ФБР цікавілася нападнікам на гей-клуб у Фларыдзе з 2013 года

ФБР цікавілася нападнікам на гей-клуб у Фларыдзе з 2013 года

Федэральнае бюро расследаванняў ЗША паведаміла, што Амар Мацін, які зладзіў бойню ў начным гей-клубе Pulse у Арланда, быў адзначаны імі яшчэ ў 2013 годзе, перадае Бі-Бі-Сі.

Агент ФБР Рональд Хопер паведаміў, што ў 2013 годзе на Маціна звярнулі ўвагу, калі ён "дапусціў рэзкія каментары ў размове са сваімі калегамі па працы, заявіўшы пра нібыта наяўныя ў яго сувязі з тэрарыстамі". Але хоць тады ФБР узяло мужчыну пад назіранне, але даказаць яго сувязі з тэрарыстамі не змагло. Таму расследаванне спынілі.

Потым ФБР правярала Маціна яшчэ раз — ці не было ў яго сувязяў са смяротнікам Абу Салахам, які нарадзіўся ў ЗША. Тады агенты прыйшлі да высновы, што ніякай пагрозы ад Маціна няма.

Пільная ўвага з боку ФБР не перашкодзіла Маціну мець дазвол на зброю. Як выявілася, ён працаваў у ахоўным агенцтве.

Як паведамлялася раней, мужчына зладзіў страляніну ў начным гей-клубе Pulse ў Арланда. Пры гэтым загінулі 50 чалавек, яшчэ 53 атрымалі раненні. 29-гадовы нападнік быў застрэлены спецназам падчас штурму.

Бацька нападніка Мір Сэдык у інтэрв'ю тэлекампаніі NBC паведаміў, што напад не быў звязаны з рэлігійнымі матывамі. Ён мяркуе, што яго сына да такіх дзеянняў магла падштурхнуць нецярпімасць да геяў.

Па дадзеных NBC, перад нападам Мацін затэлефанаваў у службу выратавання і заявіў пра сваю прыналежнасць да экстрэмісцкай групоўкі "Ісламская дзяржава".

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі