месца аварыі, апублікаваных гомельскай ДАІ, выявілася, што гамяльчук урэзаўся ў вайсковы аўтамабіль — транспартна-зараджальную машыну на базе ЗІЛ-135лм.
Гэта аўтамабіль прызначаецца для транспартавання і загрузкі ракет у ракетныя ўстаноўкі для комплекса "Ураган". На фота з месца аварыі зараджальнае прыстасаванне грузавіка накрытае тэнтам. Магчыма, пад ім ёсць і ракеты. На бартах грузавіка можна пабачыць сляды зімовага камуфляжу. Апазнавальных знакаў беларускага ці расійскага войска на фота не бачна.
Як адзначаюць у тг-канале "Мая краіна Беларусь", такія аўтамабілі масава ездзілі па дарогах Гомельшчыны перад пачаткам расійскага ўварвання ва Украіну ў студзені-лютым 2022 года.
