Вы тут

Філосаф Павел Баркоўскі, які пасля выбараў звольніўся з БДУ, перайшоў у IT

Павел Баркоўскі / Еўрарадыё​

Былы дацэнт факультэта філасофіі і сацыяльных навук БДУ Павел Баркоўскі цяпер працуе ў IT, паведамляе "Наша Ніва".

У верасні 2020 года ён звольніўся з універсітэта — патлумачыў, што звальняецца пад "ціскам уласнага сумлення".

"Тое, што адбываецца ў краіне, — гэта татальны рэжым гвалту і хлусні. Я не гатовы мірыцца з беззаконнем. Не гатовы мірыцца з тым, што ўніверсітэт аказвае ціск на выкладчыкаў па палітычных матывах", — гаварыў тады Павел Баркоўскі.

Пасля сыходу з БДУ ён паспеў з'ездзіць у Вену на стажыроўку, мог застацца за мяжой, стаць дактарантам у адной з еўрапейскіх ВНУ. Але яму было прынцыпова працягваць працу ў Беларусі. 

"Мне як грамадзяніну важна заставацца тут, прымаць удзел у падзеях, якія адбываюцца ў нашай краіне", — тлумачыць ён. 

Цяпер ён працуе капірайтарам у адной з IT-кампаній.

На пачатку красавіка Павел Баркоўскі быў госцем Еўрарадыё — разважаў у праграме "Ідэя Х" пра нацыянальную ідэю для Беларусі. На яго думку, для нашай краіны лепш за ўсё пасаваў бы канцэпт, прапанаваны каля ста гадоў таму выбітным беларускім філосафам Ігнатам Абдзіраловічам. Яго ідэя гучала досыць па-хуліганску: "Творча разбурым". Гэта азначае, што трэба тварыць і не баяцца ламаць старыя формы, тлумачыць Павел Баркоўскі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.