Фюле: Мы гатовыя да дыялогу па мадэрнізацыі з Беларуссю

Пра гэта ў Бруселі на сустрэчы з журналістамі паведаміў еўракамісар па пытаннях пашырэння і палітыкі добрасуседства Штэфан Фюле.

“Мы гатовыя да дыялогу па мадэрнізацыі з Беларуссю. Пару дзён таму ў Мінску адбылася сустрэча ўсіх чатырох працоўных груп, якія займаюцца арганізацыяй дыялогу”.

Нагадаем, “Дыялог” стартаваў 29 сакавіка. Плануецца, што прадстаўнікі ЕС разам з беларускімі апазіцыйнымі палітыкамі і грамадскімі актывістамі будуць абменьвацца поглядамі і ідэямі пра рэформы ў Беларусі, развіццё яе адносін з ЕС і пра магчымую падтрымку Еўрасаюза. Дыялог засяроджаны на чатырох ключавых сферах: палітычная рэформа; рэформа судовай сістэмы і людскія кантакты; пытанні эканамічнай і галіновай палітыкі; гандаль і рынкавыя рэформы.

Нягледзячы на аб’яўленыя еўракамісарам Штэфанам Фюле “пошукі дыялогу”, еўрадэпутаты па-ранейшаму выказваюцца наконт нашай дзяржавы жорстка і катэгарычна.

“Расія, Арменія і Азербайджан у лепшай сітуацыі, чым Беларусь. Бо ў дачыненні да гэтай краіны ўвогуле немагчыма размаўляць пра свабодныя СМІ і свабоду выказванняў”, — адрэзаў падчас сустрэчы з прэзідыума Марэк

Мігальскі, удзельнік дэлегацыі Еўрапарламента ў Парламенцкім Камітэце

супрацоўніцтва “ЕС-Расія”.

Магчымасці паразмаўляць з камісарам Штэфанам Фюле тэт-а-тэт у журналіста “Еўрарадыё” не было. Выказаць пазіцыю па Беларусі для нас пагадзіўся Петэр Стана, афіцыйны прадстаўнік Еўрапейскай Камісіі па пытаннях пашырэння і палітыкі добрасуседства, якую ўзначальвае Штэфан Фюле. Дарэчы, спадар Стана займаецца менавіта беларускім накірункам.

Еўрачыноўнік засяродзіў увагу на тым, што супрацоўніцтва з Еўрасаюзам у першую чаргу адаб’ецца на шараговых грамадзянах нашай краіны:

“Гэта прынясе выгаду людзям, таму што мы маем развіты гандаль, разнастайныя абмены, інвестараў. Гэта прынясе выгаду, таму што людзі могуць свабодна падарожнічаць, без віз і пашпартоў. Для ўсіх суцэльная выгада, — тлумачыць Петэр Стана. — Але ёсць краіны (сярод іх Беларусь), дзе паняцці свабоды, дэмакратычных каштоўнасцяў не паважаюцца прадстаўнікамі ўлады. Яны вельмі добра разумеюць, што азначае свабода волевыяўлення, але не хочуць бачыць гэтага, не хочуць падобныя паняцці пазнаваць і не дазваляюць гэтага сваім людзям”.

Пры гэтым спадар Стана не дае канкрэтных рэцэптаў, як прывіць беларускай палітычнай эліце еўрапейскія каштоўнасці, як аздаравіць знешнюю палітыку ў дачыненні да Заходняй Еўропы.

“Мы не можам прапісаць беларускім людзям рэцэпт, што рабіць. Мы можам толькі дапамагаць і падтрымліваць іх шлях да дэмакратыі, — працягвае Петэр Стана. — Гісторыя вучыць, што наймацнейшая ўлада гэта звычайныя людзі. Таму самае галоўнае – клапаціцца пра насельніцтва краіны, даваць яму свабоды, даваць добрыя ўмовы для жыцця. Мы спрабуем патлумачыць прадстаўнікам вашай улады, што гэта азначае еўрапейскія каштоўнасці. Але яны не ўспрымаюць гэтага, бо падобна, што адчуваюць сябе на сваіх пасадах даволі камфортна”.

Рэальныя шляхі, якімі магчыма прыйсці да дыялогу, ніхто не называе. Пакуль на публічным узроўні еўрачыноўнікі працягваюць катэгарычна стаяць на сваім:

“Сапраўдны дыялог можа пачацца, калі ўсе палітычныя зняволеныя будуць вызваленыя. Беларускі ўрад вельмі добра ведае гэта, — дэкларуе ў інтэрв’ю Еўрарадыё шэф дэлегацыі Еўрапарламента ў Парламенцкай Асамблеі “Еўранэст” Крысціян Вігенін. — І мы вітаем той факт, што многія з палітычных зняволеных ужо на волі. Але я хачу падкрэсліць, што для сапраўднага дыялогу ніхто з іх не павінен быць у турмах”.

Крысціян Вігенін адзначыў, што ўмяшанне ва ўнутраныя справы Беларусі, спробы сілавых зменаў улады ў нашай краіне пры пасрэдніцтве Еўрасаюза немагчымыя. Еўрачыноўнік запэўнівае, што афіцыйны беларускі бок цудоўна ведае спосабы, як наладзіць больш-менш цывілізаваныя стасункі ў кірунку “Беларусь-Еўрасаюз”. Аднак папярэджвае: некаторыя ранейшыя прыёмы, якія ўжывалі беларускія дыпламаты, у выпадку новага дыялогу не спрацуюць:

“Мы не гатовыя зноў гуляцца ў гэтыя гульні. Спачатку палітычныя зняволены вызваляюцца пасля пачынаецца дыялог. Потым гэта ператвараецца ў замкнёнае кола: палітычныя вязні зноў у няволі. Гэта выглядае бессэнсоўна. Мы хочам бачыць канструктыўныя крокі з беларускага боку. Калі яны (беларускія ўлады. Еўрарадыё) хочуць, калі яны жадаюць супрацоўнічаць з намі, яны ведаюць, што рабіць. Як толькі яны гэта зробяць мы гатовыя працягваць дыялог”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі