The Fraiz "Paraslov"

120413 Agljadacha.mp3

Працягваем разглядаць дэбютныя альбомы беларускіх гуртоў. Сёння мы дабраліся да Брэста, гурта The Fraiz і іх першага паўнавартаснага альбома “Paraslov”. Над дыскам хлопцы працавалі не адзін год, шукалі стылістыку, манеру, падачу, але ў выніку ён пакідае нейкія незразумелыя ўражанні. З аднаго боку іх песні амаль не выклікаюць жадання прытопваць, ці спяваць падчас праслухоўвання, яны надоўга не застаюцца ў памяці… а з іншага, калі гучаць апошнія акорды дыска, разумееш, што такі брыт-поп цябе цалкам задавальняе.

Цалкам магчыма, што на гэта моцна ўплывае расстаноўка песень. Дакладней, тое, што адзін з наймацнейшых нумароў, які, дарэчы, і даў назву альбому, стаіць першым. Трэк “Paraslov” адразу заражае сваім драйвам і дае надзею на тое, што і ўвесь дыск будзе такім жа імклівым, гітарна-вакальным, цікавым рытмічна і меладычна.

Асобна варта адзначыць вакаліста гурта Паўла Ферэнца і яго любоў да вакальных гульняў. Усе фішачкі з зацягваннем галосных, зрывамі, кароткімі выхадамі амаль на фальцэт, выконваюцца прафесійна без “даплывання” і слухаюцца вельмі арганічна. Прычым, гэта той рэдкі выпадак, калі вакаліст рок-гурта цалкам абыходзіцца без “рыкаў”, сіпатасці, крыкаў, але пры гэтым не становіцца занадта салодкім і не пераходзіць на так званы “рускі рок”.

Калі вакал сапраўды прыцягвае ўвагу, то вось пра тэксты такога не скажаш. У адрозненні ад вакалу, тэксты акурат пераходзяць “мяжу салодкасці”. Часта складана злавіць іх сэнс, тую глыбокую ідэю, якую музыкі хацелі данесці да слухача. Стылістычна жа, пакуль слухаеш альбом, узгадваюцца гурты “Торба на круче”, “Спасение”, маладыя BeZbileta, "Технология", але пры гэтым нельга сказаць, што The Fraiz сапраўды падобныя да іх. Проста некаторыя ўраўкі іх трэкаў чамусьці раптоўна выклікаюць пэўныя асацыяцыі.

Музыкі не баяцца выкарыстоўваць розныя прымочкі, дадаваць камп’ютарных эфектаў, і правільна робяць, бо аранжыроўкі на гэтым толькі выйграюць. Адзінае, незразумела, чаму на вокладцы альбома сярод музыкаў не значыцца дыджэй ці клавішнік. Ёсць толькі музычнае прадзюсаванне альбому, то бок праца над матэрыялам выключна ў студыі!.. Атрымліваецца, на жывых выступах песні з гэтага дыска будуць гучаць зусім па-іншаму!?

Натуральна, альбом “Paraslov” гурта The Fraiz складана назваць дэбютным. Гучанне калектыву на ім выдатнае, рэдкае для апошніх рэлізаў. Але пры гэтым усё роўна застаецца адчуванне нейкай недаказанасці. Нібыта музыкі выкладаліся, як маглі, так бы мовіць, шукалі сябе, у выніку знайшлі, але пакуль не канчаткова. Але вось чаго дакладна хапае аднаму з самых прэтэнцыёзных калектываў Брэста, дык гэта энергетыкі ды драйву. Хлопцы яго не тое што выстрэльваюць, ты рэальна захлынаешся іх падачай.

На завяршэнне дадам, што альбом даступны для любога інтэрнэт-карыстальніка. Прычым, абсалютна бясплатна. Таму лепш усё ж скачаць і паслухаць самастойна. Аматары поп-рока абавязаныя атрымаць асалоду ад яго праслухоўвання. Авось тыя, хто любіць музыку пацяжэй, так бы мовіць, памясісцей, застанецца толькі ўразіцца сапраўдным “жывым” драйвам брастаўчан.

Трэк-ліст:

1. The Fraiz - Paraslov
2. The Fraiz - Громче нас
3. The Fraiz - Fraiz-n-roll
4. The Fraiz - Bombs
5. The Fraiz - Счастье
6. The Fraiz - Весь мир твой
7. The Fraiz - Взгляд ребенка
8. The Fraiz - Закат потерянного поколения
9. The Fraiz - Внутри я танцую
10. The Fraiz - Побольше жизни
11. The Fraiz - Ближе на шаг
12. The Fraiz - Dance
13. The Fraiz - Эфир
14. The Fraiz - Утро (Unplugged)

Музыка і тэксты – The Fraiz

Склад:
Бас - Віктар Лукашэвіч
Вакал - Павел Феранец
Гітара - Алег Шарко
Гітара - Павел Барысюк
Ударные - Андрэй Мыц

Музычнае прадзюсаванне альбома, запіс, звядзенне, майстарынг – Зміцер Галадко, Studio Forz (Мінск)

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі