Фінляндыя пачала ўмацоўваць мяжу з Расіяй
![Мяжа Фінляндыі, ілюстрацыйнае фота](/sites/default/files/styles/gallery_main/public/2023-11/finy-2011.jpg.webp?itok=zcDZRVAE)
Мяжа Фінляндыі, ілюстрацыйнае фота / Памежная служба Фінляндыі
Фінскія вайскоўцы і памежнікі 19 лістапада пачалі ўмацоўваць мяжу ў пункце пропуску Варціўс на мяжы з Расіяй.
"У непасрэднай блізкасці ад шлагбаўмаў узводзяцца ахоўныя збудаванні — гэта значыць, часовыя перашкоды на дзяржаўнай мяжы. Гэта мера па забеспячэнні працы памежнага пункта", — перадае выданне Yle словы начальніка памежнага пункта, капітана Ёўка Кінунена.
Напярэдадні, 18 лістапада, Фінляндыя закрыла чатыры пункты пропуску на паўднёва-ўсходнім участку мяжы з Расіяй. Так фінскія ўлады адрэагавалі на рост колькасці мігрантаў, якія прыбываюць на фінскія КПП з просьбай прытулку. Пры гэтым мігранты не маюць дакументаў, неабходных для перасячэння мяжы, але расіяне іх прапускаюць.
На мяжы з Расіяй Фінляндыя мае яшчэ чатыры КПП. У суботу і нядзелю мігранты сталі з'яўляцца на КПП Варціўс: за нядзелю сюды прыбылі 16 чалавек.
Раней міграцыйны крызіс для ціску на суседнія краіны выкарыстоўвалі беларускія ўлады.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.