Вы тут

Фемтэх, сэдфішынг, нанаінфлюэнсер: топ-10 слоў 2019 года

Ілюстрацыйнае фота

Неўзабаве найбуйнейшыя слоўнікі англійскай мовы выберуць тыя словы, якія лепш за ўсё характарызуюць 2019 год. Летась гэта былі toxic (атрутны, таксічны) ад Оксфардскага слоўніка англійскай мовы, justice (правасуддзе) ад слоўніка Мэрыям-Вэбстэр і metoo (я таксама) ад слоўніка Макуоры. Выданне The Guardian вырашыла не чакаць "афіцыйных" выбараў і склала топ-10 слоў, якія вызначылі 2019 год.

People (народ)

Старое і звыклае слова, якое сталі выкарыстоўваць часам зусім цынічна і, прабачце за таўталогію, з папулісцкімі мэтамі. Як правіла — калі хочуць паказаць супрацьстаянне ("народ супраць урада") або прадэманстраваць уласную прыхільнасць да безаблічнай абстракцыі — "народа". Напрыклад, прыхільнікі Brexit пастаянна спасылаюцца на "волю" народа", прыпадабняючы нацыю чалавеку з яго жаданнямі і матывамі. А іх апаненты агітуюць за "голас народа". 

The Guardian: "У Брытаніі мы нервова чакаем выбараў "народ супраць парламента" з Борысам Джонсанам, які імкнецца паказаць сябраў парламента, якія выступаюць супраць яго стратэгіі, як антыдэмакратаў, чые погляды разыходзяцца з настроем народа".

Femtech (інвеставанне ў тэхналогій для жанчын)

Культура стартапаў не заўсёды была гасцінным месцам для жанчын, таму ідэя femtech [інвеставання ў тэхналогіі для жанчын. — Еўрарадыё] можа здацца глытком свежага паветра. Інвестыцыі ў лічбавыя тэхналогіі, прызначаныя для паляпшэння здароўя і дабрабыту жанчын, такія як Bluetooth-прылады для трэніроўкі малога таза або праграмы для фертыльнасці, няўхільна распаўсюджваюцца.

Аднак тэрмін аказаўся супярэчлівым: "Сардэчна запрашаем у свет тэхналагічных дасягненняў XXI стагоддзя, дзе інавацыі даюць нам магчымасць правакаваць цалкам традыцыйныя дурныя сексісцкія рознагалоссі", — піша Алівія Голдхіл з Quartz. "Добрае пытанне: чаму прадукты, прызначаныя для паловы насельніцтва, лічацца нішавымі?" — піша The Guardian.

Sadfishing (лоўля на смутак)

Інтэрнэт літаральна завалены сумнымі гісторыямі людзей, якія выкарыстоўваюць свае эмацыянальныя праблемы і няўдачы, каб прыцягнуць да сябе аўдыторыю і ўвагу.

The Guardian: "Тэрмін годна заняў сваё месца побач з blackfishing [публікацыя здымкаў з макіяжам, каб здавалася, быццам у цябе ёсць афрыканскія, арабскія ці іспанамоўныя карані. — Еўрарадыё] і catfishing [феномен, калі людзі фабрыкуюць асобу ў інтэрнэце, каб падманваць людзей у эмацыянальных або рамантычных адносінах на працягу доўгага перыяду часу. — Еўрарадыё]".

Opioid (апіёід)

Сінтэтычны аналаг апіятаў, які ў сотню разоў мацнейшы за прыродныя апіяты накшталт марфіну.

"Перадазіроўкі са смяротным зыходам у цяперашні час адбываюцца з хуткасцю 130 чалавек у дзень, што робіць "апіёідны крызіс" ці "апіёідную эпідэмію" вялікім сучасным крызісам грамадскай аховы здароўя ЗША", — расказвае The Guardian.

Pronoun (займеннік)

У 2019 годзе гэтае слова сталі часта выкарыстоўваць не толькі для абазначэння часціны мовы, але і як сцверджанне ўласнага гендарнага статусу. Займеннік стаў прыкметай новай гендарнай палітыкі: цяпер няма нічога незвычайнага ў тым, каб бачыць заўвагу "ён/яго (яна/яе)" у профілях сацыяльных сетак і побач з іншай асабістай інфармацыяй. Гэта падказвае, з якім гендарам сябе ідэнтыфікуе чалавек і як да яго трэба звяртацца.

У самым апошнім выданні “Чыкагскага стылістычнага даведніка” гаворыцца: "Калі гаворка ідзе канкрэтна пра чалавека, які не ідэнтыфікуе сябе з пэўным полам, займеннік "яны" і яго формы часта з'яўляюцца пажаданымі".

 

Woke (адчувальнасць да сацыяльнай несправядлівасці)

У Оксфардскім слоўніку англійскай мовы гаворыцца, што гэта "небяспека расавай або сацыяльнай дыскрымінацыі і несправядлівасці". Цяпер пад woke-культурай разумеецца падвышаная адчувальнасць людзей да рознага роду "сацыяльнай несправядлівасці", у пералік якіх часцяком уваходзіць і гумар на мяжы. І што робіць гэтае слова актуальным і важным у 2019 годзе?

The Guardian: "Woke-культура стала мэйнстрымам і зазнала дзіўную трансфармацыю. У канцы 2018 года афраамерыканскі тэлевядучы Сэм Сандэрс выступіў з заклікам "ўсыпіць таго, хто прачнуўся" (to put woke to sleep). Ён сцвярджаў, што любая аўтэнтычнасць, якую ён калісьці меў, была страчана з-за празмернага выкарыстання белымі лібераламі".

Гэта прывяло да таго, што кампаніі, якія хочуць зарабіць на сваёй прагрэсіўнасці, сталі цынічна нажывацца на ідэалізме людзей і выкарыстоўваць "прагрэсіўна арыентаваныя" маркетынгавыя кампаніі.

Nanoinfluencer (нанаінфлюэнсер)

Замест знакамітасцяў з мільёнамі падпісчыкаў брэнды і наогул карыстальнікі раптам пачалі звяртаць увагу на тых, у каго падпісчыкаў менш, але чые падпісчыкі з вялікім даверам ставяцца да іх слоў.

"Нанаінфлюэнсер — той, у каго, можа, тысяча, а то і менш падпісчыкаў. Мяркуецца, што яны падобныя на нас з вамі і іх адабрэнне абыходзіцца танней для брэндаў. — тлумачыць The Guardian. — Паколькі лічбавая эканоміка пранікае ўсё глыбей, некаторыя людзі, якіх вы ведаеце, могуць ужо трапляць у гэтую катэгорыю: магчыма, налета гэта будзеце ўжо вы".

Cancelled (ануляванне значнасці)

Знакамітасці і грамадскія дзеячы пачалі баяцца, што людзі іх разлюбяць ці пачнуць бэсціць з нагоды і без за іх словы і дзеянні. Яны баяцца апынуцца ў "кошыку жаласных" [словы Хілары Клінтан, якія абазначаюць прыхільнікаў Трампа. — Еўрарадыё] пасля інтэрнэт-лінчавання мільёнамі незнаёмцаў.

The Guardian: "Выкупленне можа быць дасягнута толькі з дапамогай рэабілітацыі, у ідэале ў некалькі раўндаў, пра што сатырычна расказвае Лолі Адэфоп у кароткаметражным камедыйным фільме BBC гэтага года "Выбачайце". Там уладная акторка на мяжы суперзоркі губляе ўсё пасля таго, як людзі звяртаюць увагу на яе твіт 12-гадовай даўніны".

Crisis (крызіс)

Усё часцей здаецца, што жыхары Зямлі пачатку XXI стагоддзя ўсё ж такі могуць застаць "канец свету". Ад экалагічных праблем, палітычных ці эканамічных. Наш час вызначаецца пагаршэннем умоў да надзвычайнага становішча.

"Сёлета брытанскія і амерыканскія канстытуцыйныя крызісы дамінавалі ў навінах, але значна большая катастрофа, кліматычны крызіс, стала здавацца ўсё больш і больш рэальнай, — тлумачыць The Guardian. — У першых тэкстах "крызіс" азначаў "паваротны момант у хваробе, гэта значыць змену, якая паказвае на выздараўленне або смерць". Яшчэ невядома, па якім шляху пойдзе наш уласны крызіс".

 

Prorogue (адкладаць, пакідаць на потым)

Для Брытаніі зараз гэта вельмі важнае слова, прабачым The Guardian лакалізацыю гэтага спісу і іх "завязанасць" на сваім рэгіёне. Бо брытанскі ўрад увесь год адкладваў перамовы па здзелцы з выхадам з Еўрасаюза і, уласна, брэкзіт.

"Гэта важная частка рыпучага апарату брытанскай Канстытуцыі, слова адносіцца да акта заканчэння парламенцкай сесіі. Урад Джонсана, у вобразе "вампіра" Джэйкаба Рыс-Мога [лідар палаты абшчын. — Еўрарадыё], сказаў каралеве, што праца парламента павінна быць прыпыненая, і яна выканала гэта. Але, як сказаў на заканчэнне Вярхоўны Суд, гэта рашэнне было незаконным. Калі парламентарыі зноў увайшлі ў залу 25 верасня, адзіным следам прыпынення быў адбітак гэтага змрочнага слова", — расказвае Guardian.

 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.