Вы тут

Галоўную рэдактарку "Сильных новостей" аштрафавалі на 540 рублёў

Ганна Якштас у судзе / Радыё "Свабода"

6 кастрычніка ў Гомелі прайшоў суд над галоўнай рэдактаркай сайта "Сильные новости" Ганнай Якштас. Суд Савецкага раёна аштрафаваў яе на 540 рублёў (20 базавых). 

У пратаколе, як паведамляе Радыё "Свабода", міліцыянты напісалі, што Якштас прыняла ўдзел у несанкцыянаваным шэсці, выдаючы сябе за акрэдытаваную журналістку і "незаконна выкарыстоўваючы бэдж і камізэльку "Прэса". Сама гамяльчанка заявіла што займалася журналісцкай дзейнасцю і здымала акцыю пратэсту.

Як распавядала Еўрарадыё, Ганну і Дзяніса Якштасаў затрымалі 3 кастрычніка. 5 кастрычніка Дзяніса Якштаса асудзілі на 15 сутак арышту. У гэты ж дзень у рэдакцыі "Cильных новостей" адбыўся ператрус. Міліцыянты канфіскавалі ўсю аргтэхніку і мабільныя тэлефоны. 

У Якштасаў — непаўналетнія дзеці. Да суда Ганна Якштас правяла ў ІЧУ тры дні. Беларускае заканадаўства забараняе асуджаць на суткі маці непаўналетніх дзяцей, але дазваляе трымаць іх да трох сутак перад судом.

Таксама 4 кастрычніка затрымалі журналістку "Сильных новостей" Надзею Пужынскую. Яна дгэтуль знаходзіцца ў ізалятары часовага ўтрымання. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.