Фольк-фэст "Камяніца" чакае 5 тысяч гледачоў

Менавіта такую лічбу называе каардынатар імпрэзы Сяргей Чагрынец і дадае, што пры спрыяльным надвор’і людзей можа быць і больш. Па словах Сяргея, добрай колькасці наведвальнікаў “Камяніцы” сёлета будзе таксама спрыяць і адмыслова наладжаная транспартная сувязь.

Сяргей Чагрынец: “У нас ёсць дамоўленасць з кампаніяй маршрутнага таксі, якая займаецца перавозкамі людзей. Транспартная сувязь будзе забяспечана. Гэтае пытанне вырашана на 200 адсоткаў. Таму хвалявацца наконт даезду не толькі туды, але і назад, гэтым разам не давядзецца”.

Як і ў мінулым годзе, падчас фэста будуць працаваць кропкі грамадскага харчавання, у якіх можна свабодна набыць піва.

Аматарам цвярозага ладу жыцця музей і арганізатары “Камяніцы” і прапануюць забавы рознага кшталту: ад фехтавання да стварэння ганчарных вырабаў.

Сяргей Чагрынец: “Будуць створаныя месцы, для правядзення гулянняў, дзе адна вядомая каманда будзе забаўляць людзей. Будзе стральба з лука, фехтаванне, гульні з дзецьмі, разбіванне гаршчкоў — такія нацыянальныя забавы. Апроч таго усе экспазіцыі музею, якія ўключаюць у сябе і ганчарную вытворчасць, і кузню, будуць адкрытыя”.

Музычная частка фольк-фэста “Камяніца” пачнецца ў 15.00 і працягнецца да 10-й вечара. Вядома, што хэдлайнерамі мерапрыемства будуць кіты беларускай этна-музыкі — гурты “Троіца” і “Палац”. Апроч іх у фэсце возьмуць удзел іншыя беларускія вядомыя этна-выканаўцы. Не выключана, што на сцэну “Камяніцы” выйдуць госці, пра што намякнуў Еўрарадыё Сяргей Чагрынец.

Сяргей Чагрынец: “Магчыма будуць яшчэ некаторыя сюрпрызы. Магчыма, будуць госці фестываля. Але пра гэта пазней”.

Нагадаем, што арганізатары “Камяніцы” аб’явілі прыём заявак ад гуртоў на ўдзел у фэсце, якія чакаюць да 15 жніўня па адрасе [email protected]. Разглядаць заяўкі і прымаць рашэнне наконт магчымасці ўдзелу той ці іншай каманды ў імпрэзе будуць арганізатары фэста і музыкі Іван Кірчук і Алег Хаменка.

Паводле Алега Хаменкі, адна з мэтаў фэста — папулярызацыя беларускай этна-музыкі ў яе розных праявах, а таксама адкрыццё новых імёнаў.

Алег Хаменка: “Фальклёрныя гурты зарабляюць вельмі не шмат. Але гэта не азначае, што яны граюць нядобра ці іх няма. Іх багата. Іншая справа, што гэтыя імёны нам не такія ўжо і вядомыя. Больш таго, гурты малавядомыя ўвогуле могуць існаваць на паўаматарскім полі. А яно найбольш цікавае. Іншая справа, наколькі прадстаўніча яны здолеюць паказаць свае праграмы на гэтым фэсце. Вось гэта і будзем глядзець”.

Па словах Хаменкі, беларускай этна-музыцы бракуе стасункаў з іншымі музычнымі культурамі, як гэта адбываецца, напрыклад, ва Ўкраіне, адкуль тыдзень таму вярнуўся гурт “Палац”.

Алег Хаменка: “Мы толькі што вярнуліся з фестывалю “Краіна Мрій”, што гэтым разам адбываўся ў Львове. Ён праходзіў ізноў жа ў музеі народнай архітэктуры і побыту. Фэст ужо мае статус міжнароднага. Зразумела, што я ўжо таксама гаварыў, каб найбольш цікавыя фальклёрныя ўкраінскія гурты таксама з’явіліся тут, бо гэта і ёсць тыя фальклорныя стасункі, якія неабходны менавіта фальклёрнай музыцы”.

Арганізатары “Камяніцы” не выключаюць, што фэст аднойчы атрымае статус міжнароднага. А пакуль прапануюць часцей заходзіць на фестывальную старонку http://fest.kamyanitsa.by за даведкамі, датычнымі імпрэзы.

Нагадаем, фэст пройдзе 4 верасня ў Музеі народнай архітэктуры і побыту ў Азярцы.

Еўрарадыё пра "Камяніцу": Фестываль "Камяніца": 9 мільёнаў за 6 гадзін

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі