Вы тут

Галыгін: Ведаю беларускую мову не горш за тых, хто з гэтай нагоды рот раскрывае!

Вадзім Галыгін, кадр з кліпа "8 сакавіка"

Да 8 сакавіка актор Вадзім Галыгін сумесна з расійскай групай "Ленінград" прэзентавалі кліп на песню, якая так і называецца "8 сакавіка". Кліп выклікаў неадназначную рэакцыю ў беларусаў. Еўрарадыё даведалася рэакцыі Вадзіма Галыгіна на рэакцыю беларусаў.

Еўрарадыё: Ці чакалі вы такога рэзанансу ад вашай сумеснай з “Ленінградам” песні?

Вадзім Галыгін: Мы і разлічвалі на грамадскі рэзананс. Я вельмі рады, што правільныя людзі адрэагавалі на песню правільна і зрабілі, хутчэй за ўсё, правільныя высновы, станоўчыя.

Еўрарадыё: А няправільныя адрэагавалі негатыўна?

Вадзім Галыгін: На шчасце, мала хто ўспрыняў песню негатыўна. Паглядзіце самі на колькасць каментарыяў адных і другіх. Негатыў ідзе ад саміх людзей: яны не тое каб успрынялі негатыўна — проста чакалі нейкага калыхання, каб праявіць сябе. Гэта людзі, якія едуць на чужой працы, на чужых нейкіх стваральных момантах. Каб хоць неяк праявіць сябе і выпаўзці на гэтую хайп-хвалю. А не трэба шукаць нейкіх схаваных сэнсаў, апроч тых, што закладзеныя ў самім творы. У дадзеным выпадку тут у сатырычна-гумарыстычнай форме паказаныя ўсе магчымыя заганы, якія наспяваюць у грамадстве. І якія яшчэ не позна спыніць. У гэтым творы ўсё паказана і ўсё сказана.

Еўрарадыё: Усё навідавоку, падтэкстаў няма? А то тут нават з прымяненнем псіхалогіі спрабуюць дазнацца, што там на самай справе гэтым “творам” Галыгін і Шнур хацелі сказаць!

Вадзім Галыгін: А дзе гэта ўсё адбываецца? Нехта выказвае сваё асабістае меркаванне ў сацсетках. Гэта ўсё адно што, паслухаўшы песню, выйсці на балкон і крычаць: “Я паслухаў песню такую — яна мне не падабаецца!”. Але ж гэта не больш чым інтэрнэт! Калі б гэта было паказана на канцэрце на нейкім цэнтральным тэлеканале, я б яшчэ больш узрадаваўся, бо яшчэ большы б рэзананс быў! Навошта нейкія сэнсы шукаць, разбіраць? Там жа ўсё сказана: на жаль, свята 8 сакавіка пачынае рабіцца не больш чым каляндарнай датай. Што вельмі шмат адзінокіх жанчын, мужыкоў усё менш і менш застаецца. З розных прычын. У тым ліку праз той лад жыцця, які і паказаны ў кліпе.

Твор гэты зроблены сумеснымі намаганнямі расійскай групай “Ленінград” і беларускім вытворцам — мной. І мы кажам, што паказанае ў нашым творы — тэндэнцыя, якая можа стаць вялікай бядой на тэрыторыі ўсёй постсавецкай прасторы, Беларусі і Расіі ў прыватнасці. Мы, на жаль, наперадзе ўсіх краін, што п’юць. І мы хочам паказаць, што мужчыны павінныя любіць жанчын, жанчыны — мужчын, аказваць адно аднаму знакі ўвагі, а не купляць у каляндарныя даты шкарпэткі ці яшчэ што. Ды яшчэ і не данесці свой падарунак. Гэта ўсё і было намі паказана ў лёгкай і гумарыстычнай форме. А калі ў некага нешта не ў парадку з галавой і ён шукае нейкія схаваныя псіхалагічныя сэнсы — сцяг ім у рукі. Мільёнам гэта проста падабаецца — і ў Беларусі, і ў Расіі, і ў бліжнім замежжы. Кажуць: “Нарэшце беларусы нешта чарговы раз якаснае зрабілі — даўно нічога не было чуваць”. І я рады і шчаслівы, што ў нас усё атрымалася. Бо ўся каманда працавала бясплатна. А тых, хто піша, што “дзеля грошай такое”, мне шчыра шкада. Але калі нехта там з нечым катэгарычна не згодны, то, можа, яму трэба крыху вочы расплюшчыць і ад’ехаць ад Мінска ў любы бок кіламетраў на 60. І ўсё стане відавочным і зразумелым.

Еўрарадыё: Людзі выпіць любяць, і не толькі ў вёсцы…

Вадзім Галыгін: І гэта праблема не толькі Беларусі: гэта набірае абароты і ў Расіі, і ва Украіне, і ў Літве. Але ў нас там не пратэст і не змаганне з алкаголем, не. Там проста зварот, каб звярнулі ўвагу людзі на тое, што тэндэнцыя набірае абароты. А так гэта гумарыстычны і мастацкі твор. Я мастак — я так бачу. І мне чыесьці разбіральніцтвы... Толькі часам гэтыя разбіральнікі публічна пераходзяць на асобы, на мяне. Яны і выказваюць недахоп выхавання, і паказваюць свае схаваныя маральна-этычныя праблемы. Нам бы варта было ўсіх гэтых людзей проста запомніць.

Еўрарадыё: Вы не лічыце, што, як там пішуць крытыкі, якіх варта запомніць, што вы зняважылі беларускую мову, спяваючы на ёй такую пошласць?

Вадзім Галыгін: Для тых, хто кажа, што зняважылі мову, хачу сказаць, што для мяне гэтая мова такая ж родная. І я, між іншым, магу ў яе веданні яшчэ і пацягацца з тымі, хто з гэтай нагоды рот раскрывае. Кліп жа, дарэчы, зроблены на трасянцы. На жаль, у нас на літаратурнай форме беларускай мовы нашай прыгожай ніхто не размаўляе. А менавіта на такой вось трасянцы ўсе і гамоняць. Я не кажу, дрэнна гэта ці добра, але казаць, што тут нейкі гонар мовы закрануты... Так, гэта чыста беларускі прадукт, з мовай, на якой пераважна гавораць у Беларусі. Ніякай знявагі тут няма.

Еўрарадыё: Прыемна чуць, што і вы мову родную не забылі, можаце добра на ёй гаварыць…

Вадзім Галыгін: Менавіта так! Але зараз я гэтага не буду рабіць. Бо ў нас, дзякуй Богу, дзве дзяржаўныя мовы. Што да знявагі мовы, то я нагадаю, што ў нас ёсць фальклор, частушкі з выкарыстаннем моцнага слова. Дык гэта лічыцца культурнай спадчынай і гэта весела, а тут пачалі калупацца і шукаць нейкія сэнсы! А на такой мове пісалі паэмы некалі. Тым жа Пушкіным, які для ўсіх вялікі. А хто хоча ў нечым знайсці нешта, той і да буквара прыдрацца можа. А для мяне гэта мастацкі твор гумарыстычнага зместу з невялікім сацыяльным падтэкстам. А крытыкі… Вы лепш пайдзіце і зрабіце што карыснае для свайго народа, сваёй мовы, сваёй дзяржавы — тады і пагаворым на роўных.

Еўрарадыё: Вы чыталі каментары вашай жонкі на крытыку? Як да іх паставіліся?

Вадзім Галыгін: Я асабліва не ў курсе, што там адбывалася, але яна мае права на ўласнае меркаванне, і яно было выказанае. Усё, што адбываецца ў сацсетках, альбо вырванае з кантэксту, альбо асабістыя нейкія, даўно не дагавораныя рэчы. Самая апошняя справа — каментаваць каментары з сацсетак. Чым сядзець там, лепш пайсці і нешта карыснае зрабіць. Сацсеткі разбіраюць падсвядомасць і свядомасць і зводзяць нас з рэчаіснасці ў кулуарныя, гнілыя прыцемкі. Так што калі там што і было, то гэта была рэакцыя жонкі, якая абараняла свайго мужа.

Еўрарадыё: Як лічыце, ваша песня паспрыяе папулярызацыі беларускай мовы?

Вадзім Галыгін: Не думаю. Для гэтага трэба больш рабіць розных культурна-масавых мерапрыемстваў, пісаць больш твораў, песень, вершаў на беларускай мове. А сёння мы маем сітуацыю, калі на мове мала хто што робіць. Апошняе месца, дзе мова гучыць прыгожа, — радыё і ад асобных вядучых тэлебачання. Трэба больш песень пісаць на беларускай мове, кіно добрае здымаць.

Еўрарадыё: З мэтай папулярызацыі беларускай мовы пагадзіліся б з вашай песняй на канцэрце на Дзень Волі выступіць?

Вадзім Галыгін: Гэта не для таго песня! Гэтая песня — жарт-паштоўка непасрэдна да свята 8 сакавіка. Гэта не азначае, што яе зараз трэба паўсюль засоўваць толькі таму, што там ёсць фрагмент моўнага пераймання. Навошта гэтыя падмены: калі ён гаворыць на беларускай мове — значыць ён нейкі нацыяналіст. Навошта гэтыя ярлыкі? У нас выдатная парытэтная сітуацыя, дзве дзяржаўныя мовы, не трэба сутыкаць людзей па моўнай прыкмеце. Для мяне ўсё гэта было зроблена з патрыятычнага пункту гледжання, і я рады, што ўся каманда складалася з беларусаў. Я — беларус і амаль за 20 гадоў жыцця ў Расіі ніколі не думаў свой пашпарт памяняць.