Вы тут

Галоўныя тэксты Еўрарадыё ў 2019 годзе: выбар рэдакцыі

Еўрарадыё ў 2019

1 студзеня мы апублікавалі топ самых чытаных тэкстаў Еўрарадыё ў 2019 годзе. А сёння далі слова нашым журналістам: якія тэксты яны лічаць самымі важнымі за год? Атрымаўся яшчэ адзін — вельмі суб’ектыўны, але вельмі важны — топ.

“Каб памятала, якой была пачварай”

Марыя Калеснікава

Год таму Аляксандр Лукашэнка раскрытыкаваў канцэпцыю закона аб хатнім гвалце, назваўшы яго “дур’ю, узятай з Захада”. Працу над дакументам замарозілі. Але ці стала менш гвалту ў беларускіх сем’ях? Толькі за першыя 7 месяцаў 2019 года ад рук хатніх агрэсараў загінула 55 чалавек.

Я пагутарыла з ахвярамі хатняга гвалту. Цела Алёны цягам пяці гадоў было пакрыта сінякамі, а Святлане пра яе “кепскія паводзіны” нагадвае зламаны нос. Ніводная з гераінь майго артыкула ніколі не выклікала міліцыю — было сорамна і страшна, што стане толькі горш. 

Журналісты мусяць кожны дзень распавядаць гісторыі ахвяр хатняга гвалту, каб яны не баяліся пазваніць у міліцыю, і разумелі, што тое, што з імі робяць, ненармальна. Мы мусім распавядаць гэтыя гісторыі кожны дзень, каб урад вярнуўся да працы над законапраектам, а грамадства зразумела, што біць сваіх родных нельга. А калі б’еш — сядзеш. 

“Адбыўся цуд”. Неабыякавы беларус купіў каляску для дзяўчынкі з ДЦП

Раман Васюковіч

У чэрвені 2019 года жыхарка Полацка Кацярына Кудраўцава звярнулася ў рэдакцыю Еўрарадыё. Кацярына расказала, што мае патрэбу ў спецыяльнай калясцы для сваёй малой дачкі Жэні з ДЦП. Старая каляска зламалася, а без яе Жэня не можа выйсці на вуліцу. Кошт каляскі — 1 375 беларускіх рублёў.

Такіх грошай у сям’і не было, бо амаль усе сродкі сыходзілі на лекі для дзіцяці.

Літаральна ў той жа дзень, калі Еўрарадыё расказала пра Жэню з Полацка, у рэдакцыю звярнуўся наш слухач і прапанаваў сваю дапамогу. Чалавек купіў каляску ў інтэрнэт-краме, а кур’ер праз два дні даставіў яе ў Полацк. Слухач пажадаў застацца ананімным, а ў Жэні Кудраўцавай з’явілася новая каляска.

пагэтыбок#: як Стас з Гродна ратуе людзей, якія выходзяць з турмы 

Наста Бойка

Галоўным сваім тэкстам году лічу гісторыю Станіслава Цыбінскага з Гродна, які адсядзеў 16 год за кратамі, але выйшаў і не здаўся. Гэта той выпадак, калі мая праца змагла змяніць жыццё чалавека.

Стас дапамагае такім, як ён, не згубіцца ў вольным свеце пасля турмы, знайсці сябе і вярнуцца да паўнавартаснага жыцця. Калі ў вас ёсць непатрэбныя мужчынскія і жаночыя рэчы, абутак розных памераў, пішыце на [email protected] і мы скантактуем вас са Стасам. Дзякуючы вам каму-небудзь з былых вязняў можа быць больш цёпла гэтай зімой.

“Людзі не ўмеюць разумець і прымаць”

Марыя Вайтовіч

Самым няпростым у працы над гэтым матэрыялам было знайсці кантакт з маці, якім дзеці адкрылі свае сакрэты. Пераканаць іх, што мне можна давяраць.

Кожная размова доўжылася прыкладна тры гадзіны. Спачатку мне трэба было зразумець, чаго баяцца суразмоўніцы, і чаму. Мы дамовіліся працаваць ананімна, і яны паціху пачалі раскрывацца. Некаторыя плакалі, як быццам зноў перажываючы камінг-аўт сваіх дзяцей. Вельмі заўважна, што маці не прынялі сітуацыю да канца. У нашай краіне гэта няпроста. Бо ў грамадстве значна больш размоў аб увядзенні пакарання за "ЛГБТ-прапаганду", чым пра роўныя правы для ўсіх.

"Жыць — балюча". Сум і безнадзёга ў "Дзень цвярозасці" у Лоеве

Аляксей Карпека

Свой тэкст пра паездку на “Дзень цвярозасці” ў Лоеў я лічу самым удалым у мінулым годзе. Атрымаўся добры рэпартаж, дзе я паспрабаваў адначасова распавесці пра цяжкае становішча беларускай перыферыі (людзі сядзяць без працы, співаюцца, у дзяржавы не атрымліваецца на гэта паўплываць) і ў той жа час паказаць нейкую абагульняючую хтанічную атмасферу беларускіх мястэчак, дзе людзі жывуць маленькім жыццём і мала ўвагі звяртаюць на спробы ўладаў неяк умяшацца ў сітуацыю.

Мір, праца, радыяцыя: як у Беларусі адзначалі 1 траўня 1986-га

Павел Свярдлоў, Міхась Ільін, Раман Пратасевіч

1 траўня 1986 года — праз шэсць дзён пасля выбуху на Чарнобыльскай АЭС — у Кіеве, Мінску і іншых гарадах адбыліся першамайскія дэманстрацыі. Людзі выйшлі на вуліцы, не падазраючы пра тое, што паветра забруджанае радыяцыяй. Быў цёплы дзень, шмат хто прывёў на святочнае шэсце дзяцей.

Савецкія чыноўнікі маглі б адмяніць дэманстрацыю. Але не адмянілі. Помнікам гэтаму злачынству сталі тагачасныя газеты, у якіх захаваліся апісанні і фота тых дэманстрацый. Людзі ідуць па вуліцах, усміхаюцца, трымаюць у руках транспаранты, дыхаюць радыяцыяй. А ва ўладаў усё пад кантролем.

На жаль, нашае грамадства не дасканалае, у ім было і застаецца шмат праблем. Таму ў 2020 годзе, напэўна, будуць новыя гісторыі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.