Вы тут

FaceApp: старасць у радасць ці дапамога спецслужбам сачыць за намі доўгія гады?

meme-arsenal.com

Другі тыдзень запар карыстальнікі сацсетак забаўляюцца з праграмкай па старэнні FaceApp. Пераапрацаваныя здымкі з выявамі твараў знакамітых ды звычайных людзей ператварылі фрэндстужку ў “дом састарэлых” — менавіта так над з’явай жартуюць у каментарыях. Але не варта думаць, што такія праграмкі ствараюцца толькі дзеля нашай забавы. 

Спецыяліст па інфармацыйнай бяспецы: усталёўваць праграму на свой дэвайс мне “забараняе рэлігія”

“Наколькі мне вядома, праграма FaceApp працуе такім чынам, што неабходна туды загрузіць ужо гатовы фотаздымак або даць доступ да камеры, якая дазволіць  зрабіць яго ўнутры праграмы, — распавядае Еўрарадыё спецыяліст па інфармацыйнай бяспецы Ілья Петравец. — Як па мне, самае непрыемнае заключаецца ў тым, што мы не ведаем, што далей з гэтымі здымкамі адбываецца і як яны будуць выкарыстаны. Не выключана, што яны трапляюць у нейкую агульную базу, з дапамогай якой нас можна будзе ідэнтыфікаваць у будучыні. Таму што мы з вялікай доляй імавернасці, калі дажывём, будзем выглядаць менавіта так, як на гэтых апрацаваных фотаздымках. Там працуюць якасныя алгарытмы, якія з кожным годам паляпшаюцца”.

standard.co.uk

“Ад пачатку FaceApp — гэта праект расійскага праграміста, — каментуе сітуацыю юрыст у сферы лічбавых правоў Аляксей Казлюк. — Гэта самае першае, на што трэба звярнуць увагу, таму што ў Расіі не вельмі добра ідуць справы з абаронай персанальных даных. На сайце стартапа FaceApp няма ніякіх згадак пра тое, каму мы перадаём свае даныя. Мяне, як юрыста, гэта насцярожвае. Гэтую інфармацыю карыстальнікі павінны ведаць. Там пазначаны нейкі каліфарнійскі офіс, адрас уласнага распрацоўшчыка. Пра трансгранічную перадачу даных там зусім нічога не гаворыцца, хоць распрацоўка ў любым выпадку адбываецца не ў Каліфорніі. Атрымліваецца, што, калі раптам нешта здарыцца, будзе вельмі складана нешта прад’явіць”. 

Аляксей тлумачыць, што сэрвісы тыпу FaceApp працуюць з нейрасеткамі і ствараюцца, каб адпрацаваць сістэму распазнавання і мадэфікацыі твараў. Па яго словах, гэта можна выкарыстоўваць у розных індустрыях, таму сітуацыя такая: спачатку распрацоўваецца тэхналогія, пасля яе прадаюць. У якасці прыкладу юрыст згадвае беларускую праграму MSQRD, якая змяняла твары на маскі. На яго думку, Facebook набыў яе, каб распрацоўваць уласныя сэрвісы і іх манетызаваць. 

 

pikabu.ru

“Тое самае можа быць і з FaceApp, — лічыць юрыст. —  Асаблівасць усіх гэтых нейрасетак у тым, што яны вучацца на даных. Але дзе іх узяць? У ЕС ды ў ЗША ёсць пэўнае рэгуляванне таго, якія карцінкі можна браць, а якія не. Гэта рэгулюецца, таму стартапам больш-менш цяжка карыстацца сырымі данымі дзеля таго, каб трэніраваць свае алгарытмы. А тут мы фактычна самі іх даём. Трэба разумець, што ўсе карцінкі, якія мы загружаем, пасля нікуды не выдаляюцца. Яны застаюцца ў гэтай базе даных, і на іх аснове гэтыя алгарытмы паляпшаюцца. Выкарыстоўвацца гэта можа як заўгодна. Галоўнае пытанне — што будзе з данымі, калі тэхналогію прададуць, і, хутчэй за ўсё, з гэтай базай”. 

Што рабіць, калі вы карысталіся праграмамі тыпу FaceApp і зараз запараноілі?

По словах Аляксея, у ідэальным свеце карыстальнікі заўсёды маюць права звярнуцца да распрацоўшчыкаў, каб тыя выдалілі з базы персанальную інфармацыю. Звычайна, калі прыходзіць адказ, што яна выдалена, то гэта сапраўды так. У ЕС, калі стартап правяраюць і аказваецца, што распрацоўшчыкі падманулі, іх могуць пакараць штрафам да 20 мільёнаў еўра. Таксама могуць быць праблемы падчас продажу праграмы, калі высветліцца, што яна мае базу даных, на якую няма згоды ад карыстальнікаў. 

“Калі казаць пра неідэальны свет, у якім мы жывём, ды пра стартап з незразумелымі каліфарнійска-расійскімі каранямі, то гэта ніяк не праверыш, — папярэджвае Аляксей. —  Таму ім, канешне, можна карыстацца, але на сваю рызыку”. 

***

Да гэтага часу ў Беларусі няма закона, які б кантраляваў адносіны ў інтэрнэце, у тым ліку пра згоду ці забарону апрацоўкі нашых персанальных даных. Пакуль іх больш-менш абараняюць “Агульны рэгламент абароны персанальных даных ЕС”, законы суседніх дзяржаў, а таксама палітыкі прыватнасці буйных глабальных сэрвісаў. У чэрвені ў першым чытанні дэпутаты прынялі закон “Аб персанальных даных”. Калі яго ўхваляць у другім чытанні, праз год ён можа ўступіць у сілу, што дапаможа беларускім карыстальнікам сэрвісаў абараняць свае правы на мясцовым узроўні.