Вы тут

ForeignPolicy: дні Лукашэнкі злічаныя, і цяпер Захаду не час расслабляцца

Старонка сайта foreignpolicy.com / Еўрарадыё

Амерыканскі сайт ForeignPolicy выпусціў артыкул з загалоўкам "Захад ставіцца да Лукашэнкі сур'ёзна, але недастаткова сур'ёзна". У ім два эксперты — Улад Кобец, выканаўчы дырэктар Міжнароднай сеткі стратэгічных дзеянняў па бяспецы, і Дэвід Крамер, былы памочнік дзяржаўнага сакратара па пытаннях дэмакратыі і правоў чалавека, адзначаюць, што беларускі рэжым змяніў свае паводзіны праз санкцыі, але ЗША трэба падцягнуцца ўслед за ЕС, а магчыма, і ўзмацніць ціск на Расію, якая падтрымлівае Лукашэнку.

"У кожным разе санкцыі, здаецца, прывялі да таго, што рэжым у Мінску вызваліў Рамана Пратасевіча, беларускага журналіста, які ляцеў на ўкрадзеным рэйсе Ryanair, з турмы і замест гэтага змясціў яго пад хатні арышт. Яго і яго рускую сяброўку Сафію Сапегу катавалі ў час утрымання пад вартай. У час зняволення яны выступалі на дзяржаўным тэлебачанні відавочна пад прымусам, усхваляючы Лукашэнку і адмаўляючыся ад сваёй мінулай дзейнасці", — піша ForeignPolicy.

Скрыншот з артыкула ForeignPolicy

Як піша выданне, сустрэча Лукашэнкі з Пуціным у Сочы стала самай сяброўскай за апошнія гады. Расійскі лідар відавочна не хоча бачыць падобны да Украіны і Грузіі сцэнар змены ўлады ў Беларусі, таму і падтрымлівае Лукашэнку фінансава: "Захад павінен працягваць спыняць яго фінансавую падтрымку і зацягваць пятлю вакол яго, каб дамагчыся адхілення Лукашэнкі ад улады".

ForeignPolicy адзначае, што фінансавую падтрымку рэжыму ў Беларусі забяспечваюць расійскія "кашалькі рэжыму". Таму, акрамя ўведзеных раней санкцый, аналагічныя варта ўжыць да Ашчадбанка і яго генеральнага дырэктара Германа Грэфа. Тры іншыя расійскія дзяржаўныя фінансавыя ўстановы — Банк ВТБ, ВЭБ.РФ і Газпрамбанк — адыгрываюць ключавую ролю ў банкаўскім сектары Беларусі і таксама павінны падпасці пад санкцыі.

"Да гэтага спіса варта дадаць расійскіх прапагандыстаў, у тым ліку супрацоўнікаў расійскай дзяржаўнай тэлекампаніі RT, якіх прывезлі ў Мінск. Яны не журналісты, а небяспечныя лёкаі рэжыму".

Расійскія кампаніі, нацэленыя на набыццё актываў у Беларусі, таксама павінны стаць мішэнню. Да іх адносяцца кантраляваная дзяржавай газавая кампанія "Газпрам", нафтавыя кампаніі "Слаўнафта" і "Раснафта", а таксама вытворца калійных угнаенняў "Уралкалій". Дарэчы, як лічаць эксперты, санкцыі ЕС зніжаюць імавернасць куплі "Беларуськалія" "Уралкаліем", але не выключаюць яе.

"Ціск Захаду на рэжым Лукашэнкі павінен працягвацца, пакуль ён не сыдзе, — кажуць аўтары артыкула. — Без палітычнай, фінансавай дапамогі і дапамогі ў сферы бяспекі Пуціна з Лукашэнкам даўно б скончылі. Лукашэнка ўжо прынёс у ахвяру незалежнасць і суверэнітэт Беларусі, узмацніўшы сваю апору на падтрымку Расіі. Вось чаму так важна ўключыць у санкцыі расійскіх прыхільнікаў. Дні Лукашэнкі злічаныя, і цяпер Захаду не час расслабляцца".

Выданне ўспамінае, што ў час сваёй нядаўняй паездкі ў Еўропу прэзідэнт ЗША Джо Байдэн павінен быў сустрэцца са Святланай Ціханоўскай у знак салідарнасці з беларускім народам, а "сямёрка" павінна была запрасіць яе далучыцца да свайго сходу.

"Гэтыя страчаныя магчымасці могуць быць кампенсаваныя належным прыёмам у Вашынгтоне, уключаючы сустрэчу з Байдэнам і сябрамі Кангрэса ЗША. У канцы траўня ЕС прапанаваў пакет дапамогі ў памеры 3,7 мільярда долараў, які набудзе моц, "як толькі Беларусь стане на дэмакратычны шлях". Было б важна, каб Злучаныя Штаты зрабілі такую прапанову ў час яе візіту".

"Будучы візіт Ціханоўскай у Вашынгтон — гэта магчымасць для Злучаных Штатаў прадэманстраваць сваю стойкую апазіцыю Лукашэнку і яго расійскім прыхільнікам", — падсумоўваюць эксперты.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.