Вы тут

Феномен чупакабры: як мексіканскі монстр прыжыўся ў Беларусі (+карта)

Чупакабра / Robert Borashan

Мексіканская міфічная істота, якая смокча кроў коз і кароў, захапіла інфармацыйную прастору Беларусі. З 2011 па 2019 год у розных раёнах нашай краіны то тут, то там з'яўлялася таямнічая "чупакабра", якая знішчала курэй і трусоў, а часам не грэбавала і сабакамі. Улады ўсё адмаўляюць, абвінавачваюць ліс, тхароў, рысяў або янотападобных сабак. Але людзей ужо не спыніць і не пераканаць. Чупакабра — новы монстр народнай дэманалогіі. Еўрарадыё паспрабавала разабрацца ў феномене беларускай чупакабры.

 

Міграцыя чупакабры. Адкуль яна ў нас?

Апошні раз беларускую чупакабру выявілі нядаўна ва Ушацкім раёне. Але для монстра адна з вылазак скончылася смерцю. Днямі мясцовы жыхар падпільнаваў жывёлу і забіў яго паленам.

Мода на чупакабру прыйшла ў Беларусь з Украіны. У 2009–2010 гадах суседнюю краіну захапіў масавы псіхоз па "чупакабры". Таямнічы звер стаў новым нацыянальным героем у СМІ і новым персанажам народнага фальклору. З кожным днём усё больш міфалагічным і ўсё больш звышнатуральным. Магчыма, калі б у гэты час былі выбары, то яе б абралі прэзідэнтам Украіны. Як табе такое, Зяленскі?

Загалоўкі газетных і тэлевізійных рэпартажаў украінскіх СМІ нагадвалі весткі з фронту барацьбы з пачварамі: "Ва Украіне забіта дзіцяня чупакабры", "След украінскай чупакабры яшчэ не прастыў", "Па Кіеве шнырыць жудасная чупакабра", "На Сумшчыне чупакабра-мутант напаў на школьніка, ледзь не адкусіўшы яму руку", "Сувязь паміж з'яўленнем НЛА і чупакабры знайшлі ва Украіне", "У Кіеўскай вобласці бясчынствуе таямнічая чупакабра", "Чупакабра блукае па Еўропе, дабралася і да Луганска", "Ва Украіне знайшлі мумію чупакабры", "Ва Украіне нашэсце чупакабраў".

Да канца лета 2009 года ўкраінская чупакабра была ўжо настолькі распіярана газетамі і тэлебачаннем, што пасля гэтага пайшоў дзявяты вал паведамленняў пра дзіўных жывёл. Чупакабра стала мроіцца ва ўсім, што рухаецца. Яна нападала на трусоў, курэй, узломвала клеткі, забівала кароў, коней, нападала на людзей. Сталі знаходзіцца яе муміі, шкілеты. Аднаго мужчыну чупакабра пакусала ў яго ўласнай пасцелі. Дзякуй, што не згвалціла.

Адгалоскі медыйнай істэрыі даходзілі да нас нязладжаным рэхам. У 2010 годзе сожскае выданне "Маяк" апублікавала нататку "Галодная чупакабра шнырыць уздоўж беларуска-ўкраінскай мяжы", дзе сцісла расказвалася аб "паляванні на чупакабру" ва Украіне. На пытанне, чаму чупакабра не з'яўляецца ў Беларусі, не п'е кроў нашых трусоў і кароў, аўтар тэксту адказвае проста: на памежным пераходзе памежнікі яго запэўнілі — мяжа на замку, мыш не праскочыць. А чупакабра значна большая, чым мыш, адпаведна, беларускія трусаводы могуць спаць спакойна.

Наколькі ж ён не меў рацыі...

 

Першая кроў. Дачны кааператыў пад Гомелем, 2011 год

Самая ранняя згадка чупакабры ў беларускіх СМІ прыпадае на 2011 год. Менавіта тады істота з мексіканскай міфалогіі пачала бударажыць розумы беларусаў. Упершыню невядомы звер, які забівае і выпівае кроў свойскіх жывёл і птушак, з'явіўся ў невялікім дачным кааператыве пад Гомелем.

Відавочцы расказвалі пра таямнічую істоту з чырвонымі вачыма, якая забіла ўсіх трусоў у наваколлі і выпіла іх кроў.

"Фотаробат" гомельскай чупакабры

На целах дзвюх з паловай сотняў трусоў былі ўкусы ў выглядзе чатырох буйных адтулін. Некалькі чалавек нібыта бачылі ў ваколіцах "пачвару" ростам каля 150 сантыметраў, што перамяшчалася на задніх лапах: "Ногі падобныя на страусавыя, але ўнізе з капытамі. Галава нагадвае сабачую, з пашчы тырчаць вялікія зубы. Шэрсць касмылямі шэра-рыжай афарбоўкі. Вочы ноччу паблісквалі чырвоным", — расказвала моладзь, якая нібыта бачыла чупакабру.

Тады ж, у кастрычніку 2011 года, у лясах пад Лідай знайшлі труп адной з чупакабраў. Аднак сенсацыі не атрымалася. Спецыялісты, вывучыўшы фатаграфіі лідскай чупакабры, пастанавілі — гэта звычайная лісіца.

Але гэтая гісторыя не атрымала шырокага распаўсюджвання, так і застаўшыся на ўзроўні рэгіянальнай байкі. А чупакабра тады, падобна, толькі рассмакавала кроў.

 

Медыйная вядомасць. Старобін, Салігорскі раён, 2012 год

У кастрычніку 2012 года невядомая "пачвара" добра прарэдзіла пагалоўе свойскіх жывёл у Старобіне ў Салігорскім раёне. У пасёлку з насельніцтвам каля 6 тысяч чалавек начамі чупакабра займалася знішчэннем курэй, трусоў і качак. Забойца жорстка распраўлялася і з вясковымі катамі. Ноччу людзі баяліся выходзіць на двор.

Драпежнік нападаў на свойскіх жывёл, выпіваў у іх кроў і пакідаў нежывое цела ахвяры. У адной з гаспадарак жывёла праламала дзверы хлява і напала на свіней. Спачатку жыхары мястэчка спрабавалі спісаць усё на выхадкі тхароў або шалёнай лісы, але сляды ад іклоў на дзверах былі занадта вялікія.

Некалькі мясцовых жыхароў здалёку паспелі разгледзець жывёлу: аказалася, што ў чупакабры чорная гладкая шэрсць, тры нагі і ростам яна з чалавека.

І вось тут пісаць пра гэты выпадак пачалі ўсё. Дзяржаўныя тэлеканалы выпускаюць сюжэты пра выхадкі "таямнічага звера" ў Старобіне. Для злову невядомага звера ў пасёлку арганізавана начное дзяжурства, створана дзяржаўная камісія. У яе складзе следчыя, паляўнічыя і ветэрынары.

Такая ўвага да "міфічнай" істоты пачынае выклікаць у людзей пытанні. "Наша Ніва" заўважае, што мінулы раз таямнічы звер з'явіўся, калі курс рубля знізіўся да 8 тысяч. А што цяпер? Пісьменнік Віктар Марціновіч на сайце "Свабоды" разважае: "Не я першы заўважыў простую ўзаемасувязь паміж з'яўленнем чупакабры ў эфіры асноўных тэлеканалаў і станам з валютай, крэдытнымі стаўкамі, масавым прадчуваннем хуткай дэвальвацыі. Мінулы раз нацыю палохалі чупакабрай у траўні 2011 года, калі долар ужо вагаўся, але яшчэ не дасягаў 8000 рублёў. Тады чупакабра з'явілася на Гомельшчыне і смактала кроў не з курэй, а з трусоў. Але ўсе астатнія прыкметы вельмі падобныя — чырвоныя вочы, капыты, агульнае раздражненне і намер падарваць асновы і спакой у Рэспубліцы Беларусь".

У тым жа верасні 2012 года ў вёсцы Стаі Лепельскага раёна таксама арудаваў "невядомы звер", які з асаблівай лютасцю распраўляўся са свойскімі жывёламі. Мясцовыя жыхары адной раніцай выявілі на сваім падворку 64 задушаныя трусы. Ляжалі тыя не ўроскід, а акуратна складзеныя ў кучу. А ў лістападзе з'явілася навіна пра зверствы чупакабры ў вёсцы Бабровічы Валожынскага раёна. Але гэтыя гісторыі не атрымалі шырокага распаўсюджвання.

А гісторыя са "старобінскай чупакабрай" у 2012 годзе скончылася нічым. Яе так і не злавілі. Насмактаўшыся курынай крыві, знікла назаўжды.

 

Першы труп. Пруднікі, Докшыцкі раён, 2013 год

У ліпені 2013 года ў Докшыцкім раёне работнікі мясцовай фермы забілі невядомую жывёлу, якая нападала на кароў і цялят. Адну застрэлілі, яшчэ двое звяроў паспелі ўцячы. Хтосьці нават паспеў правесці паралель з чупакабрай са Старобіна.

Чупакабра з Пруднікаў

Труп "чупакабры" даставілі на ветстанцыю. Ветэрынарныя дактары, егеры і паляўнічыя прыйшлі да высновы, што чупакабра — усяго толькі юны янотападобны сабака.

 

Чупакабра адчула смак. Беларусь, 2013 – 2018

Наступныя пяць гадоў у Беларусі раз-пораз з'яўляліся навіны пра зверствы чупакабры. Не менш за 10 выпадкаў апісвала рэспубліканская і раённая прэса. Таямнічага звера, які арудаваў на сельскіх падворках, заўважалі на Слонімшчыне, на Мядзельшчыне, на Мазыршчыне, у Ганцавічах, Калінкавічах, у Пухавіцкім раёне, у Івянцы і Бярозе. Усюды адно і тое: звер урываўся ў куратнікі або адчыняў клеткі з трусамі, душыў іх, піў кроў, разрываў на часткі ці складаў у кучы.

Мясцовыя ўлады штораз ва ўсім вінавацілі ліс, рысяў, расамах, ашалелых янотападобных сабак.

У жніўні 2018 года ў пасёлку Дзераўная Слонімскага раёна з’явілася чарговая чупакабра. У аднаго з мясцовых жыхароў невядомы звер разарваў дваровага сабаку Пушка на дзве часткі, пакінуўшы галаву з ашыйнікам на ланцугу і пацягнуўшы іншую частку тулава кудысьці з сабой. Яшчэ аднаму суседскаму сабаку таксама дасталося: галава, ногі і тулава жывёлы былі моцна пакусаныя і падрапаныя. І гэта не адзіныя выпадкі, але, у адрозненне ад нападаў чупакабры ў іншых раёнах, тут птушкі і трусы не пацярпелі. Звер мэтанакіравана знішчаў сабак і катоў.

Мясцовыя ўлады нават аб'явілі ўзнагароду за галаву чупакабры — 500 рублёў. Паляўнічыя і егеры пацягнуліся на Мядзельшчыну па ўзнагароду. Гісторыя скончылася бясслаўна як для чупакабры, так і для паляўнічых. У пачатку кастрычніка мясцовы паляўнічы падстрэліў вялікага сабаку, прыняўшы яго за чупакабру. Сабака аказаўся свойскім, ён належаў мясцоваму жыхару. У тую ноч ён яго не прывязваў а раніцай заўважыў, што сабака не вярнуўся. Гаспадар адмаўляў дачыненне сабакі да нападаў на іншых сабак, маўляў, у тыя ночы яго гадаванец быў на прывязі.

Забіты чупакабрай сабака Пушок з вёскі Дзераўная

Нягледзячы на ​​застрэленага сабаку, паляўнічыя на чупакабру працягвалі ладзіць аблавы ў надзеі на тое, што звер трапіць у пастку. Але выніку яны не прынеслі. А чупакабра зноўку знікла.

 

Больш чупакабраў, крыважэрных і страшных! 2019 год

За лета 2019 года "чупакабры" ўжо тройчы з’яўляліся ў розных раёнах Беларусі. Спярша ў чэрвені ў Лунінцы хтосьці піў кроў курэй, а тых, у каго не змог выпіць, душыў. Праўда, там неўзабаве ветэрынарныя службы запэўнілі, што гэта арудуе тхор. На некалькіх падворках адзін ці некалькі з іх задушылі некалькі дзясяткаў курэй і напіліся іх крыві.

У ліпені чупакабра з’явілася на Піншчыне, у вёсцы Любель. Невядомая жывёла ноччу прыходзіць ці то з балота, ці то з лесу і нападае на птушак і жывёл. Драпежнік прабіраецца праз металічную сетку, прагрызае дошкі, робіць падкопы. У расстаўленыя пасткі трапілася куніца, але напады не спыніліся. Больш за дзясятак гаспадарак пацярпелі ад інтрыг "начнога паляўнічага". Дзве аналагічныя сітуацыі таксама адбыліся на хутарах паблізу Любеля і ў Баярах. Мясцовыя жыхары баяцца ноччу на вуліцу выходзіць, трымаюць святло заўсёды ўключаным, а хтосьці нават уключае музыку на поўную гучнасць у надзеі, што гэта адпудзіць звера.

Жыхары вёсачкі Слабодка Гушчынская на Ушаччыне таксама пацярпелі ад нападаў чупакабры. У выніку адна з вылазак звера скончылася для яго смерцю. Мясцовы жыхар падпільнаваў жывёлу і забіў яго паленам. Звер здзіўляў сваім выглядам: голы хвост, пярэднія лапы карацейшыя за заднія, сам практычна без шэрсці, згорбленае тулава. Памерам з лісіцу або сабаку. На мясцовай ветстанцыі па фатаграфіях адразу вызначылі, што гэта янот.

"Ужо немаладая асобіна і да таго ж хворая на лішай — праз яго практычна цалкам адсутнічае шэрсць на целе і янот мае такі непрыгожы і незвычайны выгляд", — расказала выданню "Патрыёт" начальніца райветстанцыі Вольга Сінякова. Яна лічыць, што да чалавечага жытла хворага звера пагнаў голад: "Яноты ў гэтую пару года актыўна адпасваюцца перад зімоўкай. А гэты з-за ўзросту і хваробы, хутчэй за ўсё, не мог хадзiць на паляванне ў натуральных умовах, таму і напаў на курэй у загоне".

За апошнія 8 гадоў чупакабра не менш за 20 разоў з'яўлялася ў самай рознай прэсе. Гісторыі з яе з'яўленнем асвятлялі буйныя дзяржаўныя каналы і рэспубліканскія выданні. Да абсмоктвання чупакабры падключыліся і незалежныя СМІ. Вядома, і да з'яўлення "мексіканскага монстра" былі напады на курэй і трусоў, але цяпер гэта заварочваецца ў кідкую і запамінальную абгортку "чупакабры". Удалы медыйны штамп, які лаканічна аб'яднаў усе выпадкі таямнічых начных нападаў на свойскіх жывёл.

Можна пусціцца ў канспіралогію і лічыць, што гэта спроба ўладаў адцягнуць увагу беларусаў ад надзённых праблем, падсунуўшы ім гучную медыйную гісторыю. Але наўрад. З таго часу як чупакабры атабарылася ў нашых навінавых стужках, эканамічная сітуацыя ў краіне не палепшала. Усё рэальнейшай становіцца пагроза суверэнітэту з боку Расіі. І што, ці адцягвае чупакабра ад гэтага хоць чыю-небудзь увагу?

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.