Фанат, асуджаны за "Пагоню": На відэа было паказана, як мы разглядалі шалік

Фанат, асуджаны за "Пагоню": На відэа было паказана, як мы разглядалі шалік

Футбольныя заўзятары, асуджаныя за шалікі з нацыянальным гербам "Пагоня", распавялі сайту belultras.by падрабязнасці інцыдэнту.

Нагадаем, што трох фанатаў затрымалі 12 кастрычніка на матчы зборных Беларусі і Македоніі. Ноч яны правялі ў Барысаўскім РАУС, а 13 кастрычніка іх аштрафавалі — на 1,8 млн рублёў кожнага. Пры гэтым міліцыянты заявілі, што затрымалі заўзятараў не за шалікі з сімволікай, а за нецэнзурную лаянку і непадпарадкаванне.

Але аштрафаваны Віталь Будзько абвяргае словы міліцыянтаў: "На відэа, якое глядзелі ў судзе, усё паказана: мы разглядалі шалік. Супрацоўнікі міліцыі мне сказалі: пройдзем, каб усталяваць асобу. Але ў мяне быў пашпарт, і я паказаў яго. Тады яны вырашылі дзейнічаць інакш".

Тое ж самае распавёў і Зміцер Хведарук: "Амапаўцы некалькі хвілін пераконвалі і пагражалі: калі не здымем іх — будзе гора. Мы адмовіліся здымаць сімволіку, па выніках апынулася, што лаяліся матам і кідаліся на зямлю, размахвалі рукамі і г.д. У пастарунку некалькі афіцэраў казалі, што такія як мы ганьбім краіну, што з-за нас пачнецца, як ва Ўкраіне паяданне дзяцей".

Па словах Хведарука, на судзе міліцыянты блыталіся ў паказаннях: "Цягам судовага пасяджэння стала відавочна, што амапаўцы ілжэсьведчаць, блытаюцца ў паказаннях і "нічога не памятаюць", бо тыдзень працавалі на выбарах".

Заўзятар заявіў, што плануе абскарджваць прысуд і скардзіцца на ўмовы ўтрымання. У Барысаве іх трымалі ў камеры без адной шыбы ў акне, там было халодна і дзьмуў моцны скразняк. Таксама, кажа Хведарук, затрыманых амаль 24 гадзіны трымалі без пітной вады

На фота belultras.by — Віталь Будзько

 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі