Фэст МОЖНО! вярнуў беларускаму гледачу Gurzuf і Drum Ecstasy

А гурт Філа Чмыра прэзентаваў публіцы новага бубнача і складаны сэт з трыма ўдарнымі ўстаноўкамі і бас-гітарай.

Нягледзячы на зусім не аксамітнае надвор’е, тры сотні беларусаў такі сарваліся ў Крутагор’е на фэст “Бархатный сезон”. Першай часткай якога ўночы з 3 на 4 верасня стаўся фэст Сашы Багданава МОЖНО!

Гэта не бОян, дзетка!

На выездзе з Мінска нашая машына трапіла ў сапраўдную залеву. “Вось табе і аксамітны вечар,” ― засмучаліся мы, загадзя спачуваючы сабе і іншым аматарам адпачынку на вольным паветры. Але актуальная музыка здзейсніла цуд: Крутагор’е сустрэла нас хмарамі, але сухім асфальтам.

На сцэне перад нешматлікімі гледачамі гралі клезмеры з Morfe Acoustic Band. Тужлівыя матывы, якія выводзіў кларнэт, надавалі мерапрыемству трагічнасці і таго сапраўднага габрэйскага суму, які можна прачытаць у вачах кожнага цвярозага прадстаўніка Б-гам абранай нацыі.

Ля прэс-цэнтра сядзеў самотны Ілля Чарапко-Самахвалаў, які меў выйсці на сцэну МОЖНО! двойчы: з “Кассиопеей” ды з “Петлёй престрастия”. “Не, не халодна! Я апрануў чатыры кофты! Таму да нашага сэту мы дажывем без праблем. Адзінае ― каб прадавалася выпіўка, мы б дажылі... Хутчэй!” ― Падзяліўся музыка з Еўрарадыё.

Але ледзь толькі Саша Багданаў абвясціў Gurzuf, як людзі павылазілі з усіх цёплых шчалінаў, у якіх хаваліся дагэтуль. І высветлілася, што ўсё не так дрэнна! Паглядзець на дуэт Залескі&Забелаў, які за апошнія два гады аб’ездзіў усю Еўропу, а ў Беларусі не выступіў ніводнага разу, сабралося блізу 300 чалавек!

“Gurzuf ― гэта не сэнсавае значэнне, не вербальнае, а гукавое. Гэта паветра, якім мы ўсе дыхаем ― вось, Ягор Забелаў дыхае ― праходзіць праз мяхі акардэона і ператвараецца ў гук, ― кажа Арцём Залескі. ― І нясе ўжо зусім іншы сэнс тым людзям, якія гэтым паветрам толькі што дыхалі! Gurzuf і ёсць дыханне гэтага акардэона. Не геаграфія!”

Былі сярод гледачоў такія, каму даводзілася чуць Gurzuf у нямецкіх клубах. Дык вось, яны-та і падказалі, што на крутагорскім “апараце” гурт гучыць зусім не так, як мусіў бы! Далучыўся да гэтага меркавання і Макс Сіры з Rockerjocker: “Вельмі рэжа! Не хапае мяккасці, і нізоў, калі казаць пра звук. А так граюць выдатна! Але гучыць рэзкавата...”

Але тых, хто чуў Забелава і Залескага ўпершыню, гэтыя акалічнасці засмуціць не маглі. Ім папросту не было з чым параўноўваць! І яны стаялі амаль нерухома, убіраючы ў сябе магутны ўраган гукаў. І, як заўжды, складана было паверыць, што гэта граюць усяго два чалавекі...

Свята пакрадзенае

Дзяўчынкі з velcom, пры падтрымцы якога і быў арганізаваны “Бархатный сезон”, падыходзілі да наведнікаў МОЖНО! з нэтбукам і прапаноўвалі проста з лесу ўлезці ў “В Контакте” і, напрыклад, змяніць свой статус. Але падчас выступу гурта “Нагуаль” зніклі і яны. Справа ішла да апоўначы. Пачалася гульня ў палярнікаў.

Лёня Паўлёнак

Тым не менш, менавіта “Нагуаль” здолеў узняць на вушы гледачоў, якія ці то былі заварожаныя, ці то папросту не паспелі раскачацца пад Gurzuf. Нягледзячы на тое, што апошнім часам гурт Лёні Паўлёнка імкне да трансу, на сцэне стала жарка. Далі музыкі волю эмоцыям і на брыфінгу пасля свайго выступу:

“Што гэта за дзікарства? Прыязджаеш ты з сям’ёй адпачыць, а на ўваходзе цябе пачынаюць шманаць з металашукальнікам... Ад чаго нас імкнуцца зберагчы? Ад чаго можна выратаваць, абшукваючы на ўваходзе на фестывальную пляцоўку куфары з інструментамі музыкаў?”

І гэты космас будзе наш!

На кожным МОЖНО! ёсць свой хэдлайнер. Гэтым разам гэта была... Не, не “Кассиопея”, музыкі якой выйшлі на сцэну пасля “Нагуаль” і за першыя ж песні разадралі і скінулі з сябе нязручныя ракеты.

Гэтым разам галоўнай падзеяй МОЖНО! сталіся сталёвыя гітары і пранізлівыя мелодыі “Петли пристрастия”.

Да трэцяй гадзіны ночы Ілля Чарапко-Самахвалаў, як кажуць, дайшоў да кандыцыі. Яго і так не папракнеш у слабой харызме. Але тут ён пераплюнуў адначасова Сяргея Міхалка і Аляксандра Кулінковіча, двух найбольш заўважных франтмэнаў беларускага року. Шкада, калі вы не бачылі!

Папярэднічалі “пятлі” выступы “Серебряной свадьбы” і “The Toobes”. Абодва гурты выдалі тое, што ад іх чакалі: шалёныя скокі па сцэне з энергічным вакалам у “тубсаў”...

...і дарослая дзіцячая радасць у Святланы Бень.

Пісаць пра “Серебряную свадьбу” робіцца ўсё больш складана. Кожны выхад гурта на сцэну ― самастойная падзея, вартая такога ж пільнага разгляду, як двое каханкаў-мікробаў пад лупай біёлага ў адной з песень Бенькі. Гэта не проста паэт і песні, не проста музыкі і выкананне, не проста акторы і тэатр-кабарэ.

Нездарма венесуэльцу, які не валодаў рускай мовай і ўвогуле выпадкова трапіў на МОЖНО!, так і не здолелі патлумачыць, што ж такое адбывалася на яго вачах.

"Калі казаць цалкам аб'ектыўна і без усякага акторнічання, творчасць "Серебряной свадьбы" — гэта песні, якія я пішу ў пэўныя перыяды жыцця. Яны і кранальныя, і хуліганскія, і пафігістычныя, і рэвалюцыйныя. Яны вельмі розныя, — кажа Святлана Бень. — Калі яшчэ больш дакладна — гэта музыка, якая адлюстроўвае жыццё адной жанчыны".

Сам не гам, і іншым не drum!


Незразумела, чаму выступ Drum Ecstasy, якіх чакалі, бадай што, больш за ўсіх, паставілі на 4 гадзіны раніцы. Легенда альтэрнатыўнай сцэны ўпершыню грала ў Беларусі з новым бубначом Змітром Харытановічам. І на гэта б з задавальненнем шмат хто паглядзеў, але...

“Мы вырашылі граць вельмі складаную праграму. І таму былі нават крыху хацелі, каб людзей было не шмат, бо баяліся лажануць. Ну вось, і атрымалася, што людзей сапраўды было няшмат, а мы не лажанулі!” ― распавёў Еўрарадыё лідар DE Філ Чмыр.

Па традыцым, закрываў МОЖНО! гурт Cherryvata. Калісьці ў “Рэактары” іх не адпусаклі са сцэны без Mountains and Spaces на біс. Але ў Крутагор’і слухаць іх папросту не засталося сіл.

4 верасня фэст “Бархатный сезон” працягваецца. Нас чакаюць The Blackmail, Lilac, Pur:Pur і, вядома ж, аўстрыйцы Parov Stelar Band. А таксама капоэйра і майстар-класы па іншых танцах і шматлікія дыджэі на другой сцэне. Чакайце на рэпартаж Еўрарадыё з месца падзеяў ужо заўтра!

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі