Фестывальны Віцебск: праваабаронцу Левінава са шпіталю адвезлі ў міліцыю

Сёння ў Віцебску былі затрыманы праваабаронца Павел Левінаў ды распаўсюднік незалежнай прэсы, апазіцыянер Барыс Хамайда.   Падрабязнасці паведамляе нашая карэспандэнтка Ядвіга Сташэўская:

"Паўла Левінава міліцыянты адвезлі ў пастарунак проста са шпіталю, дзе ён знаходзіўся з прычыны прыступу гіпертаніі пасля ўчорашняй размовы з прадстаўнікамі праваахоўных органаў у пракуратуры. Падчас затрыманняў 27 сакавіка Левінаў быў асуджаны да 10 сутак арышту нібыта за дробнае хуліганства (нецэнзурную лаянку). З пастарунку яго адвезлі ў ізалятар часовага ўтрымання для адбыцця арышту".

На Барыса Хамайду склалі адміністрацыйны пратакол за гандаль ў недазволеным месцы. Дарэчы, спадар Хамайда займаецца распаўсюдам незалежнай прэсы каля так званага “сіняга дома” у цэнтры Віцебску ўжо больш як 10 гадоў.

Нагадаем, напярэдадні “Славянскага базара” міліцыянты папярэджвалі Барыса Хамайду, каб ён не з’яўляўся на вуліцах фестывальнага горада, а 11 ліпеня яго арыштавалі на трое сутак, нібыта, за тое, што 60-гадовы Хамайда распачаў вулічную бойку.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі