Эвакуацыя з Марыупаля і Джолі ва Львове — 68-я раніца вайны

Эвакуацыя мірных жыхароў з тэрыторыі завода "Азоўсталь" праходзіць пры падтрымцы ААН і Чырвонага Крыжа / Reuters
Эвакуацыя мірных жыхароў з тэрыторыі завода "Азоўсталь" праходзіць пры падтрымцы ААН і Чырвонага Крыжа / Reuters

У Марыупалі сёння павінна працягнуцца эвакуацыя грамадзянскіх на падкантрольную Украіне тэрыторыю. Яна арганізавана пры падтрымцы ААН і Чырвонага Крыжа. Узгоднены два месцы, дзе людзей будуць чакаць аўтобусы. Пра гэта піша "Громадське" са спасылкай на прэс-службу Марыупальскага гарадскога савета.

"Калі ў вас засталіся сваякі ці знаёмыя там, старайцеся звязацца з імі і перадаць інфармацыю аб магчымай эвакуацыі", — заклікалі ў гарсавеце.

Напярэдадні ў Марыупалі пачалася эвакуацыя мірных жыхароў з "Азоўсталі", дзе яшчэ трымаюць абарону ўкраінскія вайскоўцы. Атрымалася вывезці каля ста чалавек.

Па-ранейшаму захоўваецца пагроза расійскіх ракетных удараў з тэрыторыі Беларусі, канстатуюць у Генштабе УСУ. Там таксама адзначаюць, што расійскія войскі працягваюць наступаць ў напрамках Ізюм-Барвянкова і Ізюм-Славянск, а таксама практычна па ўсёй лініі судакранання на Данецкам кірунку. Гаварыцца пра наступ на Севераданецк і баі на Ліманскім кірунку. На Паўднёвабугскім кірунку расіяне "спрабуюць выйсці на адміністрацыйную мяжу Херсонскай вобласці, шукаюць слабыя месцы ў абароне Украіны", адзначаюць у Генштабе УСУ.

Эвакуация из Мариуполя и Джоли во Львове — 68-е утро войны
У Луганскай вобласці за суткі ў выніку абстрэлаў разбураныя 28 дамоў / @luhanskaVTSA

У Луганскай вобласці ўчора загінулі тры чалавекі, яшчэ трое атрымалі раненні. Пра гэта піша кіраўнік рэгіёну Сяргей Гайдай. Сярод пацярпелых —  12-гадовы хлопчык з горада Залатое, яго параніла падчас абстрэлу. Гайдай піша, што гэта былі "звышцяжкія суткі", і яшчэ, што "магутныя працяглыя абстрэлы перашкодзілі паўнавартаснай эвакуацыі".

Яшчэ 4 чатыры мірных жыхара загінулі ўчора ў Данецкай вобласці — усе ў горадзе Ліман. Яшчэ 11 чалавек, з іх сямёра ў Лімане, атрымалі раненні. Пра гэта распавядае кіраўнік рэгіёну Павел Кірыленка. Усяго з пачатку вайны ў Данецкай вобласці загінулі 290 мірных жыхароў і яшчэ 903 —  атрымалі раненні. Але і гэта недакладныя дадзеныя. Кірыленка нагадаў, што пакуль немагчыма ўсталяваць дакладны лік ахвяр у Марыупалі і Валнавахе.

Эвакуация из Мариуполя и Джоли во Львове — 68-е утро войны
З пачатку вайны ў Данецкай вобласці загінулі 290 мірных жыхароў / facebook.com/pavlokyrylenko.donoda

Выбухі былі чутныя сёння ноччу і ў расійскім Белгарадзе. Зноў. На мінулым тыдні тут згарэлі некалькі аб'ектаў, у тым ліку склад боепрыпасаў.

"30 хвілін таму прачнуўся ад двух моцных выбухаў. Паводле інфармацыі аператыўнага штаба, пашкоджанняў і разбурэнняў няма. Пацярпелых няма. Ужо з'явіліся ў сацыяльных сетках кадры аб успышках у небе", напісаў у сваім тэлеграм-канале губернатар рэгіёну Вячаслаў Гладкоў.

Тым часам міністр замежных спраў Расіі Сяргей Лаўроў заявіў, што ў Масквы няма планаў перамагчы ў вайне да 9 траўня.

"Нашы вайскоўцы не будуць штучна падганяць свае дзеянні пад нейкую дату, у прыватнасці пад Дзень Перамогі",  — сказаў ён. Паводле яго слоў, тэмпы наступлення расійскай арміі залежаць "ад неабходнасці мінімізаваць любыя рызыкі для грамадзянскіх і расійскіх вайскоўцаў".

Ва Украіне сабралі больш за 25 тысяч подпісаў пад петыцыяй пра ўвядзенне візавага рэжыму для грамадзян Расіі. Цяпер гэтую ініцыятыву павінен разгледзець прэзідэнт, пра гэта распавядае "Громадське"

У парламент ЗША ўнесена рэзалюцыя аб выкарыстанні Узброеных сілы краіны ва Украіне ў выпадку эскалацыі агрэсіі Расіі. Аўтар ідэі — член Палаты прадстаўнікоў (ніжняй палаты Кангрэсу) Адам Кінзінгер. Ён прапануе дапусціць выкарыстанне ваеннай сілы ЗША для абароны саюзнікаў, калі Расія выкарыстоўвае хімічную, біялагічную або ядзерную зброю супраць Украіны. Дакумент яшчэ павінны разгледзець абедзве палаты амерыканскага парламента, а затым ухваліць або адхіліць прэзідэнт ЗША.

Ва ўкраінскіх партах апынуліся заблакаваныя амаль 4,5 мільёна тон збожжа, паведамляе "Громадське" са спасылкай на прадстаўніка Сусветнай харчовай праграмы ААН Марціна Фрыка. Парты зачыненыя, і адпаведна няма магчымасці экспартаваць збожжа. Да пачатку вайны, нагадаем, Украіна была адным з найбуйнейшых у свеце пастаўшчыкоў пшаніцы і кукурузы.

Ва Львоў у гэтыя выхадныя прыехала актрыса і пасол добрай волі ААН Анджэліна Джолі. Напярэдадні ёй нават прыйшлося ўцякаць пад гукі паветранай трывогі ў сховішча. Яна ўжо наведала дзяцей у  рэабілітацыйным цэнтры у горадзе Барыслаў пад Львовам, прывезла ім падарункі.

Эвакуация из Мариуполя и Джоли во Львове — 68-е утро войны
Анджэліна Джолі ў рэабілітацыйным цэнтры для дзяцей у горадзе Барыслаў Львоўскай вобласці / facebook.com/boryslavrada

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі